У суботу, 29 жніўня, у галерэі Савіцкага адбудзецца лекцыя «Я люблю свой горад. Мінск вачыма Максіма Крукоўскага».
Максім Крукоўскі — радыёвядучы, музыка і акцёр. У той жа час гэта чалавек, які любіў свой горад і ўнёс прыкметны ўклад у вывучэнне і захаванне гісторыі Мінска.
Пад яго кіраўніцтвам на «Радыё-Мінск» выходзіла праграма «Я люблю свой горад» пра гісторыю горада — усяго выйшла ў эфір больш за 1100 выпускаў.
У 2015 годзе Максім Крукоўскі вёў радыёпраграму «Землякі», прысвечаную жыццёваму і прафесійнаму шляху знакамітых ураджэнцаў Беларусі.
На вялікі жаль, у 2024 годзе Максім Аляксеевіч пайшоў з жыцця ва ўзросце 54 гадоў.
Сярод слухачоў і прыхільнікаў творчасці радыёвядучага быў Глеб Радзівонаў, выкладчык факультэта ангельскай мовы, кіраўнік і вядучы студыі падкастаў «Радыё іняз» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў.
Спадар Глеб сабраў архіў матэрыялаў, створаных пры ўдзеле Максіма Крукоўскага, і распрацаваў праекты па ўвекавечанні спадчыны і памяці радыёвядучага: кніга ў трох тамах, аўдыягід і тэматычны тэлеграм-канал.
На лекцыі вы пазнаёміцеся з выпускамі радыёпраграмы «Я люблю свой горад», лёсам і творчым шляхам Максіма Крукоўскага.
Уваход — па квітку ў музей.