Адкрыццё выставы Сяргея Каваля «Забытыя казкі»

18.05.2017 17:00 - 17:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20) Бясплатнае

З 28 красавіка 2017 года пачне работу персанальная выстава Сяргея Каваля «Забытыя казкі».

У экспазіцыі будзе прадстаўлена каля дваццаці жывапісных твораў аўтара, створаных ім у асноўным на працягу некалькіх апошніх гадоў.

18 мая 2017 года а 17-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы Сяргея Каваля «Забытыя казкі».

На працягу ХХ стагоддзя да дзіцячага малюнка звярталіся многія знакамітыя мастакі – Пікаса, Міро, Шагал, Клее і іншыя. Майстры шукалі ў дзіцячых малюнках непасрэднасць успрыняцця і адлюстравання свету, даследавалі выразныя магчымасці скупых выяўленчых сродкаў, нарэшце імкнуліся злавіць той самы настрой, натуральны для дзяцей і практычна недасяжны для дарослых.

Настаўнікамі Сяргея Каваля (творчы псеўданім, сапраўднае прозвішча – Коваль) сталі вялікія майстры мінулага і дзіцячы малюнак. Натхняючыся шэдэўрамі сусветнага мастацтва, Сяргей паступова прыйшоў да жанру прымітываў, вельмі блізкіх па духу да дзіцячай творчасці. Карціны напаўняюцца чыстым колерам, контурным малюнкам, фантазійнымі і казачнымі персанажамі, з’яўляюцца «заўсёднікамі», якіх можна знайсці на многіх работах Каваля: леў з чалавечымі вачыма, лебедзі, пáры, што лунаюць у небе … Дзіцячая наіўнасць і непасрэднасць светаўспрымання застылі навечна ў гэтых палотнах…

Iрына Кандраценка, магістр мастацтваў,

куратар калекцыі сучаснага беларускага жывапісу А.І. Хусаенава

СЯРГЕЙ МІКАЛАЕВІЧ КАВАЛЬ

Нарадзіўся ў 1960 г.

Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце (не скончаны).

Мастак-самавучка, працуе ў жанрах прымітывізму і наіўнага мастацтва.

Персанальныя выставы: «Планета людзей» (Светлагорск, 2010), «Будзьте як дзеці» (Гомель, 2015).

Пастаянны ўдзельнік арт-праекта Zabor у Рэспубліцы Беларусь, Польшчы і Францыі.

Карціны знаходяцца ў галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Бельгіі, Германіі, Францыі.

 

Выстава будзе працаваць да 28 мая 2017 года.

Куратар выставы: Вольга Наскова, навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага  беларускага мастацтва, магістр мастацтвазнаўства


Вам можа быць цікава

Выстава Ташы Кацубы «0 / KATSUBA» ў Беластоку

10.10.2025 18:00 - 28.12.2025 19:00 Galeria im. Sleńdzińskich (Legionowa 2)

Калядны Вайцюшкевіч у Сопаце

19.12.2025 (19:00 - 20:00) Мара-хаб (ul. Jacka Malczewskiego 21)

Калякалядны Вольскі ў Варшаве

20.12.2025 (19:00 - 21:00) Stand up lokal (Stanisława Noakowskiego 16)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ