15 і 16 лістапада на сцэне Przewodnik, у Драматычным тэатры Варшавы, адбудзецца паказ спектакля “Бежанцы 1915” паводле кнігі Анэты Прымака-Анішчык «Bieżeństwo 1915. Zapomniani uchodźcy» ў рэжысуры Андрэя Новіка.
“Бежанцы 1915” — гэта кранальная гісторыя пра жыхароў усходняй Польшчы, якіх царскія ўлады вымусілі эвакуявацца ўглыб Расіі пасля пачатку Першай сусветнай вайны. Спектакль з поспехам прайшоў у Беластоку ў межах Ночы расстраляных паэтаў — квіткі былі раскупленыя за некалькі дзён.
У творчым праекце гучаць чатыры мовы: беларуская, польская, руская і мясцовы беларускі дыялект з Падляшша.
Актуальнасць тэмы, прафесійнае выкананне, эмацыйнасць, гісторыя страты, чакання і вяртання дапамогуць гледачу пераасэнсаваць сучасную рэчаіснасць і пагрузіцца ў кантэкст гісторыі, якая адгукаецца беларусам і сёння.
“Бежанцы 1915” рэалізаваны варшаўскім калектывам BYTeatr, які аб’ядноўвае беларускіх драматургаў, рэжысёраў, актораў, мастакоў і іншых людзей тэатра. Праекты BYTeatr ствараюцца ў капрадукцыі з польскімі партнёрамі і на іх пляцоўках.
Захоўваючы свой твар, беларускую ідэнтычнасць і мову, беларускія творцы ўступаюць у дыялог з культурай краіны, што прыняла і падтрымала беларусаў у няпросты для нашай гісторыі час.
Усе праекты BY Teatr стварае на аснове сучаснай беларускай драматургіі, робячы тэатр адным з цэнтраў вольнай і сучаснай беларускай культуры.
Квіткі па спасылцы