22 сакавiка «Сваё Кіно: любім i глядзім»

22.03.2017 19:00 - 19:00 АРТкiнaтэатр (пр-т Дзяржынскага, 104, ст.м. «Пятроўшчына») 6-7 BYN

22 САКАВІКА ў 19:00 у мінскім «АРТкiнaтэатры» (пр-т Дзяржынскага, 104, ст.м. «Пятроўшчына») у межах праекта «Сваё Кіно: любім i глядзім» адбудзецца паказ праграмы дакументальнага кіно «Жаночы погляд». Фільм Аляксандры Маркавай «Апошняя дата» (2016) і фільм Юліі Ралко «Орша… Мінск… Орша…» (2016).

Праграма «Жаночы погляд» аб’ядноўвае фільмы хутчэй не па гендарным, а па прафесійным прынцыпе. У маладых выпускніц Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў атрымалася раскрыць у сваіх дэбютных працах тое, што не ўдаецца шмат каму з іх старэйшых калег-дакументалістаў. «Жаночы» ў дадзеным выпадку азначае пільны і ўважлівы. Юлія Ралко і Аляксандра Маркава знялі шмат у чым шакуючыя, але незвычайна праўдзівыя работы, якія праект «Сваё Кіно: любім i глядзім» прапануе паглядзець і абмеркаваць 22 сакавіка ў мінскім «АРТкiнaтэатры».

Што такое «Сваё Кіно»?

Праект «Сваё Кіно» – гэта паказы новага беларускага кіно, нетрывіяльнага, якаснага і своеасаблівага, а таксама жывы кантакт, знаёмства і дыскусіі гледачоў з аўтарамі, крытыкамі і героямі карцін.

«Сваё Кіно» – гэта i ігравое, і дакументальнае кіно, і анімацыя. Галоўны прынцып – фільм створаны беларусамі або так ці інакш звязаны з нашай краінай, яе мінулым, сучасным і будучым.

Гэта паказы для ўсіх, каму цікава добрае, займальнае кіно, якое падымае пытанні і асвятляе праблемы. Асноўная мэта праекта «Сваё Кіно» – змяніць стаўленне шырокай публікі да сучаснага беларускага кіно, дапамагчы айчынным аўтарам знайсці свайго гледача, убачыць тэмы і праблемы, цікавыя тут і цяпер.

Паказы праекта «Сваё Кіно» праходзяць штомесяц на працягу ўсяго года ў камфартабельным сучасным кінатэатры. Праект вырашае праблему з выхадам беларускіх фільмаў і іх аўтараў да сваёй публікі.

Вядучы – Антон СIДAРЭНКА, журналіст, кінакрытык, аўтар блога на kinopark.by, заснавальнік кінаклуба «Феномены кіно» ў кінатэатры «Ракета».

 

«АПОШНЯЯ ДАТА»

Беларусь, 2016

Рэжысёр Аляксандра Маркава

Хронаметраж: 29 хвілін                   

Тэма смерці ў мастацтве не новая, але, на жаль, ніколі не перастане быць актуальнай. У дакументальнай стужцы Аляксандры Маркавай пераплятаюцца маналогамі лёсы трох галоўных герояў – манціроўшчык магільных манументаў, праваслаўны святар і знакаміты скульптар. Усіх іх аб’ядноўвае не толькі работа, звязаная з абслугоўваннем культу мёртвых, але i тое, што кожнаму давялося асабіста зазірнуць у вочы смерці.

Філасофскія пытанні, якія ўзнікаюць у фільме, пераклікаюцца з пытаннямі ў рамане «Чорны абеліск» Э.М. Рэмарка. Так, некаторыя героі рамана і паслужылі прататыпамі для з’яўлення гэтага дакументальнага фільма-разважання.

 

Фестывалі і ўзнагароды:

XXIII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» (Мінск)

XXV Міжнародны кінафорум «Залаты Віцязь» (Севастопаль)

Усерасійскі фестываль дакументальных фільмаў «Соль зямлі» (Самара)

Фестываль «Пакроў» (Кіеў)

Трэйлер: https://youtu.be/Qn4ZEBwyumQ

 

Аляксандра Маркава

Нарадзілася 10 снежня 1982 года ў Віцебску. У 1985 годзе разам з бацькамі пераехала ў г. Горкi Магілёўскай вобласці. У 2000-м паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава на спецыяльнасць «скульптура». У 2007 годзе скончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «эканаміст». Вучобу сумяшчала з працай на кафедры міжнародных эканамічных адносін, пазней – з прадпрымальніцкай дзейнасцю. У канцы 2007 года пераехала ў Салігорск па месцы жыхарства мужа. Працавала відэаінжынерам на Салігорскім тэлеканале. У 2011 годзе паступіла ў БДАМ. У 2012 годзе разам з сям’ёй пераехала ў Мінск. Працавала асістэнтам рэжысёра ў Белтэлерадыёкампаніі. У 2016 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію па спецыяльнасці «рэжысёр кіно і тэлебачання». Удзельнік, лаўрэат і дыпламант розных міжнародных кінафестываляў. Член Беларускага саюза кінематаграфістаў.

Крытыкі пра фільм:

«Рэжысёр фільма “Апошняя дата” Аляксандра Маркава звярнулася да самай цяжкай тэмы, якую толькі можна ўявіць, будзь гэта тэма для размовы, для разважання ці мастацкага твора. Тэма смерці. Нават каб проста пазначыць яе, неабходна зрабіць нейкае намаганне над сабой: абыякавых да яе няма і быць не можа. Звон па-ранейшаму гучыць па кожным з нас.

На экране гэтая тэма патрабуе асаблівай далікатнасці: сыход з жыцця і ўсё, што гэтаму спадарожнічае, не трывае ні мітусні, ні пустаслоўя, ні цынізму, ні рамантызацыі. Адзін няправільны крок, адзін фальшывы кадр – і відовішча стане абразлівым, блюзнерскім. Забягаючы наперад, скажу адразу: Аляксандра ў працы над сваім дыпломам не зрабіла ніводнай недаравальнай памылкі. Але гэта сведчанне ў першую чаргу яе чалавечай сталасці, а ўжо потым – творчай заможнасці.

Завочны дыялог – з аўтарам, з гледачом, адзін з адным – вядуць гэтыя вельмі розныя людзі. Яны і кажуць як быццам аб розным. Насамрэч – пра адно. Пра смерць трэба не столькі памятаць, колькі – не забываць.

У фінале стужкі цітр: “Прысвячаецца ўсім, хто смуткуе”. Але адрасуецца ўсім, хто жыве.

У аўтара – сцэнарыста, рэжысёра, аператара і мантажора гэтага фільма Аляксандры Маркавай – былі асістэнты аператара і рэжысёра: Наталля і Сяргей Каразеевы. Але я вазьму на сябе смеласць назваць гэтую дыпломную працу аўтарскім кіно і папрасіць паставіць за яе самы высокі бал». Юлія Ляшко. «На экранах»

 

Фільм «ОРША… МІНСК… ОРША…»

Беларусь, 2016

Рэжысёр Юлія Ралко

Хранаметраж: 45 хвілін

Стужка «Орша… Мінск… Орша…» распавядае пра некалькі дзён з жыцця маладога чалавека, які адпраўляецца са сталіцы ў родны горад наведаць бацькоў і сяброў. Карціна пачынаецца як простая замалёўка, але вельмі хутка ператвараецца ў востры і беспрэцэдэнтны партрэт не толькі пакалення дваццаціпяцігадовых беларусаў, аднагодак незалежнасці, але і ўсяго нашага грамадства ў цэлым.

Трэйлер: https://www.youtube.com/watch?v=9COt4K-Kf7o&feature=youtu.be                     

Юлія Ралко

Нарадзілася 8 кастрычніка 1991 года ў г. Мінску. З 2009 па 2011 вучылася ва Універсітэце культуры і мастацтва. У пачатку другога года навучання патрапіла на курсы мантажу і аператарскага рамяства ў тэлецэнтр пры журфаку БДУ, дзе здымала кароткія навіновыя ролікі. Зачараваная «кухняй» свету тэлебачання і кіно, да канца навучальнага года ў БДУКМ канчаткова зразумела, што не бачыць сябе сярод рэжысёраў масавых вулічных свят. І ў 2011-м паступіла ў БДАМ на факультэт экранных мастацтваў, на кафедру рэжысуры кіно і ТБ у майстэрню да Сяргея Кацьера. Скончыла акадэмію ў 2016 годзе.

Крытыкі пра фільм:

«…Зрабіць дакументальны кінапартрэт сучасніка – справа зусім не простая. У кадры Юліі Ралко (яна ж і аператарка карціны) аказваюцца людзі, што рэдка становяцца героямі на экране…

…Герояў Ралко не назавеш незвычайнымі. Але адлегласць і ракурс, з якога яны паказаны, незабыўна ўражваюць…

…Гэты дакументальны зрэз грамадства аказваецца больш дакладным і бязлітасным, чым дзясяткі журналісцкіх рэпартажаў…

…Фільм паказвае беларускі правінцыйны асяродак знутры, у непарадным, але і не ў алармісцкім ключы. Праўда, безліч табуяванай лексікі і нязмушаныя метафары ў кадры надаюць карціне пэўнае скандальнае адценне…

…Юлія Ралко ставіць задачу адлюстраваць асяродак, а не расстаўляць маральна-сацыяльныя акцэнты…

Паказальна, што аўтарка зняла сваю стужку самастойна, не звяртаючыся па дапамогу ні да дзяржаўных, ні да прыватных кінавытворцаў». Антон Сідарэнка, «Мастацтва»

Паблікі ў сацсетках:

Праект «СВАЁ КІНО»

https://www.facebook.com/gliadzimsvaekino/?fref=nf

Цэнтр «Бягучы чарапаха»

https://www.facebook.com/biagu4y.4arapaXa

Квiткi: 6-7 BYN, bycard.by

Арганізатары і партнёры праекта:

Арткинотеатр, Цэнтр сучаснай культуры «Бягучы Чарапаха»/Running Turtle, Anton Sidorenko, СВАЁ КIНО: Любiм i глядзiм

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся:

Наталля Бружнiк (цэнтр «Бягучы чарапаха») (029) 1422520.

Ганна Самарская (прэса) (029) 6850870.

 


Вам можа быць цікава

Сустрэча «Негвалтоўны антыфашызм» у Варшаве

13.03.2025 (19:00 - 21:00) Беларускі Моладзевы Хаб (Dożynkowa, 6a)

Лаціна ў мінскім планетарыі

13.03.2025 19:00 - 14.03.2025 20:00 планетарый (вул. Фрунзэ, 2)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ