Прэзентацыя кнігі Андрэя Масквіна «Беларускі тэатр 1920-30-х: адабраная памяць»

22.12.2016 19:00 - 19:00 Кнігарня логвінаЎ (пр. Незалежнасці, 37а) Бясплатнае

22 снежня ў 19-00 у кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці 37а) адбудзецца прэзентацыя беларускага пераклада кнігі Андрэй Масквіна «Беларускі тэатр 1920-30-х: адабраная памяць», якая выйшла ў выдавецтве «ЛогвінаЎ». Прэзентацыя адбудзецца з удзелам аўтара.

Кніга прысвечаная станаўленню беларускага прафесійнага тэатра ў 1920-я гады, а таксама паказвае працэс рэпрэсій у 1930-я, ахвярамі якіх стала вялікая колькасць дзеячоў беларускага тэатра.

Таня Арцімовіч, рэдактарка кнігі:

«Кніга Андрэя Масквіна ‘Беларускі тэатр 1920-30-х:  адабраная памяць’ для нашага кантэксту ўнікальная. Гэта першае выданне, у якім не проста здзейсненая спроба рэканструкцыі беларускага тэатра перыяду ягонага прафесійнага станаўлення. У кнізе ўпершыню паўстае шмат імёнаў і падзей, якія ў савецкі перыяд былі выкрасленыя з нашай культурнай памяці. Крок па кроку рэканструюючы падзеі той пары, аўтар звяртаецца да крыніцаў, доўгія часы недаступных для даследчыкаў, такім чынам вяртаючы беларускаму тэатру ягоную памяць і гісторыю. Гэта той тэатр — па-сапраўднаму сучасны, авангардны і жывы, — які мог бы адбыцца, але трапіў пад нож рэпрэсіўнай машыны, маштаб дзейнасці якой для нашай культуры стаўся катастрафічным. Але памяць магчыма адрадзіць. Дзякуючы кнізе мы можам успомніць і вярнуць у гісторыю імёны людзей, чыімі намаганнямі фармавалася нашая культурная ідэнтычнасць, і з упэўненасцю сказаць: гэтыя высілкі не былі дарэмнымі».

Пераклад Марыі Пушкінай і Алены Пятровіч, рэдактаркі Таня Арцімовіч і Алена Мальчэўская, карэктура Ліда Наліўка, дызайн Кацярына Пікярэня, вёрстка Мак Разанаў.

Пра аўтара

Андрэй Масквін, доктар філалагічных навук, дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта. Супрацоўнік Кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Katedra Studiów Interkulturowych Europy Środkowo-Wschodniej). Выпускнік Кафедры славянскай філалогіі МДУ (1986). Выкладаў ва ўніверсітэтах Расіі (Краснаярск, Санкт-Пецярбург), Чэхіі (Пльзень) ды Італіі (Бэргама). Аўтар шматлікіх публікацый па пытаннях мастацтва, тэатру і кіно. Займаецца праблемамі славянскай драматургіі і тэатру. Папулярызуе беларускую драматургію за мяжой (у прыватнасці ў Польшчы). Жыве ў Варшаве.

Набыць кнігу можна ў кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасці 37а), а таксама ў іншых кнігарнях Мінска.

Выданне рэалізаванае ў межах адукацыйнага праекта Платформы перфарматыўных практык «зЕрне».

Падзея на FB.


Вам можа быць цікава

Выстава «Народны касцюм. Мінская вобласць» у Мінску

02.07.2025 17:30 - 07.09.2025 20:00 мастацкая галерэя «Цэнтр» (вул. Гікалы, 4)

Купалле ў Суле

05.07.2025 14:00 - 06.07.2025 17:30 парк гісторыі Сула

Андрусь Такінданг у Берліне

10.07.2025 (19:00 - 21:00) kvartira62 (Lübbener Str. 18)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ