Прэзентацыя кнігі “Лёс інсургента: Дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе”

05.11.2019 18:30 - 19:00 Музей “Дом Ваньковічаў” (вул. Інтэрнацыянальная, 33А) Уваход вольны

5 лістапада ў 18:30 у Доме-музеі Ваньковічаў (Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33А) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя кнігі Людмілы Хмяльніцкай “Лёс інсургента: Дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе”.

Біяграфія аднаго з выбітных дзеячаў польска-беларускага культурнага памежжа, удзельніка паўстання 1830—1831 гг., паэта, аднаго з першых беларускіх фатографаў Аляксандра Рыпінскага выйшла ў серыі “Наша ХІХ стагоддзе” выдавецтва “Лімарыус” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

“Вывучэнне беларускага фальклору, заахвочанае любоўю да мовы і народа, сярод якога рос, а таксама ўласныя літаратурныя творы, напісаныя на роднай яму польскай мове, робяць творчасць А. Рыпінскага здабыткам адразу дзвюх славянскіх літаратур — польскай і беларускай. Яшчэ з маладых гадоў А. Рыпінскі жыў толькі ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі пра гонар і абавязак. Яго пераследавалі ўлады царскай Расіі, і ён быў вымушаны пакінуць месцы, дзе нарадзіўся. Раптоўныя развітанні з сябрамі і блізкімі, суровае жыццё эмігранта, якое прымушала да пераездаў з краіны ў краіну, да нечаканай змены дзейнасці, разумелася не ўсімі нават у яго акружэнні...”, - адзначае аўтарка.

Дакументальная аповесць віцебскай даследчыцы Людмілы Хмяльніцкай заснавана на архіўных матэрыялах. Сярод герояў гэтай кнігі таксама паэты Адам Міцкевіч і Вільгельм Кюхельбекер, палітыкі Адам Ежы Чартарыйскі і Анджэй Тавяньскі, імператары і міністры, дыпламаты і вайскоўцы. У кнізе апісваецца жыццёвы шлях Аляксандра Рыпінскага ад навучання ў Віцебскай базыльянскай гімназіі да жыцця ў эміграцыі і вяртання на радзіму, прадстаўляецца агляд друкаванай і нявыдадзенай творчай спадчыны. Упершыню падрабязна разглядаюцца апошнія гады жыцця, падаюцца дата смерці і месца пахавання.

Аляксандр Рыпінскі, аўтар першай кнігі пад назвай “Беларусь” („Białoruś”), вяртаецца на радзіму.

У прэзентацыі бяруць удзел:

Людміла Хмяльніцкая, гісторык культуры, аўтарка кнігі; Ірына Багдановіч, кандыдат філалагічных навук, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў; Дзмітрый Матвейчык, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі; Сямён Букчын, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік

Мадэратар - Аляксандр Фядута, доктар габілітаваны гуманітарных навук, каардынатар выдавецкай серыі "Наша XIX стагоддзе".

УВАХОД ВОЛЬНЫ


Вам можа быць цікава

Хор «Навокал» у Вільні

16.05.2026 (15:30 - 16:00) (Pilies gatvé 1)

Жаночы кватэрнік на Коласавай сядзібе ў Мінску

20.05.2026 (18:30 - 20:30) музей 1-га з’езда РСДРП (пр-т Незалежнасці, 31А)

Спектакль «Чорт і баба» ў Брэсце (16+)

21.05.2026 (20:00 - 22:00) Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы (вул. Леніна, 21)

Спектакль «Мінскае мора» ў Варшаве (16+)

29.05.2026 (19:00 - 20:20) Garnizon Sztuki (Marii Konopnickiej 6)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ