Ці засталося ў нас, беларусаў, падзеленых мяжой, мовамі, палітычнай лаяльнасцю, пашпартамі, валютай, у якой атрымліваем заробкі, хоць нешта супольнае? Так. Звычайны хлопец з Чэбаксараў Міхаіл Глухаў — чарговы раз пра гэта нагадаў. Дзякуй табе, добры чалавек!
Вёска Хыркасы, 60 км ад Чэбаксараў. Фота: zorych.livejournal.com
«Белорусы, обращаюсь к вам! Если завтра в стране будет референдум о вхождении в Россию, вы бы согласились?» — 21-гадовы расіянін падняў у Threads хвалю беларускай салідарнасці. Абсалютна бясплатна. Без удзелу Офіса Ціханоўскай, USAID і ГУР — нагадаў беларусам, што яны не рускія. Дзякуй!
Паўтары тысячы каментароў, з якіх менш за ўсё цэнзурных — гэта калектыўны адказ на пытанне пра «вхождение». Рэферэндум — «*уендум». Якое слова — такая і рыфма. Безапеляцыйная форма пытання нагадвае падкат: «А вы бы согласились?..». Або — няпрошаны дзікпік ад усходніх «братоў».
Звыклае хамства. Легітымнае хамства. Бо гэта — даўні канон знешняй палітыкі і дыпламатыі Масквы. Весці палітыку — значыць прапаноўваць сваё «вхождение» — усім і кожнаму. А калі адмова, то дамагацца гвалтам. Ахвяра пры гэтым заўжды вінаватая: «А чаго вы нас не любіце? Чаму спадніца такая кароткая?..»
«Незалежнасць як каштоўнасць — апошняе, што ў нас засталося супольнага. Не мова, не сцяг, не героі, а сам факт быцця сваёй дзяржавы. Апошні бастыён, які не дзеліць, але аб’ядноўвае.
Разумею, усе гэтыя размовы пра святасць дзяржаўнасці — надакучылі. Тым больш, калі дзяржава зараз не маці, а «мачаха».
Але зірнем па-іншаму.
Гэта гісторыя пра гонар. Пра права быць нязгодным, нават калі ты — слабейшы. Самае страшнае — гэта не прыніжэнне. А сітуацыя, калі ты не заўважаеш гэтага прыніжэння. Звыкся. Беларусы, як бачым, не звыкліся. І не збіраюцца. Дзякуй Міхаілу Глухаву, што нагадаў!
Заўважце, нават нашы чырвона-зялёныя суайчыннікі любяць Сталіна — у сябе на Радзіме. Запытайцеся, ці хочуць яны пераехаць у Чэбаксары? А можа, у вёску Верхнія Локці? Чаму масава не едуць «падымаць Данбас», не возьмуць расійскія пашпарты?.. Не хочуць. Любіць Сталіна — лепш у Лагойску, чым у сяле Макшалей у Мардовіі.
Галоўны помнік Чэбаксараў – помнік Леніну. Фота: visitvolga.ru
Запытайцеся ў любога нашага ўчастковага, ці хацеў бы ён паслужыць у рабочым пасёлку Чамзінка пад Саранскам. Не? Цікава, чаму?.. «Свой дом, свая страна, а што я там забыл…» — верагодна, пачуеце ў адказ. І нават гэта — дае надзею. Бо калі дом ёсць — крывы, касы, са змененымі замкамі — усё яшчэ ёсць, куды вярнуцца. Калі-небудзь. Горш, калі яго няма.
Не ведаю, ці Міхаіл Глухаў зразумеў, чаму сутыкнуўся з такой рэакцыяй. Можа, ніколі не зразумее. Як не зразумее, што ж не так з ягоным пытаннем. А яно ж нічым не адрозніваецца ад пытанняў: «А можна пераспаць з вашай жонкай?», «А можна на вас аформіць крэдыт?», «А дайце ключы ад сваёй машыны?», «А я пажыву ў вас месяцок, добра?».
Пытанне пра дзяржаўныя межы нічым не адрозніваецца ад пытання пра межы — асабістыя. І там, і тут — гэта гісторыя пра сябе, сваё «Я». У выпадку нацыі — калектыўнае «Я». Добра, што яно ёсць. 21-гадовы расійскі хлопчык чарговы раз дапамог нам зірнуць у люстэрка.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org