Насуперак усім цяжкасцям нашага свету я захаваў частку той адухоўленай любві, у якой я быў выхаваны, і веру ў чалавека, які спазнаў любоў. У нашым жыцці, як і ў палітры мастака, ёсць толькі адзін колер, здольны даць сэнс Жыццю і Мастацтву, Колер Любві.
Марк Шагал
Марк Шагал па праве лічыцца адным з самых славутых майстроў ХХ стагоддзя. Творчасць мастака адрозніваецца незвычайнай рознабаковасцю: ён і малявальшчык, і гравёр, і жывапісец, і сцэнограф, і ілюстратар, і аўтар твораў манументальных і прыкладных відаў мастацтва, і паэт. Пры ўсёй разнастайнасці творчых інтарэсаў і сюжэтных тэм у творчасці Марка Шагала выразна прасочваецца галоўная лінія – любоў, якую мастак пранёс праз усё жыццё, да самай смерці. Любоў зямная і нябесная для яго некалькі дзесяцігоддзяў атаясамлівалася з рэальным вобразам жонкі Бэлы, якая ў творах мастака была ўвасабленнем Музы, Нарачонай, Жонкі, Прыгожай Дамы. Але была і любоў да сваёй Радзімы, роднага Віцебска, любоў да Парыжа і Францыі, любоў да свайго народу і фантастычная любоў да літаратуры…
Шырока вядомыя пранікнёныя ілюстрацыі Шагала да аўтабіяграфічнай кнігі «Маё жыццё» і да кніг Бэлы («Гарачыя агні», «Першая сустрэча», «Мае сшыткі»); вострыя па сваіх характарыстыках і назіраннях ілюстрацыі да «Мёртвых душ» Гогаля; ілюстрацыі да «Баек» Лафантэна, якiя адрозніваюцца разнастайнасцю вобразаў і колерапластычных рашэнняў; насычаныя колерам ілюстрацыі да рамана старажытнагрэчаскага пісьменніка Лонга «Дафніс і Хлоя», нарэшце, ілюстрацыі да «самай вялікай крыніцы паэзіі ўсіх часоў» – Бібліі. «Я заўсёды марыў працаваць над кнігамі», – пісаў Марк Шагал і паслядоўна рэалізоўваў гэтую мару на працягу ўсяго свайго творчага жыцця.
Выстава «Марк Шагал: Колер Любві» таксама звязана з Кнігай. Прадстаўленыя ў экспазіцыі літаграфіі былі зроблены Маркам Шагалам пераважна ў 1950–1960-я гады як ілюстрацыі да розных выданняў, але выданняў, прысвечаных самому Шагалу. Мастак выконвае ілюстрацыі да тэкстаў пра сябе, «ілюструе» самога сябе. Адсюль увесь найбагацейшы шэраг сюжэтных тэм, што адрознівае творчасць Шагала: пейзажы Віцебска, Парыжа, Сен-Поль-дэ-Ванса, закаханыя пары і маці і дзіця, фантастычныя істоты і сімвалічныя жывёлы, музыканты і, вядома, вобраз самога майстра.
У 1957 годзе ў парыжскім выданні Эме Мага (1806–1981) выйшла ў свет манаграфія «Шагал» вядомага французскага мастацкага крытыка і гісторыка мастацтва Жака Ласеня (1911–1983), з якім мастака звязвала шматгадовае сяброўства. Акрамя тэксту, фатаграфій і рэпрадукцый твораў Шагала, кніга ўключала 13 каляровых і 2 чорна-белыя літаграфіі, выкананыя мастаком у знакамітай парыжскай друкарскай майстэрні Фернана Мурло (1895–1988). З іх ліку на выставе прадстаўлены адзінаццаць каляровых і адна чорна-белая («Вёска») літаграфіі.
У 1965 годзе Жак Ласень апублікаваў кнігу «Плафон Парыжскай оперы», прысвечаную гісторыі стварэння і апісанню роспісу, над якім Марк Шагал працаваў у 1963–1964 гадах (урачыстае адкрыццё новага плафона Гранд-Апера адбылося ў верасні 1964 года). Для гэтага багата ілюстраванага выдання мастак стварыў франтыспіс – арыгінальную літаграфію, якая прадстаўляе адзін з фрагментаў роспісу плафона. Акрамя літаграфіі Шагала і вялікай колькасці фотаілюстрацый, кнігу дапаўнялі шэсць літаграфій, выкананых Шарлем Сарльерам (1921–1990) па творах мастака.
«Мне здаецца, што мне чагосьці не хапала, калі б я… не заняўся ў пэўны момант жыцця гравюрай і літаграфіяй… Калі я браў у рукі літаграфскі камень або медную дошку, мне здавалася, што ў мяне ў руках талісман. Мне здавалася, што я змагу змясціць на іх усе мае радасці і смутак. Усё, што напаўняла маё жыццё, – нараджэнне, вяселлі, смерці, кветкі, жывёл, птушак, бедных працоўных, бацькоў, закаханых у ночы, біблейскіх прарокаў на вуліцы, у храме і на небе… », – пісаў Марк Шагал. За сваю надзвычайную кар’еру мастак стварыў шматлікія графічныя творы – малюнкі, афорты, літаграфіі, тым самым пераканаўшы, што ён не толькі вялікі мастак-каларыст, але і майстар лініі і танальных адносін.
Графічная спадчына Шагала вельмі вялікая. У 1960 годзе ў выдавецтве Андрэ Сарэ ў Монтэ-Карла (існавала ў 1946–1980-х гадах) была апублікавана першая частка шасцітомнай працы – каталога-рэзанэ «Шагал. Літаграфіі» (апошні том выйшаў у свет у 1986 годзе). Для гэтага выдання, якое змяшчает экст на французскай і нямецкай мовах, Шагал выканаў 21 каляровую і 7 чорна-белых літаграфій. У экспазіцыі прадстаўлены тры літаграфіі да першага тома – «Аўтапартрэт», які стаў франтыспісам выдання, «Бухта анёлаў», «Прывід Парыжа», і дзве да другога (1963) – «Неба закаханых» і «Накцюрн Ванса».
На выставе экспануюцца літаграфіі, створаныя Шагалам спецыяльна для часопісаў «Derrière le miroir» («Дэр’ер ле міруар», «Па той бок люстэрка») і «Verve» («Верв», «Натхненне»), якія валодалі эксклюзіўным правам на публікацыю арыгінальных гравюр у сваіх нумарах. «Derrière le miroir», заснаваны парыжскім калекцыянерам, галерыстам і выдаўцом Эме Магам у 1946 годзе (першы нумар выйшаў у свет у кастрычніку 1946 года), стаў адным з найбуйнейшых выданняў, чые публікацыі працягваліся аж да 1982 года. За гэты час было апублікавана 253 нумары часопіса. № 99–100 за ліпень-жнівень 1957 года быў прымеркаваны да выставы Марка Шагала ў галерэі Маг. Аўтарам тэксту да выдання стаў вядомы французскі пісьменнік і эсэіст Жан Палан (1884–1968). Для гэтага нумара мастак выканаў 3 чорна-белыя і 4 каляровыя літаграфіі, з якіх дзве–«Канцэрт» і «Мастак і ягодвайнік»–прадстаўлены на выставе.
З выдавецтвам «Verve» франка-грэчаскага мастацкага крытыка і калекцыянера Эжэна Тэрыяда (Стратыс Элефтэрыядыс, 1897–1983) Шагала звязвалі шматгадовае сяброўства і плённае супрацоўніцтва. Часопіс«Verve»выдаваўся са снежня 1937 па 1960 год; за гэты перыяд было апублікавана 38 нумароў у 10 тамах. Да № 24 (1950) Шагал выканаў вокладку, у № 27–28 (1952) былі апублікаваны яго восем літаграфій, з ліку якіх тры («Плошча Згоды», «Маці і дзіця перад Нотр-Дам» і «Бачанне Парыжа») экспануюцца на выставе. У №№ 33–34 (1956) і 37–38 (1960) «Verve» была апублікавана знакамітая «Біблія» Шагала, якая стала сапраўды вяршыняй творчасці мастака.
«У мастацтве, як у жыцці, усё магчыма, калі ў аснове ляжыць любоў», – гаварыў Марк Шагал. Ён быў мастаком-гуманістам, які не толькі любіў жыццё ва ўсіх яго праявах, але і трансфармаваў гэтую любоў у свае творы, яркімі фарбамі ўслаўляючы любоў як чароўны дар.
Выстава «Марк Шагал: Колер Любві» працягвае традыцыю знаёмства з творчасцю вялікага майстра ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
У 1997 годзе адбылася першая сустрэча беларускага гледача з мастацтвам Марка Шагала, калі нашчадкі мастака – яго ўнучкі Бэла і Мерэт Меер, арганізатары экспазіцый Шагала ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і Музеі Марка Шагала ў Віцебску, прапанавалі адзначаць дзень нараджэння майстра (7 ліпеня) у Беларусі выставамі яго твораў. Гэта традыцыя захоўвалася на працягу некалькіх гадоў – да 2005 года. Услед за выставай «Марк Шагал. Творы міжземнаморскага перыяду. Гуашы, акварэлі, літаграфіі. 1949–1985» 1997 года былі наладжаны і іншыя: «Марк Шагал. Прысвячэнне Парыжу» (2000), «Марк Шагал. Пейзажы» (2002), «Марк Шагал і сцэна» (2004). У 2005 годзе ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (з 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) адбылася выстава «Марк Шагал. Колер у чорна-белым». Літаграфіі Марка Шагала былі прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь на выставе «Марк Шагал і мастакі еўрапейскага авангарду» з калекцыі Музея Марка Шагала ў Віцебску, якая адбылася ў 2010 годзе. У лістападзе 2012 – студзені 2013 года ў музеі экспанавалася выстава «Марк Шагал: жыццё і каханне» з калекцыі Музея Ізраіля (Іерусалім). Творы Марка Шагала з карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» і Музея Марка Шагала ў Віцебску былі паказаны ў 2012 годзе на выставе «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі». Тады ж паводле рашэння акцыянераў Белгазпрамбанка ў дар Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь былі перададзены два графічныя лісты мастака. У 2014 годзе работы Шагала з калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» ізноў былі прадстаўлены ў складзе экспазіцыі «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», а ў 2017 годзе – на выставе «Даторы, Шагал, Суцін, Хадасевіч-Лежэ. Энергія, экспрэсія, сімволіка і сны. Погляд на мастацтва Італіі першай паловы ХХ стагоддзя». Такім чынам, беларускі глядач атрымаў унікальную магчымасць паступова знаёміцца са шматграннай творчай спадчынай нашага вялікага суайчынніка.
СвятланаПракоп’ева,
вядучы навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва