Дыскусія “Дзе ў Сусвеце плыве Беларусь”

01.08.2014 18:00 - 21:00 прастора "Цэх" (пр. Незалежнасці 58/6 з боку вул. П. Броўкі) Бясплатнае

24 ліпеня ў Мінску ў прасторы ЦЭХ адкрылася выстава  “Візуальныя вобразы гістарычнай памяці, альбо Вялікае Княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах”. Больш за месяц – да 31 жніўня – усе зацікаўленыя змогуць убачыць гістарычныя артэфакты, якія прадстаўляюць Беларусь у іншых гістарычных ракурсах і маштабах.

Да старажытных мапаў можна ставіцца па-рознаму: можна ўспрымаць іх толькі як творы мастацтва, захапляючыся жывапіснай і друкарскай культурай мінулых стагоддзяў. А можна адкінуць простую сузіральнасць, паквольнае эстэцтва і скіраваць свой погляд праз плашчыню бачнага па той бок – у глыбыні прасторы па-за часам і каардынатамі. Каб інтэрпрэтаваць візуальныя артэфакты як культурныя феномены, умець аналізаваць іх кантэкст і логас, трэба быць узброеным адпаведнай інтэлектуальнай оптыкай. Ці ж можа неабыякавы наведвальнік выставы не спакусіцца на прапанову здзейсніць такі візуальна-прасторавы пераход?

Арганізатары выставы – Беларуская філасофская прастора, Лятучы універсітэт, Выдавецтва “Эканомпрэс”, крэатыўная прастора ЦЭХ –  запланавалі дзеля гэтага дзве інтэлектуальныя імпрэзы – дыскусія “Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь” (1 жніўня, 18.00, прастора ЦЭХ) і дыскусія “Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння” (13 жніўня, 18.00, прастора ЦЭХ).

Першая дыскусія скіроўвае нас да праблемы незавершанасці этнакультурнай самаідэнтыфікацыі беларусаў:

Як і дзе мы “знаходзім сябе”? У якіх межах вызначаем – геаграфічных, палітычных, культурных? Калі ўспрымаць мапы як своеасаблівую оптыку канкрэтнай эпохі, то наколькі здольныя старажытныя мапы стаць  сродкам трансфармацыі свядомасці сучасных беларусаў?

 

Над гэтымі і іншымі пытаннямі разважаюць запрошаныя дыскутанты – філосаф і літаратар Ігар Бабкоў, багаслоў і культуролаг Ірына Дубянецкая, дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў, філосаф Аляксандр Сарна. Вядучы дыскусіі – філосаф Павел Баркоўскі.

Дыскусія “Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь” адбудзецца 1 жніўня а 18.00 у прасторы ЦЭХ (пр-т Незалежнасці, 58/к.6, з боку вул. П. Броўкі).

Уваход вольны!

 


Вам можа быць цікава

Выстава інсітнага мастацтва ў Полацку

16.05.2026 10:00 - 31.08.2026 18:00 музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я (вул. Войкава, 1)

Выстава «Барыс Аракчэеў. Да 100-годдзя з дня нараджэння мастака» ў Мінску

03.06.2026 17:00 - 06.07.2026 18:00 Нацыянальны мастацкі музей (галоўны корпус, сяродкрыжжа) (вул. Леніна, 20)

Купалле ў Вільні

24.06.2026 (17:00 - 21:00) (Валакампяй, за другім пляжам)

Фестываль «Іграю, як знаю, скачу, як хачу» ў Жодзішках

28.06.2026 (11:00 - 16:00) (Жодзішкі, Смаргонскі раён)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ