Адкрыццё фотавыставы «Беларускі амбратып vol.2»

09.11.2018 19:00 - 19:00 прастора Кніжная шафа (пр-т. Дзяржынскага, 9 (уваход са двара)) Уваход вольны

Кніжна-выставачная прастора «Кніжная Шафа» прадстаўляе фотавыстаўку «Беларускі амбратып vol.2». Мы пакажам вам шэсць аўтараў, якія працуюць у Беларусі ў фатаграфічнай тэхніцы мокрага каладыённага працэсу. Выстава пройдзе з 9 лістапада па 8 снежня 2018 г. Адкрыццё адбудзецца 9 лістапада а 19-й гадзіне.

На выставе будуць прадстаўленыя партрэты і нацюрморты, выкананыя ў старадаўняй тэхніцы мокрага калодыя — амбратыпіі, якой ужо больш за 160 гадоў. Усе працы дэманструюцца ў арыгіналах упершыню.

Амбратып — варыянт каладыённага працэсу, у выніку якога на шкле атрымліваецца негатыў. Калі прыкласці да яго чорны фон, здымак выглядае як пазітыўная выява. Фатаграфія атрымліваецца «недасканалай»: з пацёртасцямі, драпінамі на месцы мацавання шкла, падцёкамі хімікатаў. Але гэта робіць кожны партрэт унікальным. Сутнасць тэхнікі заключаецца ў атрыманні негатыўных выяў на шкляных пласцінах з калоіднай эмульсіяй. На тое, каб наліць эмульсію, замацаваць, зрабіць здымак і праявіць яго ў фатографа ёсць 10-15 хвілін, інакш калодый высахне. Лічыцца, што дзякуючы працяглай экспазіцыі позы і выразы мадэляў набывалі высакародныя рысы.

Дзмітры Аз (адзін з аўтараў і куратар выставы): «У гэтым годзе споўнілася 5 гадоў з таго моманту, як я вырабіў свой першы амбратып. І калі 5 гадоў таму я быў адзіны, хто займаўся гэтым відам фатаграфіі ў Беларусі, то на дадзены момант нас ужо 6 чалавек! Гэта мяне вельмі радуе. Значыць, гэтая тэхніка атрымання фатаграфічнай выявы захаваецца ў нашай краіне. Аўтары, якіх я знайшоў, жывуць у розных рэгіёнах, таму гэтую тэхніку цяпер можна ўбачыць не толькі ў сталіцы. Некаторыя аўтары толькі засвойваюць амбратыпію, іншыя ўжо больш вопытныя, але нас аб’ядноўвае адно — любоў да алхімічных вопытаў атрымання выявы. Без любові да гэтага працэсу займацца ім немагчыма!

Збіраючы аўтараў для ўдзелу ў выставе я кіраваўся толькі адным прынцыпам: самастойнае атрыманне выявы ў тэхніцы мокрага каладыённага працэсу. Паверце — гэта няпроста. Увесь наступны год выстава будзе перамяшчацца па Беларусі, па рэгіёнах, дзе жывуць аўтары і не толькі. Разам з выставай плануецца правядзенне майстар-класаў, на якіх усе ахвотныя змогуць паглядзець, як нараджалася фатаграфія. Прыходзьце, будзе цікава!»

Удзельнікі выставы:

-Дзмітрый Аз (Мінск);

-Аляксей Карасёў (Віцебск);

-Сяргей Атрошчанка (Лепель);

-Вячаслаў Бахметаў (Гомель);

-Пан Барада (Аляксей Чарнякевіч, Лунінец);

-Яўген Міхальчык (Слонім).

Уваход вольны!

Чакаем вас па адрасе: пр-т. Дзяржынскага, 9, «Кніжная Шафа» (уваход са двара ля 5-га пад’езда).

Тэлефон: +375(17)234-48-64, +375 (29) 645-20-55.
E-mail: shafaminsk@gmail.com.

Час працы выставы: пн.–пт.: 12.00 – 18.00, cуб.: 12.00 – 18.00, нядз. – выхадны.

Кантактная асоба: Настасся Дудкова, +375 (29) 637-09-53.

Сябры, калі вы едзеце да нас на аўто, тэлефануйце – мы з радасцю падымем для вас шлагбаум і павітаем у Шафе.

 


Вам можа быць цікава

Выстава Юдэля Пэна «Віцебскі альбом» у Магілёве

31.01.2025 16:00 - 30.03.2025 18:00 выставачная зала музея гісторыі Магілёва (вул. Болдзіна, 1)

Выстава Юліі Стратовіч «Steel and Water» у Варшаве

07.03.2025 19:00 - 31.03.2025 19:00 галерэя ToTuart, Praga Koneser (Plac Konesera 10A)

Спектакль «Сымон-музыка» ў Гродне

20.03.2025 (19:00 - 20:00) гарадзенскі тэатр лялек (вул. Дзяржынскага, 1/1)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ