Гомельскі палацава-паркавы ансамбль сёлета плануе ажыццявіць у “Ноч музеяў” арыгінальны музычна-выставачны праект «Гукі часу», асноўная ідэя якога – злучыць паказ музейных прадметаў у залах палаца Румянцавых і Паскевічаў з музыкай, характэрнай для часу іх стварэння і існавання. Увазе будуць прадстаўлены новыя выставы, частка з якіх арганізавана ў супрацоўніцтве з іншымі музеямі і ўстановамі культуры і прыватнымі калекцыянерамі. Выбудаваныя пэўным чынам экспазіцыі і выставы, якія суправаджаюцца адпаведным музычным фонам, дазволяць наведвальніку акунуцца ў рознагалоссе эпох, адчуць, што час, пры пэўнай падачы і інтэрпрэтацыі, можа загучаць адзіным гарманічным акордам.
Выстава гадзіннікаў у інтэр’еры эпохі Напалеона III «Ідуць гадзіны, і дні, і гады …» са збору калекцыянера Сяргея Пуціліна дазволіць адчуць жывое гучанне таго даўняга часу, якое дагэтуль захоўваецца ў старадаўніх гадзінніках, а гэта сапраўды тое, што варта паслухаць!
У аснове музычнай культуры чалавецтва першапачаткова ляжалі гукі прыроды: звон капяжу, цурчанне ручая, грымоты, спевы птушак, роў жывёл. Успрыманыя спачатку як дадзенасць, яны сталі паступова прадметам пераймання, прайграванага з дапамогай самых прымітыўных інструментаў. Так загучалі першыя бубны, ляскоткі, дудачкі і жалейкі. Іх гук можна будзе пачуць у залах археалагічнай экспазіцыі палаца Румянцавых і Паскевічаў, а гомельскі майстар-кераміст П.І. Гвоздзеў правядзе майстар-клас «Гукі, застылыя ў гліне» па лепцы вырабаў з гліны і ігры на свістульцы, падчас якога наведвальнікі выставы змогуць дакрануцца да асноў старажытнага ганчарнага мастацтва і пачуць гучанне гатовых вырабаў майстра.
Выстава «А музыка гучыць …» адлюстроўвае ўсю разнастайнасць музычных інструментаў, іх характэрныя асаблівасці, развіццё і эвалюцыю ў часе. Так, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Беларуская дзяржаўная філармонія і універсітэт культуры пададуць для паказу найцікавейшую калекцыю музычных інструментаў розных эпох. Унікальныя музычныя механізмы і прыстасаванні паступяць таксама з прыватных сходаў. Вы зможаце ўбачыць у амаль максімальнай шыраце ўсю палітру прафесійных, і не толькі, выканальніцкіх музычных інструментаў: струнных, духавых, клавішных, даведаецеся адноўленую гісторыю і адчуеце чараўніцтва музыкі, а інструментальнае трыа “Лірыца” выдатна дапоўніць экспазіцыю залы сваёй праграмай «І жартам, і сур’ёзна ». Ну а прыхільнікам самага папулярнага і знакамітага ў гісторыі Беларусі вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» будзе прадастаўлена магчымасць бачыць інструменты і асабістыя рэчы яго легендарнага кіраўніка – самага беларускага небеларуса – Уладзіміра Мулявіна.
Выстаўка “У старой гомельскай гасцінай не змаўкае піяніна», размешчаная ў пастаяннай экспазіцыі “Інтэр’ер канца XIX – пачатку XX стагоддзя», раскажа пра існаванне музыкі ў гарадскім асяроддзі ў пазначаны перыяд, а таксама там можна будзе ўбачыць фатаграфіі і нотны матэрыял, які ме адносіны да вядомых музычных дзеячаў Гомеля. Акрамя таго, каб у поўнай меры перанесціся ў часе і адчуць сябе сапраўднай дамай (або кавалерам) з вышэйшага грамадства, увазе гасцей гэтай залы будуць прадстаўлены выдатныя гарадскія рамансы ў выкананні Алесі Брэль (сапрана).
Хто ведае, чаму нават у страшныя гады вайны, музы, што прыглушаліся часам смяротнай кананадай гармат і выццём бомбаў, усё ж не маўчалі? Чаму сталі практычна роднымі для сваіх уладальнікаў сумленна і аддана служылі ім у гады шчасця і гора народныя ўлюбёнцы – гармонікі і акардэоны? Як музыка дае сілы, веру і надзею, натхняе на подзвігі і прымушае ўсміхацца скрозь слёзы? Выстава «Аб тых, хто змагаўся і перамог» – прысвечана нашым землякам, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны і сваім баявым подзвігам наблізілі доўгачаканы Дзень Перамогі. Сапраўдныя фатаграфіі, дакументы, узнагароды, асабістыя рэчы распавядаюць аб тых памятных падзеях і іх удзельніках. Наведвальнікі змогуць пачуць і самі праспяваць песні ваенных гадоў, правесці фотасесію, прыняць удзел у вырабе памятнага сувеніра.
Свет і новае жыццё, якія наступілі пасля вайны, пакажа выстава «Нам песня строить и жить помогает», якая ахоплівае канец 1940-х – 1960-я гг. Тут жывапіс вядомых мастакоў (Б. Звінагродскі, В. Казачэнка, Е. Машкоўцава, В. Рыкалін і інш.) захаваў працоўныя будні і хвіліны адпачынку рабочых і сялян. А фатаграфіі, прысвечаныя такой масавай і папулярнай з’яве як мастацкая самадзейнасць, і сапраўдныя прадметы таго часу (сродкі прайгравання музыкі, ўзоры адзення і мэблі з фондаў музея і прыватнай калекцыі Валерыя Грымашэвіча) дазволяць не толькі перадаць дух часу, але і паказаць ролю песні ў жыцці пасляваенных пакаленняў.
У гэтай зале можна будзе паўдзельнічаць у інтэлектуальнай гульні «Адгадай мелодыю» і ўспомніць усім вядомыя і любімыя мелодыі. Вядучы гульні – кіраўнік клуба інтэлектуальных гульняў, Лаўрэат прэміі Міжнароднай асацыяцыі клубаў «Што? Дзе? Калі? », Двухразовы чэмпіён Беларусі па спартыўнаму « Што? Дзе? Калі? » і « Брэйн рынгу” Леанід Клімовіч. Самыя лепшыя знаўцы савецкай пасляваеннай музыкі будуць узнагароджаны памятнымі сувенірамі.
Старадаўнія вальсы і рамансы, матывы танга і факстрота, якія хвалявалі нашых прабабуль і бабуль, рытмы «вар’яцкіх» 1960-х з «Бітламі», «Роўлінгамі», «Цепелінамі» і іншымі, класіка караля рока Элвіса Прэслі, незабыўная плеяда савецкай эстрады 1970- х – 1980-х у асобе Мусліма Магамаева, Валерыя Абадзінскага, Эдыты П’ехі, сучасны рэп і тэхнамузыка, а таксама многае і многае іншае – уся гэтая гама несумяшчальнай па часе і выкананню музыкі знойдзе сваё гарманічнае спалучэнне ў экспазіцыі «ГрамаФОН, патэФОН, магнітаФОН» . Эбанітавыя пласцінкі, вінілавыя дыскі, магнітныя стужкі і сучасныя лічбавыя гукаўзнаўляючыя тэхналогіі – завяршальная частка парада выстаў, аб’яднаных агульнай назвай «Гукі часу».
Але, акрамя «выставачнай» часткі, адным з асноўных акцэнтаў стане шоу-праграма, якая пройдзе ў Калоннай зале палаца.
Такім чынам, у Калоннай зале палаца (19.00 – 19.40; 21.20 – 22.00) вы зможаце акунуцца ў атмасферу 20-х гадоў XX стагоддзя. «Залатыя дваццатыя» адзначыліся «эпохай джазу», у гэты час з’яўляюцца духі Chanel No. 5, у моду ўваходзіць прычоска карэ і маленькая чорная сукенка ад Како Шанэль. Усе жадаючыя змогуць навучыцца танцаваць Чарльстон, убачаць паказ мадэляў у стылі 20-х ад Цэнтра моды і прыгажосці «Крыштальная німфа», а азартных гульцоў чакае распаўсюджаная ў той час гульня покер.
Тут жа разгорнецца сучаснае танцавальнае прадстаўленне (20.00 – 21.10) – студыя сучаснай харэаграфіі «Цеплаабмен» з праграмай «Фабрыка барока» і пластычны тэатр «Look Around», які сумяшчае старыя каноны Break Dance і наватарскія стылі розных напрамкаў, прадставяць увазе гледачоў сваю эксперыментальную харэаграфію.
У Белай гасцінай палаца ў 21.30 пройдзе канцэрт рэтра-біт-групы «Ятата» пад кіраўніцтвам вядомага гомельскага джазавага выканаўцы Аляксандра Цыганка, які пазнаёміць гледачоў з праграмай «Фрбы адлігі». Гурт выканае простую, няхітрую і вельмі шчырую музыку пачатку 60-гадоў (перыяду да пачатку культуры «хіпі» і павальнага захаплення «блюзам»), так званую скіфл-музыку, праводзячы паралелі паміж брытанскай музыкай і савецкай эстрадай таго часу.
Пандус палаца
18.00 – 22.30. На тэрыторыі парку на пандусе перад палацам для вас будзе імправізаваць гомельскі DJ Аля.
22.30 – 23.00. Выступленне беларускай рок-групы Drum Ecstasy.
Гурт грае рок-музыку з выкарыстаннем бас гітары і трох барабанаў, акрамя таго выкарыстоўваюцца гукі электрапілы і электрадрылеў. Музыкі граюць на розных пляцоўках, выступалі на разагрэве ў Мэрліна Мэнсана і Led Zeppelin.
У 23.00 сінхранізаваныя піратэхнічнае шоў у музычным суправаджэнні групы Drum Ecstasy завершыць святочную праграму гэтага вечара.
Месца правядзення: цэнтральная частка і пандус палаца Румянцавых і Паскевічаў.
Дата і час правядзення мерапрыемства: 15 мая 2015 года, 19.00-23.00