З БДУ звальняюць за грамадзянскую пазіцыю дацэнта Аляксандра Данілевіча

Пасля 20 год працы ў БДУ звальняюць за грамадзянскую пазіцыю выкладчыкана факультэта міжнародных адносін Аляксандра Данілевіча. Пра гэта Аляксандр паведаміў у сваім акаўнце ў Інстаграме.


103.jpg

«БДУ звальняе мяне з-за грамадзянскай пазіцыі, не працягвае кантракт, нават не тлумачачы, чаму. Я аддаў універсітэту 20 цікавых год свайго жыцця. Ну што ж, застанецца больш часу на другія справы...», — напісаў Аляксандр.

Па інфармацыі, размешчанай на сайце БДУ, Аляксандр Станіслававіч Данілевіч працуе на факультэце міжнародных адносін з 2003 г. У 2005 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Рашэнне міжнароднага арбітражнага суда», у гэтым жа годзе атрымаў вучонае званне «дацэнт». У 2005 г. уключаны ў рэкамендацыйны спіс арбітраў Міжнароднага арбітражнага суда пры БелГПП, абіраецца арбітрам. Аляксандр Данілевіч — практыкуючы адвакат, член Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Унесены ў міжнародны даведнік Who’s Who Legal у раздзелы «Арбітраж», «Развязанне спрэчак» і «Спорт і забавы».

У 2016 г. прызначаны арбітрам ад Рэспублікі Беларусь у Міжнародным цэнтры па ўрэгуляванні інвестыцыйных спрэчак у г. Нью-Ёрк (МЦУІС).

Уладальнік прыза «Феміда» ў намінацыі «Трацейскі (міжнародны арбітражны) суд» — вышэйшая грамадская юрыдычная ўзнагарода ў Беларусі, заснаваная Беларускім саюзам юрыстаў (2016 г.).

Аўтар шэрагу артыкулаў і манаграфій па пытаннях міжнароднага камерцыйнага арбітражу, міжнароднага прыватнага права і спартыўнага права.

Варта адзначыць, што гэта далёка не першае звальненне за грамадзянскую пазіцыю ў БДУ. Да прыкладу, у 2020-м годзе прафесарка кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта Ала Кожынава ўдзельнічала ў відэазвароце супраць гвалту сілавікоў і хутка была звольненая. Сёлета ў лютым была звольнена прафесарка кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі Наталля Абрашына-Жадаева за падтрымку раней звольненага калегі.