8 снежня 2017 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы “Сімфонія жыцця”, прысвечаная 70-годдзю беларускага жывапісца і графіка Мікалая Таранды.
На выставе экспануюцца творы з майстэрні аўтара.
Мікалай Іванавіч Таранда – жывапісец і графік, член Беларускага саюза мастакоў. Нарадзіўся 15 жніўня 1947 года ў вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1965–1970).
Кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва Палаца культуры завода “Чырвоны Кастрычнік” у г. Оршы, займаў пасаду начальніка бюро прамысловай эстэтыкі (1970–1994). У 1984–1985 гг. удзельнічаў у распрацоўцы і стварэнні помніка жыхарам горада Барань, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
І падчас вучобы ў інстытуце, і пасля яго заканчэння Мікалай Таранда шмат часу надаваў самаадукацыі, працы ў майстэрні і на пленэрах. У творчых паездках, у тым ліку з настаўнікам Алегам Арловым, у Літву, па Купалаўскіх мясцінах, у Крым, Уладзімір і Суздаль мастак удасканальваў уласны стыль у жывапісе. Паездкі ў Дом творчасці “Сенеж” (1977, 1983) дапамаглі рэалізаваць талент графіка, асвоіць новыя тэхнікі.
С 1994 г. цалкам прысвячае сябе творчасці. Персанальныя і калектыўныя выставы праходзяць у Палацы мастацтваў, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, касцёле св. Сымона і Алены (Мінск), у выставачных залах Віцебска, Полацка, Оршы, а таксама ў Вязьме і Смаленску. Удзел у міжнародных пленэрах жывапісу ў горадзе Пернік (Балгарыя) у 1999 і 2004 гг. натхніў мастака на стварэнне серый фармальных работ.
Мікалай Таранда – пастаянны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў і майстар-класаў, саарганізатар міжнароднага арт-праекта “Калегіум” у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыкі. З 2010 г. на пастаяннай аснове супрацоўнічае з творчым аб’яднаннем “Традыцыя” Беларускага саюза мастакоў.
Работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (Мінск), Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Мастацкай галерэі Палаца мастацтваў горада Пернік (Балгарыя), Смаленскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў (Расія), Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыкі, Аршанскім музеі гісторыі і культуры горада, Мастацкай галерэі Полацка.
Жывапісныя і графічныя работы, створаныя Мікалаем Тарандай у жанрах пейзажу і нацюрморта, знайшлі свайго гледача не толькі на радзіме мастака, але і ў розных краінах свету: Балгарыі, Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, ЗША.
Аб сваёй творчасці Мікалай Таранда кажа: «Крыніцай натхнення заўсёды была прырода, родная беларуская зямля. На ёй я жыву і працую. Мае пейзажы даволі разнастайныя: пагоркі і раўніны, старажытныя храмы і вясковыя пабудовы, велічныя сілуэты дрэў і дарогі, якія ідуць удалячынь… У сваіх карцінах я імкнуся захаваць непаўторную прыгажосць усяго гэтага. Бо жыццё і творчасць для мяне непадзельныя».
Выстава працуе да 7 cтудзеня 2018 года