22 кастрычніка ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбудзецца адкрыццё медыяпраекту «ЛЮДМІЛА РУСАВА. ТАТАЛЬНЫ ПЕРФОРМАНС»
Выстава складаецца з фота- і відэадакументацыі з архіваў Мастацкага музея ў Віцебску, Аляксея Андрэева, Ірыны Бігдай (Галерэя «Шостая лінія»), Юрыя Іванова, Юрыя Ігрушы (BelFilm Group), Артура Клінава («pARTisan»).
Імя мастачкі Людмілы Русавай (1954 — 2010), яскравай прадстаўніцы беларускага сучаснага мастацтва 1980-1990 гадоў, ужо неаднаразова ўзнікала ў культурнай прасторы Беларусі. Яе жывапісныя палотны і габелены выстаўляліся ў Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску і ў Мастацкім музеі ў Віцебску, а ў мінулым траўні ў межах праекта «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» было прадстаўленае відэа яе перформансаў, якія да гэтага часу з’яўляюцца амаль што невядомымі шырокай публіцы. Хоць менавіта яе імя звязваюць са з’яўленнем мастацтва перформансу ў Беларусі.
Выстава «Людміла Русава. Татальны перформанс» сфакусаваная менавіта на гэтай дзейнасці мастачкі: у экспазіцыю ўвайшла прэзентацыя яе знакавых прац — ад перформанса «Уваскрашэння Казіміра» (1987, сумесна з Ігарам Кашкурэвічам) да відэа «Тыраж адсутнасці» (2001). Зразумела, дакументацыя не ў стане перадаць сам перформанс, заснаваны ў першую чаргу на ўнікальных перажываннях творцы і гледача. Тым не менш спадзяемся, што выстава зможа расказаць пра тую неверагодную энергетыку, уласцівую «жэстам» Людмілы Русавай, для якой мастацтва не было сродкам, але было мэтай, і таму, падаецца, усё сваё жыццё яна пераўтварыла ў татальную прастору перформансу.
Адкрыццё: 22 кастрычніка а 19.00 у Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а)
Тэхнічны партнёр: Кампанія «Huawei».
Партнёры праекта: BelFilm Group, Мастацкі музей у Віцебску, Галерэя «Шостая лінія», Платформа перфарматыўных практык «зЕрне».
Дызайн плаката: Сяргей Шабохін.
Уваход на выставу: 15 тыс. беларусскіх рублёў!
У межах выставы адбудзецца шэраг мерапрыемстваў: лекцыя Агаты Адамецкай-Сітэк (Польшча) «Фемінізм у сучасным польскім тэатры», прэзентацыя і сустрэча з мастачкай Аляўцінай Кахідзэ (Украіна), дыскусія, прысвечаная жаночаму акцыянізму ў сучасным беларускім мастацтве (мадэратарка Таня Сяцко). Сачыце за інфармацыяй на partisanmag.by, ygallery.by.