Прэзентацыю кнігі Насты Кудасавай “Маё невымаўля”

31.05.2016 08:00 - 17:00 Літаратурны музей Петруся Броўкі (вул. Карла Маркса, 30, кв. №4) Бясплатнае

7 чэрвеня 2016 года а 19-й гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Насты Кудасавай “Маё невымаўля” ў межах праекта “Сустрэча з аўтарам”.

*

там, дзе рэчы стануць рэкамі,

рэйкамі для ўцёку душаў,

я пайду з нутром парэпаным

марнадзёнства абцярушваць,

я пайду, пакіну многае,

дараванняў не чакаю,

бо была занадтаногаю

і ўпівалася шляхамі,

бо як здраднікаў адрынула

ўсе падручнікі й парэнчы,

я пайду – паўсюды вінная –

ў край без роспачаў і рэчаў…

(з кнігі “Маё невымаўля”)

“Маё невымаўля” – кніга, за якую я адчуваю вялікую адказнасць. Галоўны змест зборніка можна акрэсліць як перажыванні чалавека, закаханага ў жыццё і ў зямныя лёсы – лёс паэта, лёс жанчыны, лёс жука, сабакі, мядзведзя, сасны, ветра… Гэта кніга –  услухоўванне ў пяянне рыб і ўзрастанне дрэваў.  Гэта мой шлях углыб мовы, да першасных сутнасцяў словаў, і далей – да простага і няўлоўнага, да таго, што застаецца па-за мовай, між радкоў. У кнігу ўвайшлі выбраныя вершы, напісаныя ў апошнія пяць гадоў – вельмі нялёгкі ў маёй біяграфіі перыяд. Але нягледзячы на боль, адзіноту і расчараванне, я б хацела данесці чытачу веру ў галоўнае – веру ў любоў, што разлітая паўсюдна, і якая адзіная напаўняе наш свет сэнсам і прыгажосцю”, – кажа пісьменніца пра сваю новую кнігу.

На прэзентацыі возьмуць слова рэдактары кнігі “Маё невымаўля” – Андрэй Хадановіч, Алесь Пашкевіч і пісьменнікі Ігар Кулікоў, Анатоль Івашчанка, Андрэй Фаміцкі, Яўген Бяшчасны.

Наста Кудасава – паэтка, нарадзілася ў 1984 годзе ў Рагачове. Аўтар кніг паэзіі “Лісьце маіх рук” (2006), “Рыбы” (2013), “Маё невымаўля” і шэрагу публікацыяў у розных перыядычных выданнях. З’яўлялася  ўдзельніцай альманахаў “Скрыпторый”, “Літаратурны квартал”, зборніка паэзіі “Яна і я”, праекта “Начная чытанка” (2007). Творы перакладаліся на рускую і балгарскую мовы. Сябра Саюза беларускіх  пісьменнікаў.

Адрас: вул. Карла Маркса, 30, кв. №4;

Кантактны тэлефон: (017) 226-09-81; (017) 327-27-50.


Вам можа быць цікава

Саламяны Павук з Воляй Дземкай ў Сіэтле

07.12.2025 (11:00 - 12:00) Lake Forest Park/Shoreline (Lake Forest Park/Shoreline)

Музейная батлейка “Раство Хрыстова” ў Гродне

18.12.2025 (17:30 - 18:30) Новы Замак (вул. Замкавая, 22)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ