Вялікае лепш бачнае ня толькі на адлегласьці, але і ў дробязях і дэталях, зь якіх складаецца гэтае вялікае. Ну вось, да прыкладу. Тое, што Беларусь, не зважаючы на стагодзьдзі ліхалецьцяў, працягвае жыць — гэта наш Беларускі Цуд. Цуд, які складаецца зь бясконцага мноства канкрэтных учынкаў і асабістага выбару канкрэтных людзей. Цуд, які, нібы той акіян, зьліваецца з паасобных кропель у адзінае цэлае. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік на прыкладзе лёсу ўсяго аднае песьні тлумачыць, як можна гэты Цуд забіць і што трэба рабіць, каб ён працягваў жыць.
Валера Руселік — за 3 тысячы кілямэтраў ад бацькоўскае хаты пасярод бяскрайніх абшараў вымушанае эміграцыі. Фота з архіву аўтара
Вялікае лепш бачнае ня толькі на адлегласьці, але і ў дробязях і дэталях, зь якіх складаецца гэтае вялікае. Ну вось, да прыкладу. Тое, што Беларусь, не зважаючы на стагодзьдзі ліхалецьцяў, працягвае жыць — гэта наш Беларускі Цуд. Цуд, які складаецца зь бясконцага мноства канкрэтных учынкаў і асабістага выбару канкрэтных людзей. Цуд, які, нібы той акіян, зьліваецца з паасобных кропель у адзінае цэлае. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік на прыкладзе лёсу ўсяго аднае песьні тлумачыць, як можна гэты Цуд забіць і што трэба рабіць, каб ён працягваў жыць.
Як вядома, дом для беларуса — больш за папросту дом. Пра сымбалізм, сэнс, важнасьць дома ў наскім сьветаглядзе і жыцьці я ўжо неяк расказваў у «Прыдарожным пыле».
Дадам, бадай, яшчэ адно назіраньне. У сучасным сьвеце ўсё больш істотная робіцца мабільнасьць, здольнасьць пераяжджаць з аднаго месца на іншае — дзеля адукацыі, працы, кар’еры, самаразьвіцьця і г. д. А таму ў выбары паміж уласным жытлом і арандаваным усё часьцей выбар падае на карысьць апошняга — і ня толькі з-за дарагавізны набыцьця нерухомасьці, але менавіта з-за вось гэтае самае мабільнасьці.
І як раз-ткі беларусы тут вылучаюцца сваёю апантанасьцю займець уласны куточак. Свая кватэра альбо дом — для нас гэта сапраўды важная частка адчуваньня ўладкаванасьці ў гэткім вірлівым і нестабільным сьвеце, праўда?
Чатыры пакаленьні — у адной хаце. Сям’я Шараметаў, вёска Вялічкавічы, Кобрынскі раён. Фота kamenec.by
Магчыма, гэтым і тлумачыцца надзвычайны посьпех, здавалася б, просьценькай песьні «Хата бацькоў» гурта «Дразды». Вось што чытаем у апісаньні да афіцыйнага кліпу на песьню:
«Нажаль час ідзе вельмі хутка і учорашнія хлапцы ў кедах і полукедах сёння дарослыя, сталыя людзі... Але пасапраўднаму адчуваеш гэта толькі тады, калі не стае бацькоў... і застаецца хата... Хата бацькоў гэто не толькі сцены з дахам, гэта месца, дзе адчуваеш як сэрца б’ецца... І разумееш — хата бацькоў не прадаецца...»
Я адмыслова захаваў у цытаце аўтарскую артаграфію. Таму што нават шматлікія памылкі ў гэтых некалькіх сказах насамрэч падкрэсьліваюць шчырасьць таго, хто, хай і не размаўляючы па-беларуску штодня, пастанавіў запісаць свае думкі менавіта на роднай мове.
Ну бо калі пра сваё, беларускае — дык гэта ж мае быць па-беларуску і аніяк інакш.
І гэта яшчэ адно тлумачэньне народнасьці «Хаты бацькоў». Яе сьпявалі і сьпяваюць і беларускамоўныя, і расейскамоўныя беларусы. І змагары, і ябацькі, і тыя, хто «па-за палітыкай». І ў вымушанай эміграцыі, і на радзіме.
Сапраўдны цуд, калі ўлічыць жахлівы стан беларушчыны ў сучаснай Беларусі і разгорнутыя рэпрэсіі супраць усяго нацыянальнага за хаця б мінімальны намёк на любоў да сваёй краіны.
Да хаты бацькоў, якая не прадаецца.
Гурт «Дразды» Фота з акаўнту гурта ў Facebook
Вядома ж, гэткі цуд ня мог цягнуцца бясконца. Не для таго ж у краіне прарасейская прапагандыстка Бондарава ваюе нават з выяваю васілька, прызнаюцца экстрэмісцкімі літаратурныя творы, напісаныя па-беларуску паўтара стагодзьдзя таму, замест помнікаў нацыянальным героям ставяцца помнікі тым, хто нашых герояў забіваў і г. д.
У сьнежні летась — пасьля 20-ці гадоў выступаў — гурт «Дразды» чарговы раз заявіў пра свой сыход са сцэны. Прычына — негалосная забарона на канцэрты ў Менску. Лукашэнкавыя і прарасейскія прапагандысты ўжо ня першы год вялі сапраўдную вайну з гуртам: маўляў, у 2020-м музыкі падтрымалі пратэсты і ў песьні таго году «Зіма, зіма, каляды» словы «Сыходзь хутчэй, стары» насамрэч адрасавалі не Старому Году, а... Лукашэнку. Урэшце, і першы куплет «Хаты бацькоў», які адразу ж падхапіла ўся краіна, таксама зьявіўся быў менавіта ў 2020-м.
Ну вы жэ самі ўсё панімаеце...
Адбіцца ад гэткае дурасьці не дапамаглі ані неаднаразовыя пакаяньні саліста гурта Віталя Карпанава, ані шматлікія выступы на афіцыйных мерапрыемствах — усё, забарона!
Зрэшты, сапраўдная сьмерць цуду насамрэч надыходзіць не зь ягонай забаронай, а зь перакручваньнем усяго таго, што гэты цуд уласна і рабіла цудам. Ужо ў студзені сёлета спачатку ў Інстаграм-профілі Віталя Карпанава зьявіўся анонс кліпу на зрасейшчаную «Хату бацькоў». А затым на YouTube-канале гурта — і ўласна кліп на перакладзеную песьню «Родительский дом».
Вось гэта і ёсьць сьмерць цуду. І ўжо неістотна, што «ДрОзды» будуць рабіць далей: перакладуць усе свае песьні на расейскую, напішуць які-небудзь псэўдашлягер пра «самару-городок» альбо пераедуць у Расею і паспрабуюць працягнуць сваю музычную кар’еру там — падалей ад лукашэнкавых забаронаў, бліжэй да маскоўскіх ганарараў. Бяз розьніцы.Вось гэта і ёсьць сьмерць цуду. І ўжо неістотна, што «ДрОзды» будуць рабіць далей: перакладуць усе свае песьні на расейскую, напішуць які-небудзь псэўдашлягер пра «самару-городок» альбо пераедуць у Расею і паспрабуюць працягнуць сваю музычную кар’еру там — падалей ад лукашэнкавых забаронаў, бліжэй да маскоўскіх ганарараў. Бяз розьніцы.
Атрымліваецца, што хата бацькоў усё-ткі... прадаецца?
Атрымліваецца, што хата бацькоў усё-ткі... прадаецца?
Ну што ж, гэта асабістая справа музыкаў і іх права, што, як і дзе рабіць. Вось толькі далей — бяз нас, безь беларусаў. Таму што сьпяваць пра сваё і для сваіх магчыма толькі на сваёй мове. Пра хату бацькоў — на мове бацькоў, на мове гэтае зямлі. Прырода цуду застаецца нязьменная.
І гэтае правіла аднолькава дзейнічае адносна нас усіх, сябры. Калі вы пішаце песьні альбо кнігі, выхоўваеце ўласных дзетак, здымаеце відэаролікі ці папросту размаўляеце ў сваім асяродзьдзі — менавіта вашая мова вызначае, для каго вы ўсё гэта робіце.
Бо менавіта мова вызначае найперш, чым ёсьць для вас Беларусь — хатаю бацькоў ці родительским домом. І ці будзе жыць далей наш Беларускі Цуд, альбо памрэ. Выбірайце.
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org