Адкрыццё выставы “Джозэф Конрад. Пасажыр з Настрома”

14.11.2017 16:00 - 16:00 галерэя "Атрыум" (Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) Уваход вольны

14 лістапада 2017 года а 16-й гадзіне ў галерэі «Атрыум» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адкрыецца літаратурна-мастацкая выстава «ДЖОЗЭФ КОНРАД. ПАСАЖЫР З НАСТРОМА», прымеркаваная да 160-годдзя з дня нараджэння знакамітага пісьменніка польскага паходжанння Джозэфа Конрада. 

Што яднае Марыю Дамброўскую з Квенцінам Таранціна? Кінг Конга з “Часам Апакаліпсісу”? Анджэя Вайду з “Чужым”? Што яднае Стэфана Кінга з Бобам Дыланам і Айран Майдэн з Альфрэдам Хічкокам? Адказ на гэтыя пытанні гучыць так — Джозэф Конрад. Аўтар выставы Кшыштаф Астроўскі запрашае ў комікснае падарожжа па жыцці і творчасці аўтара “Лорда Джыма”. Выстава паказвае не толькі найважнейшыя факты з біяграфіі самага англійскага з польскіх і самага польскага з англійскіх пісьменнікаў, але таксама яго ўплыў на масавую культуру.

Адкрывае экспазіцыю серыя кадраў, сканцэнтраваная на галоўных фактах з жыцця і творчасці пісьменніка. З Бярдзічава праз Варшаву трапляем у Марсэль, затым − у Лондан, дзе Конрад спачатку абірае лёс марака, а пазней пісьменніка. Мы плывём з ім на караблях, знаёмімся з яго сям’ёй і кар’ерай.

Другая частка выставы паказвае ўплыў і прысутнасць Джозэфа Конрада ў масавай культуры – пісьменнік стаў ідэйным натхняльнікам для шэрага таленавітых майстроў. Яго творы экранізавалі сусветнавядомыя сцэнарысты і рэжысёры − Рыдлі Скот (тэлесерыял «Табу», назва касмічнага карабля «Настрома» ў кінастужцы «Чужы» адсылае да творчасці Конрада), Анджэй Вайда (фільм «Ценявая паласа»), Альфрэд Хічкок (фільм «Сабатаж»), Фрэнсіс Форд Копала (фільм «Час Апакаліпсісу») і інш.

Спадчынай Конрада натхняліся літаратурныя лаўрэаты Нобелеўскай прэміі і аўтары папулярнай прозы, такія як Стэфан Кінг, кампазітары і музыканты − Боб Дылан і Айран Майдэн. Мастак Кшыштаф Астроўскі знаходзіць уплыў пісьменніка не толькі ў кіно і музыцы, але таксама ў оперы і камп’ютэрных гульнях.

Кшыштаф Астроўскі (1976 г.н.) – мастак-графік, рэжысёр, вакаліст рок-гурта «CoolKidsofDeath», выкладчык Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Лодзі (Польшча).

У Польшчы 2017 год аб’яўлены Годам Конрада. Гэта звязана не толькі з прамоцыяй творчасці аўтара “Лорда Джыма”, але таксама з распаўсюджваннем інфармацыі пра яго сувязь з Польшчай, пра якую не ўсе ведаюць.  У свядомасці многіх, у тым ліку і ў Польшчы, Конрад – гэта англійскі пісьменнік. Гэта зразумела, паколькі ён пісаў па-англійску, а ўплыў яго кніг на  англасаксонскую культуру не варта недаацэньваць. Але ж аўтар “Палоскі ценю” меў польскае паходжанне, лічыў сябе палякам і аказаў значны ўплыў на польскую культуру.

У адкрыцці выставы возьме ўдзел Пётр Жоландзь – каардынатар праектаў Цэнтра дакументацыі і даследавання творчасці Джозэфа Конрада (Кракаў).

Выстава створана на замову Інстытута кнігі (Кракаў) – нацыянальнай установы культуры, заснаванай Міністрам культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча. Pаймаецца прамоцыяй чытання ў Польшчы і за мяжой, фінансуе будаўніцтва і рэканструкцыю бібліятэк, развівае сетку “Дыскусійных клубаў кнігі”, аказвае фінансавую падтрымку выдання перакладаў польскай літаратуры на іншыя мовы свету.

УВАХОД ВОЛЬНЫ

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!


Вам можа быць цікава

Выстава Эдуарда Кавальца «Эд. Насельнікі раю» ў Мінску

01.08.2025 19:00 - 30.09.2025 19:00 музей-майстэрня Заіра Азгура (вул. Азгура, 8)

Выстава «Драўляныя гісторыі» ў Мінску

17.09.2025 17:30 - 12.10.2025 20:00 мастацкая галерэя «Цэнтр» (вул. Гікалы, 4)

SAMOTA і navalach у Варшаве

28.09.2025 (20:00 - 22:00) Pub 2KOŁA (Tunelowa 2b)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ