18 сакавіка а 17 гадзіне запрашаем у мастацкую галерэю “Універсітэт культуры” на адкрыццё Другой выставы керамікі “Між рукамі і полымем”. Выстава ініцыявана Грамадскім аб’яднаннем “Гільдыя керамістаў”.
Першая выстава керамікі “Між рукамі і полымем” адбылася ў студзені 2018 года. Яна стала першым мерапрыемствам Грамадскага аб’яднання “Гільдыя керамістаў” і не мела дакладнай тэмы, паколькі адной з асноўных мэт яе было прадставіць гледачу не толькі сучасную кераміку, але і, у першую чаргу, акцэнтаваць увагу на асобах – стваральніках гэтых работ, сярод якіх былі знакамітыя керамісты, выкладчыкі, а таксама і тыя, хто толькі пачынае свой шлях у мастацтве керамікі, хто займаецца керамікай у вольны час.
Другая выстава “Між рукамі і полымем” працягвае з дапамогай прадстаўленых экспанатаў знаёміць гледачоў з керамістамі не толькі як з мастакамі, але і як з асобамі. Сёлета прапанавалі мовай выяўленчых сродкаў керамікі раскрыць тэму “Маскі”, пры гэтым майстры былі вольныя трактаваць яе па сваім меркаванні.
Выставачны праект напоўнены арыгінальнымі работамі майстроў-керамістаў Беларусі, якія ў большасці сваёй былі створаны спецыяльна для гэтай выставы. У экспазіцыі прадстаўлены варыяцыі рытуальных, абрадавых, тэатральных, карнавальных масак. Наведвальнікі ўбачаць не толькі прыклады масак у звыклым для нас разуменні (у выглядзе накладак на твар), а таксама посуд, інтэр’ерную кераміку, скульптуры, арт-аб’екты і інш.
На працягу жыцця мы пастаянна сутыкаемся з рознымі “маскамі” – уласнымі і чужымі сацыяльнымі ролямі, ілюзіямі і ўяўленнямі пра кагосьці альбо штосьці. Мяняюцца ў залежнасці ад часу, месца, абставін, настрою рысы твару… На выставе ў наведвальнікаў будзе магчымасць паразважаць пра трансфармацыі і пра тое, што хаваецца за тым ці іншым вобразам. Нашы экскурсаводы будць рады пагутарыць з гасцямі, распавесці аб прадстаўленых работах і майстрах, якія іх стварылі, падзяліцца сакрэтамі тэхналогіі.
Ключавымі мерапрыемствамі будуць творчыя сустрэчы з майстрамі, керамістамі, мастакамі па фарфоры, вядомымі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, а таксама майстар-класы па лепцы з гліны і роспісе керамічных вырабаў. З праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца па хэштэгам #праграма_міжрукамііполымем2019, #программа_міжрукамііполымем2019.
Выстава “Між рукамі і полымем: Маскі” будзе цікава як аматарам сучаснага мастацтва, так і прафесіяналам, а таксама тым, хто жадае пашырыць свой кругагляд і навучыцца разумець прадметы мастацтва і іх каштоўнасць.
Куратары: мастацтвазнаўца Соф’я Сівер-Духоўнікава (+375 29 850-08-67),
старшыня ГА “Гільдыя керамістаў” Святлана Цап (+375 29 674-93-12).
Выстава будзе працаваць з 18 па 30 сакавіка 2019 г.
Аўторак – субота: 11.00 – 19.00.
Адрас Мастацкай галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі).
Тэлефон / факс: 327-26-12.