28 чэрвеня 2017 года а 17-ай гадзіне ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў (Палац мастацтва, вул. Казлова, 3) адбудзецца прэзентацыя праекта “Паралелі”. Праект аб’яднаў выдатных творцаў мастацкага тэкстылю: Ларысу Густаву, Людмілу Пуцейка, Людмілу Пятруль, Галіну Крываблоцкую і Вольгу Рэднікіну.
У гэтым годзе Ларыса Густава і Людміла Пуцейка, Людміла Пятруль адзначаюць юбілеі. Народжаныя ў 50-я гады, яны сфарміраваліся як мастакі пад мірным стваральным небам, адны з першых абралі сабе прафесію мастака па тэкстылю на зусім яшчэ маладой тады кафедры тэкстылю і мадэліравання ў БДТМІ. У пачатку 70-х гадоў мастачкі сталі актыўна ўдзельнічаць у выстаўках. У другой палове 70-х да іх далучылася і Галіна Крываблоцкая.
Кожная самастойна пракладвала сваю сцежку ў мастацтве, а захапленне жыццём, прыгажосцю свету, натхненне і працавітасць не пакідалі і не пакідаюць іх і зараз, што бачна па іх творах. Усе яны шчыра адкрывалі сябе свету і трывала ўвайшлі ў шэраг заснавальнікаў школы нацыянальнага габелена. Як нітачкі асновы, нацягнутыя паралельна падчас ткацтва, так і іх паралельныя сусветы творчасці і лёсу ўткаліся ў палатно беларускага дэкаратыўнага мастацтва.
Разам з прадстаўнікамі школы заснавальнікаў беларускага габелена ў выставе ўдзельнічае і адна з пераемніц гэтых цудоўных традыцый – Вольга Рэднікіна – маладая, але ўжо добра вядомая мастачка. У сваіх працах шмат увагі яна надае колеравым і светавым нюансам, эксперыментуе з матэрыялам і формамі. Нягледзячы на тое, што Вольга знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, выкарыстоўвае разнастайныя матэрыялы і даследуе магчымасці тэкстыльных тэхналогій, усе яе творчыя работы аб’ядноўвае агульны настрой – цеплыня і любоў да свету.
Густава Ларыса Мікалаеўна нарадзілася 29 студзеня 1947 года ў Каўнасе, Літва.
Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1965 г. жыве ў Мінску.
Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў тэхніцы габелена.
1973-1976 гг. – мастак Беларускага тэлебачання.
1987-2015 гг. – мастак Мінскага мастацкага камбіната і Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А.М.Кішчанкі.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1971 г. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1994 г.
2007 г. – узнагароджана медалём БСМ “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.
2010 г. – узнагароджана граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За выдатныя творчыя дасягненні ў галіне мастацтва, асабісты ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва і актыўны ўдзел у мастацкім жыцці Рэспублікі Беларусь”, граматамі Беларускага саюза мастакоў.
2016 г. – нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
Пуцейка Людміла Леанідаўна нарадзілася 13 сакавіка 1947 года ў Бабруйску. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча (1967 г.), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975 г.). Вучылася ў М.Р. Залознага, А.В. Бараноўскага, П.В. Масленікава.
Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (габелен), а таксама ў акварэлі і жывапісе.
Сябра Баларускага саюза мастакоў з 1988 года.
У 2007 г. узнагароджана медалём БСМ “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.
2010 г. – узнагароджана граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Пятруль Людміла Іванаўна нарадзілася 15 верасня 1947 года ў в. Мацвееўка Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.
Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на кафедры мастацкага афармлення вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці (1966–1971 гг.). Вучылася ў М.А. Веціка, І.К. Утарушына, А.В. Бараноўскага. Удзельніца выставак з 1972 года.
Выкладала ў дзіцячай мастацкай школе №2 (1980–1982), Беларускай акадэміі мастацтваў (1989–1995), дзіцячай школе мастацтваў (з 1982).
З 1984 года — сябра Беларускага саюза мастакоў. Жыве ў Мінску.
У 2001 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Рэтраспекцыя Людмілы Пятруль ахоплівае 1970-я-2015-я гады і паказвае эвалюцыйны шлях беларускага мастацкага тэкстыля, паступовы пераход ад традыцыйнага прамавугольнага габелена да аб’ёмна-прасторавай інсталяцыі з інтэрактыўнай функцыяй непасрэднага кантакта з гледачом.
Крываблоцкая Галіна Пятроўна нарадзілася 26 ліпеня 1953 года ў в. Янкі Докшыцкага сельсавета. Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Вучылася ў П.В. Масленікава, А.В. Бараноўскага, М.Ф. Раманюка. 3 1976 г. працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва, з 1993 г. – выкладчык Беларускага каледжа мастацтваў. Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Удзельніца мастацкіх выставак з 1976 г. Сябра Беларускага саюза мастакоў (1985).
Пасля вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце, творчы шлях мастачкі пачаўся з працы над сценічнымі вобразамі да фолк-оперы-прытчы “Песня пра долю” у выкананні ВІА “Песняры”. Потым былі распрацаваны сценічныя косцюмы для іншых калектываў Рэспублікі Беларусь. Але ўсё ж у творчасці Галіны асноўнае месца займае габелен. Дыяпазон яе творчасці шырокі: ад інсталяцыі да аб”ёмнай тэкстыльнай пластыкі, ад міні-габелена да манументальных габелен-заслонаў.
Творы Галіны Крываблоцкай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Літаратурным музеі Я. Купалы (Мінск), Музеі беларускай культуры ў г. Гайнаўка (Польшча), Палацы культуры г. Бярдзічаў (Украіна), у прыватных зборах у ЗША, Індыі, Германіі і інш.
Рэднікіна Вольга Аляксандраўна нарадзілася 25 жніўня 1976 года ў Мінску, у 2000 г. скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, вучылася на кафедры касцюма і тэкстылю. Яшчэ падчас вучобы пачала ўдзельнічаць у рэспубліканскіх і міжнародных выставах.
З 2011 г. працуе ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў.
Тэрмін правядзенне выставы: з 28 чэрвеня па 7 ліпеня 2017 года, штодзень з 11.00 да 19.00, апрача панядзелка. Тэлефоны для даведак: (017) 288 15 49, (017) 290 60 10 – Палац мастацтва (017) 296 67 84 – Беларускі саюз мастакоў.
З інфармацыяй пра мінулыя, дзейныя і запланаваныя выставы можна азнаёміцца на сайце Беларускага саюза мастакоў www.belartunion.by