Прэзентацыя пяці тамоў дзённікаў Рыгора Барадуліна
Пачатак: 01.03 (18:00)Канец: 01.03 (18:00)
Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
1 сакавіка 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры
адбудзецца прэзентацыя пяцітомнага збору “Дзённікаў і запісаў”
народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
Пяць год таму адышоў ад нас народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч
Барадулін. Не так і шмат выйшла кніг за гэты час, прысвечаных яго
памяці. Асноўнае з выданняў — пяць тамоў “Дзённікаў і запісаў”
(1951-1991), здзейсненых у межах выдавецкай серыі “Людзі Беларусі”,
заснаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў
свету “Бацькаўшчына”. Падрыхтоўку да друку, расчытванне рукапісаў і
каментаванне гэтага ўнікальнага выдання ўзяла на сябе Наталля
Давыдзенка.
У першы выпуск дзённікаў і запісаў (1951—1969) народнага паэта
Беларусі Рыгора Барадуліна ўвайшлі вершы, якія не друкаваліся ў
ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаванні, дарчыя надпісы, а
таксама малюнкі і аўтографы яго сяброў і знаёмых. Упершыню была
надрукаваная самая першая невядомая раней паэма “Зацвітаюць купавы”
(1958—1959), прысвечаная лёсу бацькоў паэта. Асобныя спасылкі на творы
аўтара дапамогуць асабліва ўважлівым да яго жыцця, асобы і творчасці
чытачам арыентавацца ў вялікай творчай спадчыне паэта. У другім
выпуску (нататнікі за 1970—1978 гг.) сабраныя рабочыя штодзённікі,
запісы шматлікіх паездак па гарадах і вёсках Беларусі, па рэспубліках
Савецкага Саюза, а таксама зацемкі аб пабачаным ў падарожжы ў
Фінляндыю, Швецыю і Данію. Трэці выпуск “Дзённікаў і запісаў.
1979—1982” змяшчае тэксты аб працяглых паездках паэта на Кубу, у
Балгарыю, Італію, Чэхаславакію, у многія рэспублікі Савецкага Саюза, а
таксама па Беларусі. Чацвёрты выпуск “Дзённікаў і запісаў” ахоплівае
1983–1988 гады і адметны нататкамі народнага паэта Беларусі Рыгора
Барадуліна адметны нататкамі пра яго ўдзел у працы ХХХІХ сесіі
Генеральнай Асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР і пра паездку ў
далёкія і загадкавыя Індыю і Непал, а таксама не менш цікавыя — у
Францыю, Балгарыю, Польшчу і пра больш звыклыя — у рэспублікі
Савецкага Саюза і дарагія сэрцу родныя мясціны. Пяты выпуск “Дзённікаў
і запісаў. 1989–1991” яскрава адлюстраваў новы час нашай гісторыі —
перабудова, дэмакратыя, галоснасць, а за імі нечаканае знікненне СССР
і нарэшце — незалежнасць Беларусі і іншых рэспублік былога Савецкага
Саюза. Адбыліся паездкі паэта ва Украіну, Узбекістан, Таджыкістан і
Туркменію, а таксама ў Кітай і Францыю. Таксама ў гэтую кнігу,
выдадзеную ў серыі “Людзі Беларусі”, як і ў чатыры папярэднія, увайшлі
вершы, раней не друкаваныя ў зборніках паэта, а таксама вясёлыя
сяброўскія віншаванні, невядомыя фатаздымкі, прысвячэнні і малюнкі.
1 сакавіка 2019 года арганізацыі-заснавальнікі серыі “Людзі Беларусі”
запрашаюць усіх прыхільнікаў таленту дзядзькі Рыгора на прэзентацыю
пяцітомніка “Дзённікі і запісы”, якая адбудзецца ў Дзяржаўным музеі
гісторыі беларускай літаратуры.
На вечарыне выступяць: складальніца пяці тамоў “Дзённікаў і запісаў”
Наталля Давыдзенка, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс
Пятровіч, намеснік старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету
“Бацькаўшчына” кнігазнаўца Валер Герасімаў; кіраўнік Беларускага Саюза
мастакоў, паэт, мастак Рыгор Сітніца; паэт, эсэіст, былы калега Рыгора
Барадуліна па працы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” Леанід
Дранько-Майсюк; найбліжэйшы сябра апошніх гадоў жыцця Рыгора
Барадуліна музыка Алесь Камоцкі.
Падчас прэзентацыі можна будзе набыць кнігі “Дзённікаў і запісаў” са зніжкай.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(Мінск, Траецкае прадмесце, вул. М. Багдановіча, д. 13)
Пачатак: 18.00.
Уваход вольны!