“Кірмаш праектаў” у Оршы: пашыраем зону… культуры!

18.02.2014 18:00 - 21:00 Орша (Месца правядзення будзе абвешчанае ў хуткім часе) Бясплатнае

18 лютага ў Оршы адбудзецца ўжо вядомы ў многіх гарадах Беларусі “Кірмаш праектаў” – публічная прэзентацыя ідэй, якія імкнуцца палепшыць культурніцкае жыццё. 

Зоны для развіцця ёсць заўсёды, і культура тут можа выступаць і сферай дзеяння, і сродкам. Як цвёрда верыць каманда грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, культуру трэба разумець шырока, міждысцыплінарна і “бліжэй да цела”. У цэнтры грамадскай увагі на кожным “Кірмашы” – ідэі, прысвечаныя сферы культуры пэўнага горада і рэгіёна: ад традыцыйна мастацкіх галін (музыка, выяўленчае і сцэнічныя мастацтвы, літаратура), музейнай і бібліятэчнай справы – да сацыяльнай працы, адукацыі, экалогіі, дызайну гарадской прасторы, турызму, бізнэсу, рэкламы і камунікацый і іншых.

І цяпер час Оршы прадэманстраваць і актывізавацца на “Кірмашы праектаў” – ужо вядомым у іншых гарадах краіны фармаце публічнай прэзентацыі, у якой увасобленая сусветная прага да edutainment – інтэрактыўнага і відовішчнага атрымання новых ведаў.

На “Кірмашы праектаў” ідэі “прадаюцца” патэнцыйным партнёрам, аднадумцам і паплечнікам. Аўтары маюць магчымасць праверыць сваю ідэю на зацікаўленых слухачах, атрымаць карысныя парады па ўдасканаленні задумы ад экспертаў, а кожны ахвочы – натхніцца актыўнымі і цікаўнымі людзьмі роднага горада і ўпэўніцца: адна галава — добра, а дваццаць — нашмат лепш!

Фармат “маланкавай размовы”, ужо традыцыйны для ўсіх “Кірмашоў праектаў”, уяўляе сабой чаргу прэзентацый, на кожны выступ даецца 5-7 хвілін. У прэзентацыі трэба адлюстраваць наступнае:

— назва прэзентацыі;

— сутнасць прэзентацыі (што менавіта вы хочаце прадставіць: праект, стратэгію, кампанію, канцэпцыю і г.д.);

— мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны?);

— фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;

— калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;

— якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).

Калі вы маеце задуму, здольную вырашыць важную культурніцкую задачу для вашага горада і пэўнай групы яго жыхароў, якая будзе спрыяць узмацненню прафесійных культурніцкіх супольнасцяў і вызначэнню адметнасці Оршы, — дзейнічайце!

Дасылайце прэзентацыю, а таксама запоўненую анкету ўдзельніка на электронную скрыню kirmash.praektau@gmail.com да 16 лютага ўключна.

Дэтальную інфармацыю аб падрыхтоўцы прэзентацыі знойдзеце тут.

Выніковая прэзентацыя “Кірмашу праектаў” адбудзецца 18 лютага 2014 года. Месца правядзення будзе абвешчанае ў хуткім часе.

Даведкі па тэл.: (029) 319-93-09 — каардынатар ГКК “Будзьма беларусамі!” Юры Стукалаў.

Запрашайце “Кірмаш праектаў” у свой горад!

“Кірмаш праектаў” у vk.comfacebook.com.


Вам можа быць цікава

Уваскрэснае кавапіццё ў Кракаве

20.04.2025 (14:00 - 16:00) Прастора (ul. Mikołajska 4/6)

Вясновы абрадавы карагод «Стрылка» ў Бездзежы

20.04.2025 (15:30 - 17:30) на плошчы ля Троіцкай царквы

Канцэрт Аляксея Жбанава ў Мінску

22.04.2025 (19:00 - 21:00) музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13)

Вебінар па аўтарскім праве

23.04.2025 (16:00 - 18:00) анлайн

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ