У чацвер, 5 лютага, у Беластоку адбудзецца прэзентацыя кнігі Сяргея Чыгрына «Przesiedleńcy czy uchodźcy? O Białorusinach przesiedlonych z Polski do Białorusi w latach 1944–1948».
Кніга ўяўляе сабою пераклад на польскую мову даследавання беларускага журналіста і краязнаўцы Сяргея Чыгрына «Рэпатрыяцыя беларусаў Беласточчыны », выдадзенага ў 2024 годзе Праграмнай радай Тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва».
Кніга расказвае пра падзеі 1944–1948 гадоў, калі тысячы беларускіх сем’яў Беласточчыны былі вымушаныя пакінуць родныя вёскі і гаспадаркі.
У верасні 1944 года паміж Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення і ўрадам БССР была падпісаная дамова аб абмене насельніцтвам. Згодна з дакументам, асобы польскай нацыянальнасці маглі пераехаць з БССР у Польшчу, а беларусы, якія апынуліся ў межах пасляваеннай Польшчы, – перасяліцца ў Савецкую Беларусь.
Перасяленні мусілі адбывацца добраахвотна, аднак у рэчаіснасці рашэнні часта прымаліся пад ціскам, пагрозамі або ў атмасферы страху. Частка людзей спадзявалася на лепшыя эканамічныя ўмовы на новым месцы, іншыя ўцякалі, ратуючы жыццё. У выніку Беласточчыну пакінулі больш за 36 тысяч беларусаў.
Аснову кнігі складаюць архіўныя дакументы, фотаздымкі і ўспаміны перасяленцаў і іх нашчадкаў, якія аўтар збіраў цягам многіх гадоў, пачынаючы з 2000-га.
Гэтыя асабістыя гісторыі дазваляюць убачыць вялікую гісторыю праз досвед канкрэтных сем’яў і людзей, для якіх перасяленне стала траўмай на ўсё жыццё.
Польскамоўнае выданне атрымала новую рэдакцыю, было дапоўненае ілюстрацыйнымі матэрыяламі, а таксама ўступным артыкулам прафесара Яўгена Мірановіча, у якім гісторык апісвае палітычныя, сацыяльныя і культурныя ўмовы прымусовых перасяленняў пасля Другой сусветнай вайны, а таксама шырэйшы геапалітычны кантэкст тых падзей.
У сустрэчы возьмуць удзел:
Анэта Прымака-Онішк – журналістка і пісьменніца, аўтарка кніг «Bieżeństwo 1915. Zapomniani uchodźcy» і «Kamienie musiały polecieć. Wymazywana przeszłość Podlasia»;
Яўген Мірановіч – гісторык, доктар хабілітаваны, прафесар Беластоцкага ўніверсітэта, спецыяліст па гісторыі беларускай меншасці ў Польшчы;
Анатоль Вап – гісторык, дырэктар Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.
Уваход, выглядае, вольны.