Пэтсан і Фіндус зноў у Мінску!

26.05.2017 18:00 - 18:00 Галерэя Ў (пр. Незалежнасці, 37а) Уваход вольны

Запрашаем дзетак і іх бацькоў 26 мая ў мінскую галерэю «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а) на прэзентацыю адразу дзвюх кніг шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста — «Пэтсан сумуе» і «Паляванне на ліса» — з удзелам акцёраў Паўла Харланчука і Ганны Хітрык. Пачатак у 18.00. Уваход вольны!

Шыкоўна ілюстраваныя гісторыі пра дзядулю Пэтсана і кацянятка Фіндуса пабачылі свет у серыі «Каляровы ровар» Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор» і ўжо чакаюць чытачоў на паліцах мінскіх кнігарняў.

Сімпатычныя і забаўныя героі Пэтсан і Фіндус, якія ажылі на старонках кніг шведскага аўтара, не маюць патрэбы ў прадстаўленні — яны вельмі папулярныя па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, і казкі пра іх пераствораныя больш чым на 30 моў. На нашай роднай мове выйшлі кнігі “Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды”, пасля — “Блінны торт” і «Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі» (усе пераклала Надзея Кандрусевіч).

А зараз серыя для дзяцей працягваецца чарговымі гісторыямі, з якіх юныя чытачы і чытачкі даведаюцца, як коцік Фіндус паляпшаў настрой дзядулі Пэтсана з дапамогай… рыбалкі (“Пэтсан сумуе”) і якім чынам героі адпужвалі ад сваёй хаты ласага да курэй ліса (“Паляванне на ліса”).

Прыходзьце на імпрэзу, будзе цікава!

Арганізатар  — ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, партнёр грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” пры ўдзеле Амбасады Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

 


Вам можа быць цікава

Выстава "Імаджынарыум Сальвадора Далі" ў Мінску (18+)

28.02.2026 10:00 - 12.04.2026 19:00 Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

Iva Sativa ў Гданьску

26.03.2026 (20:00 - 22:00) Czudner SPOT (Łąkowa 35)

Кава з гісторыкам у Фларэнцыі

28.03.2026 (12:30 - 14:30) Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці (Via G. Garibaldi, 79)

Iva Sativa на Кіпры

30.03.2026 (20:00 - 22:00) Music Hall (Georgiou 'A 89A)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ