У суботу, 30 лістапада, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца лекцыя Вольгі Курбачовай «Візуалізацыя этнакультурных стэрэатыпаў у кіно, жывапісе і рэкламе».
Дата і час: 30 лістапада ў 16.00
Месца: НЦСМ, пр-т Незалежнасці, 47, Мінск
Этнічныя стэрэатыпы з’яўляюцца неад’емнай часткай культуры, мастацтва, сацыяльных нормаў, медыйных сюжэтаў, якія часам несвядома ўдзельнічаюць у фарміраванні нашых уяўленняў аб іншых.
Іх візуалізацыя ўяўляе сабой складаны працэс, у якім пласт за пластом адлюстроўваюцца няпростыя ўзаемадзеянні паміж людзьмі.
Кіно, рэклама, літаратура і жывапіс часцей за ўсё становяцца прасторай рэпрэзентацыі этнічных стэрэатыпаў, якія фарміруюць устойлівыя вобразы, якія ўплываюць на ўспрыманне культурных і нацыянальных асаблівасцей розных груп.
Неўсвядомленыя этнастэрэатыпы і формы прадузятасці праяўляюцца па-рознаму, — пачынаючы з укаранення ўяўленняў аб пазітыўных якасцях народа, яго тыповых характарыстык і бяскрыўдных жартаў і заканчваючы жорсткімі формамі дыскрымінацыі.
Могуць і ці павінны стэрэатыпы быць разбураны?
Як крытычнае пераасэнсаванне этнічных стэрэатыпаў сучаснасці можа садзейнічаць з’яўленню канструктыўнага дыялогу паміж канфліктуючымі групамі?
Чаму людзі пазбягаюць казаць пра этнічныя стэрэатыпы?
Якое дачыненне яны маюць да сучасных навуковых пошукаў і шырокіх паўсядзённых дыскусіяў?
Вы зможаце змястоўна абмеркаваць прычыны ўзнікнення этнічных стэрэатыпаў, выявіць іх ролю ў фарміраванні этнакультурнай ідэнтычнасці, этнафобіі, паразважаць аб тым, як яны адбіваюцца на міжкультурным узаемадзеянні людзей.
Лектарка прадэманструе парадаксальнасць спроб вывучэння гэтай тэмы, звязаных з тым, што для вывучэння этнастэрэатыпаў патрэбны зусім нестэрэатыпны падыход.
Для ілюстрацый і прадметнага абмеркавання будзе абрана нетыповая для рэфлексіўнага асэнсавання этнастэрэатыпаў прастора, а менавіта — сфера мастацтва, паглыбляючыся ў якую, наведвальнікі разам з лектаркай змогуць прааналізаваць асаблівасці візуалізацыі і канцэптуальнай інтэрпрэтацыі этнічных стэрэатыпаў у жывапісе.
Таксама слухачы атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з інструментамі і механізмамі канструявання вобраза Іншага ў мастацтве, даведацца пра што гавораць карціны, у якіх этнічная або нацыянальная ідэнтычнасць свядома рэдукаваныя, і на канкрэтных прыкладах не толькі паспрабаваць навучыцца распазнаваць этнічныя стэрэатыпы, але і абясшкоджваць іх.
Вольга Курбачова — кандыдатка філасофскіх навук, дацэнтка кафедры філасофіі і метадалогіі навукі факультэта ФФСП БДУ.
Квіткі — 15 рублёў (у кошт квітка на лекцыю ўваходзіць прагляд экспазіцыі). Рэгіструйцеся па спасылцы.