«Мужчыны плачуць», монаспектакль Паўла Гарадніцкага паводле вершаў Мікіты Найдзёнава, ізноў на сцэне. Прэм’ера адбылася яшчэ ў ліпені, але, як кажа Павел, сёння гэта «абсалютна новы, іншы спектакль, не ў плане формы, яна больш-менш засталася той жа самай, а ў плане напоўненасці — унутранай, эмацыйнай і сэнсавай».
Паразмаўлялі з Паўлам Гарадніцкім пра спектакль «Мужчыны плачуць», а таксама пра тое, чым жыве сёння, што слухае і глядзіць актор і музыка «Разбітага сэрца пацана».
Павел Гарадніцкі
18 верасня ў Варшаве адбудзецца другі паказ монаспектакля «Мужчыны плачуць».
Вось як сам Гарадніцкі анансуе пастаноўку: «На сцэне — толькі адзін акцёр і раяль, які становіцца паўнавартасным суразмоўцам героя. Раяль тут — і спавядальня, і партнёр, і люстэрка. Пастаўлены паводле вершаў Мікіты Найдзёнава, спектакль з’яўляецца даследаваннем мужчынскіх пачуццяў, унутранай уразлівасці і ціхага болю, пра які рэдка гавораць уголас. У вершах Найдзёнава — туга, страх, пяшчота, стомленасць і надзея, усё тое, што часта хаваецца за стэрэатыпным вобразам „моцнага“ мужчыны. Але гэты спектакль — не толькі пра мужчын. Гэта размова пра чалавека, пра патрэбу быць пачутым і прынятым, пра адвагу паказаць сваю слабасць. І разам з тым у ім не бракуе гумару і самаіроніі».
— Гэта другі паказ. Прэм’ера была 3 ліпеня ў Варшаве, у Вільні пакуль не планую, плануецца яшчэ паказ у кастрычніку на фестывалі ў Мюнхене. Гэта тое, што дакладна будзе, а так, канечне, хацелася б з пастаноўкай і ў Вільні пабываць, і ў Кракаве, і ў іншых гарадах.
Павел Гарадніцкі і Мікіта Найдзёнаў. Фота: Anastasiya Kodis, інстаграм: @nastya_kassiopea_
— Чаканні ад прэм’еры спраўдзіліся? Ад публікі?
— Прайшло трохі сумбурна з майго боку, як мне падалося. Зараз я разумею, дзе я там не даціснуў, дзе я спяшаўся, дзе я хваляваўся і г. д. Можна было лепш. Мне падаецца, заля рэагавала добра. І ў цэлым гэта быў вельмі цікавы досвед. Другі паказ — я ўжо ведаю, што там дакруціць, што дарабіць, каб ён быў ужо проста, так бы мовіць, залаты. Ёсць куды імкнуцца, ёсць да чаго расці. І гэта класна, бо прэм’ера — гэта заўсёды такі хвалюючы момант, шмат чаго ідзе не так, пасля ўжо аналізуеш і бачыш, што можна было па-іншаму зрабіць. Гэта жывы працэс. І ў тэатры заўсёды так пасля прэм’ернага спектакля — на трэці ці чацвёрты паказ спектакль ужо ўваходзіць у нармальнае рэчышча, і калі гэта харошы, жывы спектакль, то ён развіваецца таксама. То-бок пастаноўка не кансервуецца раз і назаўжды, а жыве.
Мы самі мяняемся штодня, то чаму б і спектаклю не мяняцца. Я вось зараз, рэпетуючы гэты спектакль, успамінаючы вершы, праходзячы для сябе мізансцэны і тэкст, разумею, што і ў мяне ўжо іншыя адносіны да гэтых тэкстаў. Прайшло два месяцы ад прэм’еры — мы памяняліся, шмат чаго ў свеце памянялася, час так хутка зараз ляціць, што трэба мець на ўвазе — ну не можаш ты так зайграць, як два месяцы назад. Таму той, хто прыходзіў на прэм’еру ў ліпені, можа завітаць на другі паказ — і ўбачыць абсалютна новы, іншы спектакль. Не ў плане формы, яна больш-менш засталася той жа самай, а ў плане напоўненасці — унутранай, эмацыйнай і сэнсавай. Так што — чакаю.
Павел Гарадніцкі
— Год таму вы паставілі монаспектакль «Паслязаўтра будзе заўтра» пра беларускую турму. Чаму абралі такую форму — монаспектаклі?
— На сёння я не з’яўляюся ўдзельнікам ніводнай тэатральнай трупы. Я працую як фрыланс-артыст. І нават у гэтай якасці — фрыланс-артыста — супрацоўнічаю і з тым жа «Свабодным тэатрам». 20 верасня ў Варшаве будзе прэм’ера «Urząd Przyjemności» Свабоднага тэатра, дзе я таксама граю. Але няма такога, што я ў штаце і г. д., я — сам па сабе. Каб не чакаць запрашэння ад некага і не залежаць ні ад каго, вольны час ёсць, а магчымасці — абмежаваныя ў плане прадакшана, у плане запрасіць кагосьці (ну, мы ж у эміграцыі), фінансавыя. Канечне, я б хацеў запрасіць кагосьці, зрабіць п’есу, не ведаю, ну на 5 чалавек. Але ж трэба гэтых людзей знайсці, аплочваць рэпетыцыі, спектаклі і гэтак далей. Сам сабе я не плачу. Гэта адзін бок сітуацыі.
З іншага боку, мне неяк прасцей тут самому арганізавацца. У мяне няма суперздольнасцяў арганізатарскіх, магу адказваць за сябе. А кагосьці матываваць, арганізоўваць, дамаўляцца пра час і ўсё вось гэта — мне цяжка. Для гэтага мусіць быць чалавек, які валодае такімі здольнасцямі і займаецца гэтым. Таму ў выніку я змог арганізаваць сябе (усміхаецца). Неяк на пачатку было цяжкавата — ты сам сябе на сцэне не бачыш звонку, можаш толькі на нейкія ўнутраныя пачуцці арыентавацца. «Паслязаўтра будзе заўтра» было цяжка рабіць, прызнаюся, а другі ўжо нашмат прасцей. Таму гэта форма — монаспектакль — не ад добрага жыцця, але, падаецца, можна так існаваць і развівацца, не застойвацца. Ва ўсялякім разе, для мяне гэта зараз прымальная форма самарэалізацыі, творчасці. Ну і я не толькі ж монаспектаклі граю, хутка ў мяне прэм’ера ў «Эмігрантах» па Мрожэку.
— Гэта спектакль у рэжысуры Насты Шпакоўскай?
— Так-так, гэта прэм’ера рэжысёркі Насты Шпакоўскай. Так што хутка і ў Варшаве, і ў Вільні будзем. Бачыце, не магу сказаць, што я ўжо такі адзіночка, проста нейкі стэпавы воўк. Я люблю граць з партнёрамі і, калі б мог, выбіраў бы такі варыянт. Але калі іх няма і няма фінансаў на такія пастаноўкі, то быць сам-насам з аўдыторыяй — чаму не варыянт? Для мяне гэта цалкам нармальна.
— Але вы пры гэтым даволі загружаны працай.
— У мяне зараз тры спектаклі ў працы, тры прэм’еры. Увесь дзень у рэпетыцыях.
— Вось спектакль «Мужчыны плачуць» — гэта пра тонкае ў чалавеку, як прагучала ў адным з інтэрв’ю. Але ці дарэчы сёння пра гэта: чалавек з тонкай канстытуцыяй і новы свет, жорсткі, які вельмі хутка мяняецца сёння? Адзін з каментатараў напісаў пра ваш спектакль — ізноў гэта нудота, хопіць ужо пра слёзы беларусаў.
— Мабыць, гэты каментатар не быў на спектаклі. Бо спектакль не нудны якраз, няма там такога, што «пашкадуйце мяне, усё кепска». Герой дазваляе сабе ўвесь спектр эмоцый пражываць. Гэта не значыць, што ён там нейкі зануда, не, наадварот, там шмат гумару, шмат іроніі. Гэта ж вершы Мікіты Найдзёнава — абсалютна кайфовыя, сцёбныя, іранічныя, увогуле — вельмі крутыя вершы. Таму, калі чалавек бачыць назву «Мужчыны плачуць», то яму, можа, і падаецца, што там сядзіць на сцэне нейкі зацюканы мужычок і румзае ўвесь час. Але гэта не так.
Гэта пра іншае, пра тое, што мы павінны сабе дазваляць якраз эмоцыі. Тое, што час сёння не пра тонкае, тут я згодзен. Мы чарсцвеем. І з-за таго якраз, што мы чарсцвеем, усё гэта страшнае, жорсткае, дзікае становіцца для нас проста нейкімі чарговымі навінамі. Не дазволіць канчаткова страціць сябе — гэта, мне здаецца, і ёсць сёння задача мастацтва.
Каб не праз навінавую стужку, а праз жывы кантакт расказваць і паказваць, што адбываецца з чалавекам, з яго жыццём. Мне так падаецца. Ну і плюс задача яшчэ адукацыйная, магчыма, для тых, хто жыве яшчэ старой парадыгмай, што мужчына павінен быць, як крэмень, хачу паказаць, што не заўсёды гэта так. А шчыра, хутчэй за ўсё, заўсёды не так.
Павел Гарадніцкі
— Што слухае, глядзіць, чытае сёння музыка «РСП», актор Павел Гарадніцкі?
— З апошняга неяк зачапіў Mac DeMarco, новы альбом слухаю проста на рэпіце ўвесь час, ён просты, самадастатковая музыка, двухвілінныя песні, музыка, якой ён нічога і нікому не даказвае. Зрабіў тое, што хацеў — я гэта так чую, і мне гэта вельмі падабаецца. Бо неяк мне падаецца, што вельмі шмат музыкаў даказваюць, што яны самыя-самыя, а тут зусім не так. Проста класныя песні — гэта рэдкасць сёння.
Апошні альбом Сяргея Башлыкевіча вельмі зайшоў — класныя тэксты, музыка цікавая. Ну, «РСП» новы альбом слухаю, канечне (усміхаецца).
Чытаю апошні раман Вольгі Такарчук «Empuzjon» (2022) на польскай мове — і цікава, і каб падцягнуць сваю польскую. Падабаецца. Цяжка ішоў, чытаў са слоўнікам, але ўцягнуўся, і ўсё стала на свае месцы. З нашага — «Слон» Сашы Філіпенкі.
Чакаю чытачоў «Будзьмы» на спектаклі — і мона, і іншыя.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Фотаздымкі з асабістага архіву Паўла Гарадніцкага, апроч пазначанага