Прэзентацыя кнігі Вольгі Лабачэўскай «Беларускія посцілкі і дываны: Антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы»
Пачатак: 30.09 (17:30)Канец: 30.09 (17:30)
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
30 верасня 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя новай кнігі доктара мастацтвазнаўства, дацэнта, прафесара кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэата Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва за 2020 г. у намінацыі «Мастацтвазнаўства і крытыка» Вольгі Аляксандраўны Лабачэўскай «Беларускія посцілкі і дываны: Антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы» («Беларуская навука», 2021). Пачатак у 17:30.
Вольга Аляксандраўна Лабачэўская (нар. 29.09.1951, г. Цюмень, Расія).
Адукацыю атрымала на факультэце тэорыі і гісторыі мастацтва ў Iнстытуце жывапiсу, скульптуры i архiтэктуры iмя I. Я. Рэпiна ў Ленінградзе. У Навукова-даследчым iнстытуце мастацтвазнаўства Акадэмii навук СССР у Маскве абаранiла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Народнае мастацтва саломапляцення Беларусi» (1988). Пасля заканчэння дактарантуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «тэорыя і гісторыя мастацтва» абараніла доктарскую дысертацыю па тэме «Беларускі народны тэкстыль: традыцыі і мастацкія навацыі ў ХХ ст.» (2014).
Вывучае пытанні тэорыі і гісторыі беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, промыслаў і рамёстваў; беларускае саломапляценне, традыцыйны касцюм і тэкстыль; даследуе праблематыку трансфармацыі народных мастацкіх традыцый, антрапалогію і гендэрныя аспекты народнай творчасці, яе сувязь з абрадамі і рытуальнымі практыкамі. Даследуе інсітнае мастацтва як від народнай творчасці, гісторыю этнаграфічнай фатаграфіі на Беларусі.
Аўтар каля 250 публікацый, у тым ліку навуковых манаграфій: «Зберагаючы самабытнасць: з гісторыі народнага мастацтва і промыслаў» (1989), «Захавальнік Палескага музея — Дзмітрый Георгіеўскі» (2001), «Повязь часоў — беларускі ручнік» (2002, 2009), «Белорусский народный костюм: крой, вышивка и декоративные швы» (2009, 2013, 2016), «Белорусский народный текстиль: художественные основы, взаимосвязи, новации» (2013), «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911–1912 гадоў» (2011), «Вандроўкі па Палессі» (2021); манаграфій аб творчасці народных майстроў: «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка» (2008) і «Палескія былі ў творах Івана Супрунчыка» (2012).
За навуковае даследаванне феномена беларускага мастацтва — саламяных царскіх варотаў канца XVIII — пачатку ХІХ ст. — і выданне кнігі «Мастацтва дзеля Славы Божай» (2018) удастоена Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва за 2020 г. у намінацыі «Мастацтвазнаўства і крытыка».
Была арганiзатарам шэрага навукова-даследчых i культурна-асветнiцкiх праектаў, прысвечаных вывучэнню і папулярызацыі беларускiх народных паясоў, ручнікоў, падвойнаму ткацтву, інсітнаму мастацтву, а таксама каардынатарам беларуска-польскiх праектаў, прысвечаных традыцыйнай культуры Палесся. Аўтар ідэі і каардынатар Беларуска-расійскага сацыяльна-культурнага праекта «Вяртанне» (2017), прысвечанага культуры беларускіх перасяленцаў у Сібіры.
З’яўляецца аўтарам сцэнарыяў дакументальных фільмаў, якія былі зняты на РУП «Белвідэацэнтр»: «Саламяны скарб» (1992), «Падарожжа ў краіну Insitus (1992), «Уваскрашэнне традыцый» (1993), «Народныя мастакі» (1994), «Каменныя "дзевачкі"» (2010); і іншых студыях: «Брацкая свечка» (2012), «Палігон» (2015), «Самаходы» (2017).
У новай кнізе Вольгі Лабачэўскай «Беларускія посцілкі і дываны: Антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы» (Мінск: Беларуская навука, 2021. — 286 с.) прадстаўлены асноўныя віды і мастацка-тэхналагічныя асаблівасці тканых посцілак і дываноў, якія былі зроблены ў беларускай вёсцы ў канцы ХІХ—ХХ ст. Даследуецца антрапалогія гэтых рэчаў, якія знітаваны з чалавекам традыцыйнай культуры, спадарожнічалі яму ў побыце і абрадах, па-мастацку выявілі яго ідэалы і ўяўленні аб прыгажосці. Творы народнага тэкстыльнага мастацтва разгледжаны як выдатная з’ява беларускай нацыянальнай культуры.
У альбомнай частцы выдання апублікаваны 271 твор народнага тэкстыльнага мастацтва, фрагменты арнаменту посцілак і дываноў, што зберагаюцца ў музеях краіны і былі зафіксаваны ў экспедыцыях па даследаванні народнага ткацтва аўтарам і сябрамі РГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства».
Выданне дапоўнена слоўнікам народнай тэрміналогіі ў гэтай галіне. Яно будзе карысна ў музейнай справе, дызайнерам і мастакам, у працы дамоў рамёстваў і шырокаму колу аматараў беларускага народнага мастацтва.