Аўтограф-сесія Кірыла Стаселька з нагоды выхаду “Marginalis”

01.12.2016 18:00 - 18:00 Кнігарня “Галіяфы” (вул. Няміга 3, цокальны паверх, пав. 66.) Уваход вольны

Выдавецтва “Галіяфы” ладзіць аўтограф-сесію з нагоды выхаду новай кнігі Кірыла Стаселька “Marginalis”. Падчас мерапрыемства можна будзе задаць пытанні аўтару, набыць як раман “Marginalis”, так і “Дзіцячы маніфест” – папярэднюю кнігу пісьменніка.

Аўтограф-сесія пачнецца ў 18:00 1 снежня ў кнігарне “Галіяфы” па адрасе Мінск, вул. Няміга 3, цокальны паверх, пав. 66.

Marginalis – насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянні якога ахопліваюць больш за чатырыста гадоў, паўтары сотні персанажаў і дзясятка краінаў, пазл з мноства сюжэтных ліній і філасофскіх ды псіхалагічных матываў, якія складаюцца ў адно цэлае. Дзеянні рамана разгортваюцца вакол уладальнікаў старажытнай загадкавай кнігі. У пошуках сябе і свайго “я” героі рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзіцца на палях, па-за цэнтрам, па-за межамі. Па-за межамі гісторыі, жыцця, увагі.

Раман “Marginalis” быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса – праектам “Рэкорды Куфара”.

Дзіцячы маніфест – спроба аўтара знайсці межы і магчымасці чалавечай свабоды ў грамадстве, зразумець асаблівасці Рубікону, які палягае між нормай і вар’яцтвам. У кнізе вы сустрэнеце французскага пісьменніка, цела якога знутры разрываецца ад ціску ўласнага Эга, чалавека, чыя рэальнасць і сон зліваюцца, мастака, чыя галава аддзялілася ад цела, ды шмат іншых герояў, якія па-рознаму намагаюцца напісаць маніфест свайго “Я”.

Зборнік “Дзіцячы маніфест” быў намінаваны на чатыры літаратурныя прэміі, у прыватнасці, трапіў у шорт-ліст прэміі “Дэбют” ды лонг-ліст прэміі Гедройца.

Звесткі пра аўтара:

Кірыл Стаселька нарадзіўся ў Барысаве. У 2013 скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці “Сацыялогія”, у 2014 — магiстратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры НАН РБ. З’яўляецца выпускніком Беларускага калегіума, Лятучага ўніверсітэта, Школы маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускiх пiсьменнiкаў” і Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (Беларусь, Швецыя).

На дадзены момант навучаецца ў аспірантуры Акадэміі навук, з’яўляецца дырэктарам “Агенцтва інфармацыйных тэхналогій “Буцэфал”, кіраўніком інтэрнэт-часопіса infographer.by і каардынатарам праекта “Народны журналіст”.

Публікаваўся ў такіх часопісах, як “Дзеяслоў”, “Маладосць”, “Паміж”, “pARTtisan”, а таксама ў зборніку “Параходзік сучаснасці”.


Вам можа быць цікава

Выстава «Паэзія звычайнага. Прыгажосць простых рэчаў» у Магілёве

02.07.2026 10:00 - 13.09.2026 17:00 Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі (вул. Ленінская, 37)

Выстава Міхаіла Ляўковіча «Пачуццё прыналежнасці» ў Мінску

27.08.2026 18:00 - 18.10.2026 17:00 арт-гасцёўня «Высокае месца» (вул. Герцэна, 2а)

Юбілейная выстава Леаніда Данэлія ў Мінску

02.09.2026 10:00 - 15.09.2026 18:00 палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

«Баль вяргіняў» у Залессі

26.09.2026 (17:00 - 20:00) ------------

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ