Вядомы брытанскі эколаг выступіць у Мінску з вялікай лекцыяй пра змены клімату

07.02.2020 19:00 - 21:00 DoubleTree by Hilton (пр-т Пераможцаў, 9) Патрэбна рэгістрацыя

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) запрасіла доктара Роба Філда з Каралеўскага таварыства абароны птушак (RSPB, Вялікабрытанія) выступіць у Мінску з адкрытай лекцыяй пра змены клімату.

Як і чаму змяняецца клімат? Чым гэта нам пагражае? Што кожны з нас можа зрабіць, каб запаволіць гэтыя змены?

Навукова-папулярная лекцыя “Разборкі з кліматам. Будзе горача?” адбудзецца 7 лютага ў Мінску ў гатэлі DoubleTree by Hilton (пр-т Пераможцаў, 9) з 19.00 да 21.00.

Уваход на лекцыю бясплатны, па рэгістрацыі: ptushki.org/climate.

Лекцыя будзе ісці па-ангельску з сінхронным перакладам на рускую мову.

Пад пастамі ў сацсетках пра змены клімату людзі заўзята спрачаюцца пра тое, змяняецца клімат увогуле або не, а калі змяняецца, то чаму: выключна праз натуральныя працэсы ці праз дзейнасць чалавека? Хтосьці радуецца кліматычным зменам – маўляў, будзе цёпла, не будзем мерзнуць, а хтосьці баіцца, што наступствамі будуць катаклізмы і эпідэміі.

АПБ вырашыла вынесці пытанне ў афлайн і запрасіла дасведчанага эксперта з Вялікабрытаніі расказаць простымі словамі пра тое, што ведаюць на гэты конт сучасныя навукоўцы.

Доктар Роб Філд – старшы навуковы супрацоўнік у Каралеўскім таварыстве абароны птушак, да якога далучыўся ў 2000 годзе. Ён актыўна вывучае экасістэмныя магчымасці змякчэння наступстваў кліматычных зменаў праз паляпшэнне кіравання і захаванне дзікай прыроды, галоўным чынам у сельскагаспадарчых экасістэмах і тарфяніках Вялікабрытаніі, астатняй Еўропы і Афрыкі.

У прыватнасці, доктар Філд супрацоўнічае з беларускімі калегамі па змяншэнні негатыўных наступстваў кліматычных зменаў у рэгіёне Палесся, а таксама вывучае, як аднаўленне балот уплывае на папуляцыі птушак у Беларусі.

Што будзе на лекцыі?

·         Як утварыўся “парніковы эфект” і што мы ведаем пра хімію атмасферы?

·         Што такое кругазварот вугляроду і як на яго ўплывае выкапневае паліва (нафта, вугаль, газ)?

·         Як змены ў гэтым кругазвароце прыводзяць да пацяплення атмасферы?

·         Як гэта ўсё ўплывае на людзей і дзікую прыроду?

·         Ці магчыма і варта з гэтым змагацца?

Пра ўсё гэта раскажа на адкрытай лекцыі доктар Роб Філд, а напрыканцы ён адкажа на пытанні з залы.

Я вельмі рады вярнуцца ў Беларусь, каб расказаць пра кліматычныя змены, - гаворыць доктар Філд. – Яны ўплываюць на нас усіх, аднолькава закранаюць і людзей, і дзікую прыроду. Беларусь – краіна з вялікім прыродным багаццем, а значыць, мае добрыя перадумовы для барацьбы як са зменамі клімату, так і з іншымі глабальнымі пагрозамі дзікай прыродзе. Я буду казаць не толькі пра тое, якія змены адбываюцца ў клімаце і як яны паўплываюць на нас і месцы, дзе мы жывем, але і пра тое, як праз ахову прыроды і разумнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў мы можам змякчыць негатыўныя наступствы гэтых зменаў.”

Лекцыя адбудзецца пры падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі.


Вам можа быць цікава

Выстава Дар’і Карпавай «Сезон» у Мінску

01.02.2025 18:00 - 07.03.2025 20:00 галерэя «Арт Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2)

Выстава скульптуры «Архіў» у Мінску

07.02.2025 11:00 - 02.03.2025 20:00 палац мастацтва (вул. Казлова, 3)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ