Конкурс беларускіх танцаў “Мяцеліца”

14.12.2013 10:30 - 16:30 Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3) Бясплатнае

Конкурс беларускіх танцаў “Мяцеліца” адбудзецца ў Палацы мастацтваў 14 снежня 2013 года  (г. Мінск, вул. Казлова, 3). Конкурс арганізуюць  Школа Традыцыйнага Мастацтва і грамадская культурніцкая кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Святочная падзея прадставіць усім зацікаўленым магчымасці і пляцоўку для ўдасканальвання майстэрства і для добрых сяброўскіх стасункаў, абмену досведам і інфармацыяй.

Выканаўцы народных танцаў гадуюцца і гартуюцца ў нас па-рознаму – хтосьці з дзяцінства танчыў у ансамблі, нехта хадзіў “на карчы” і ў “Жар-птушку”, хтосьці рэгулярна наведвае адпаведныя вечарыны і клубы, а хтосьці літаральна некалькі разоў трапіў на майстар-клас і ўжо не ўяўляе ўласнага жыцця без вясёлых скокаў. Многія ў гэтым дасягнулі майстэрства, стварылі свой індывідуальны стыль і эстэтыку танца, маюць выдатны нацыянальны строй. Але конкурс дае магчымасць паспрабаваць свае сілы не толькі карыфеям, але і пачаткоўцам.

Аўтар ідэі конкурса —  Мікалай Козенка – знакаміты этнахарэограф, нястомны даследчык аўтэнтычнага беларускага танца, які ўжо шматразова выступаў у якасці ініцыятара, рэжысёра-пастаноўшчыка і балетмайстра шэрагу знакавых фальклорных фестываляў.

Сёлетні конкурс мае дасведчанае і аўтарытэтнае журы: Вячаслаў Калацэй – загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКІМ, дацэнт, кандыдат культуралогіі, Таццяна Кухаронак – старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Аляксандр Лось – вядомы даследчык традыцыйнай музыкі і танца, мастак, музыка, Любоў Сівурава – дацэнт кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКІМ, Сяргей Выскварка – загадчык арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага Цэнтра культуры, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі”, арганізатар летняй танцавальнай школы «Пятровіца” і фестывалю “Пятроўскі фэст”2012, 2013”.

Адкрыццё і праграма конкурса будуць суправаджацца традыцыйнымі спевамі і музыкай выдатных інструменальных капэл: “На таку”, “Дзвіна”, таксама на конкурсе зайграе Васіль Семашкевіч – выдатны музыка з Любані. Між іншым, у праграме – майстар-клас па танцы “Мяцеліца” для гледачоў і удзельнікаў конкурса. Да ўдзелу запрашаюцца танцавальныя пары, якія з задавальненнем займаюцца традыцыйнымі беларускімі танцамі і не з’яўляюцца прафесіяналамі. Узрост удзельнікаў – ад 16 год.

У праграме конкурса – 10 найбольш вядомых беларускіх танцаў, а менавіта: лявоніха, падыспань, кракавяк, полька-какетка, полька імправізаваная, ночка, каханачка, карапет, ва саду лі, барыня.

Уваход на конкурс вольны. Пачатак – 10.30, завяршэнне – 16.30.

Анкеты-заяўкi танцораў для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца да 30 лістапада 2013 года ў электронным або папяровым выглядзе па адрасе: Кацярына Шэйка, kat-shejko@yandex.ru, 220100, г. Мінск, вул. Багдановіча, д. 72, кв. 52

Спампаваць бланк анкеты-заяўкі, а таксама азнаёміцца з Палажэннем аб конкурсе і магчымасцямі падрыхтоўкі да спаборніцтва можна на сайце Школы традыцыйнага мастацтва ці ў суполцы Укантакце.


Вам можа быць цікава

Выстава «Зорка Венера ўзышла над зямлёю...» у Мінску

12.06.2025 18:00 - 01.08.2025 19:00 музей Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а)

Рэтраспектыва фільмаў, уганараваных у Канах, у Мінску

28.06.2025 19:30 - 23.07.2025 21:00 Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3 (2 паверх))

Фэст «Класіка. LIVE» ў мінскім батанічным садзе

12.07.2025 12:00 - 13.07.2025 22:00 батанічны сад (вул. Сурганава, 2в)

Беларуская сустрэча ў Алясніцы

19.07.2025 (14:15 - 20:00) пад базылікай Св. Яна Апостала (Łużycka 4)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ