24 мая ў 17:00 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Віктара Георгіевіча Гаўрылава (1927–2011), заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, мастака, педагога, мастацтвазнаўцы, дызайнера, грамадскага дзеяча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, сябра Беларускага саюза мастакоў.
Віктар Георгіевіч Гаўрылаў нарадзіўся 14 чэрвеня 1927 г. у горадзе Горлаўка Данецкай вобласці. У 1939 годзе пераехаў разам з сям’ёй у Львоў, дзе стаў сур’ёзна займацца мастацтвам. Ваенныя 1940-я звязаны з горыччу страт блізкіх і пачаткам набыцця прафесіі. У 1944 годзе Віктар Гаўрылаў прызваны ў армію, і яму, як бацьку і брату, давялося ваяваць. Толькі ў пачатку 1950-х зноў атрымалася вярнуцца да любімай справы, да заняткаў мастацтвам на кафедры керамікі Львоўскага інстытута прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. Выкладанне ў інстытуце грунтавалася на сінтэзе традыцый народнай творчасці і вопыту еўрапейскай мастацкай адукацыі. Сярод маладых выкладчыкаў – Іван Скабала, сябар Віктара Гаўрылава, і выпускнікі Маскоўскага інстытута дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва Міхаіл Бяляеў і Тарас Паражняк. З імі пачнецца новы, доўгі перыяд жыцця, творчасці і дружбы ў Беларусі.
Львоўскі перыяд жыцця Віктара Георгіевіча надзвычай насычаны: заняткі, актыўная студэнцкая, творчая, грамадская дзейнасць і праца майстрам на адной са старых керамічных вытворчасцей горада Рава-Руская. Гэта практыка дала каштоўныя тэхналагічныя веды і важны вытворчы вопыт. Тут Віктар Гаўрылаў выканаў свой дыпломны праект «Вясельны сервіз» (1950) з унікальнай ізумруднай палівай. У родным інстытуце ён атрымаў першы вопыт выкладання. З львоўскім перыядам творчасці В.Г. Гаўрылава на выставе знаёмяць дэкаратыўныя вазы «Гусі-лебедзі» (1954), «Ноўгарад» (1959), дэкаратыўныя скульптуры «Сям’я» і «Спявачка» (1961).
У 1963 годзе В.Г. Гаўрылава запрасілі ў Мінск. Ён стаў галоўным мастаком Мінскага фарфоравага завода і ўзначаліў эксперыментальна-мастацкую лабараторыю, дзе падабраўся цікавы творчы калектыў. Да сярэдзіны 1960-х гадоў мінскі фарфор набыў свой стыль, атрымаў вядомасць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Віктара Георгіевіча можна без перавелічэння назваць заснавальнікам беларускага мастацкага фарфору. На выставе прадстаўлены аўтарскія творы майстра, многія з якіх былі ўкаранёны ў масавую вытворчасць. Гэта разнастайныя варыяцыі чайнікаў, чайныя сервізы, дэкаратыўныя талеркі, вазы, фарфоравая пластыка. Яркая творчая праца мастака – дэкаратыўнае блюда «Вочы дзявочыя» (1963) – адзіная партрэтная выява ў беларускім фарфоры. Тэмпераментная манера пісьма, насычаны колер надглазурнай палівы выдатна перадаюць ідэю маладосці, радасці жыцця. Гаўрылаў – аўтар нацюрмортаў, пейзажаў, тэматычных роспісаў на фарфоры, звязаных з настальгічнымі памятнымі момантамі.
Мастак свабодна валодае вялікім комплексам прыёмаў керамічнай тэхнікі. Вялікае значэнне Віктар Гаўрылаў надаваў працы з посудам – першапачатковай формай ганчарства – як з мастацкім аб’ектам. Дэкаратыўныя вазы «Зубр» (1986) і «Птушка» маюць матэрыяльныя, важкія, моцныя формы і багатую пластычную структуру. Рэльефны, фактурны дэкор знешняй паверхні пасудзіны спрыяе ператварэнню ўтылітарнай формы ў новы мастацкі вобраз птушкі або касматага звера.
Многія працы В.Г. Гаўрылава звязаны з архітэктурнай керамікай. Ён актыўна займаўся праблемамі ўкаранення керамічных твораў у інтэр’еры грамадскіх будынкаў і гарадское асяроддзе.
Віктар Георгіевіч – пастаянны экспанент міжнародных і ўсесаюзных мастацкіх выстаў. У 1973 годзе ён атрымаў дыплом біенале керамікі г. Фаэнца, Італія. Яго творы знаходзяцца ў мастацкіх музеях Беларусі, Італіі, Венгрыі, Расіі, Украіны, у прыватных калекцыях, а таксама ўстаноўлены на грамадскіх архітэктурных аб’ектах.
Беларускі перыяд жыцця Віктара Георгіевіча Гаўрылава цікавы і шматгранны. Ён удзельнічаў у арганізацыі секцыі дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва пры Беларускім аддзяленні Саюза мастакоў СССР і быў абраны першым яе старшынёй. Абараніў кандыдацкую дысертацыю пры Маскоўскім вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы (былое Строганаўскае). Выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Многія яго вучні маюць ганаровыя званні, з’яўляюцца вядучымі спецыялістамі мастацкіх прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь і за яе межамі (Валерый Леантовіч, Аляксандр Зіменка, Тамара Курачыцкая і інш.). За навуковую працу і падрыхтоўку прафесійных кадраў Віктар Георгіевіч Гаўрылаў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Ён неаднаразова абіраўся ў члены прэзідыума і члены праўлення Мастацкага фонду Беларускага саюза мастакоў, з’яўляўся членам Усесаюзнага савета па дэкаратыўна-прыкладному і народнаму мастацтву пры Саюзе мастакоў СССР, быў старшынёй Савета ветэранаў вайны пры Беларускім саюзе мастакоў.
У 2004 годзе Віктар Георгіевіч Гаўрылаў быў узнагароджаны дыпломам з прысуджэннем спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За ўклад у выхаванне творчай моладзі” за развіццё дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Рэспублікі Беларусь і падрыхтоўку прафесійных кадраў.