У панядзелак, 6 ліпеня, адбудзецца анлайн-прэзентацыя новага даследавання, прысвечанага мемаратыўнаму ландшафту найбуйнейшых гарадоў Беларусі — помнікам, мемарыяльным дошкам, памятным знакам, мемарыялам і іншым аб’ектам, праз якія ў публічнай прасторы фармуецца памяць пра мінулае.
Даследаванне працягвае серыю прац Інстытута «Палітычная сфера» пра палітыку памяці і гарадскую прастору Беларусі. Гэтым разам у фокусе — Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск і Салігорск.
Усяго было прааналізавана 690 мемарыяльных аб’ектаў.
Падчас прэзентацыі гаворка пойдзе пра тое, якія гістарычныя эпохі, падзеі і асобы дамінуюць у гарадскім ландшафце, наколькі ён застаецца саветызаваным і мілітарызаваным, як прадстаўленыя беларуская нацыянальная памяць, лакальная гісторыя, Халакост, Чарнобыль, савецкія рэпрэсіі і перыяд незалежнай Беларусі.
Удзел вольны. Далучайцеся ў адпаведны час па спасылцы.