Лявон Вольскі разважае пра тое, якім чынам адбывалася вызваленне апошняй групы палітвязняў, а дакладней не вызваленне, а дэпартацыя. «Наверсе магутныя асобы вырашылі: выкінуць іх з краіны! А ўжо пешкі камбінуюць — як гэта зрабіць так, каб было хоць крыху падобна да выкананьня нейкіх РБшных законаў? І, я думаю, што гэта цалкам лішняе», — піша Лявон Вольскі.
Турэмныя рэчы палітзняволенай Алены Гнаўк. Фота з інстаграма Музея Вольнай Беларусі
У варшаўскім Музэі Вольнай Беларусі працуе выстава «123», прысьвечаная беларускім палітычным зьняволеным.
Там можна ўбачыць асабістыя рэчы палонных РБшнага рэжыму — пачварныя куфайку, шалік і шапку, плясмасавы кубак з-пад «Ролтану», у якім можна закіпяціць сабе ваду, пусты пачак ад запалак — на фене яго называюць «карабель», і ён служыць меркай шмат для чаго — напрыклад, для гарбаты, тытуню ці кавы, рушнік з хлёркавым подпісам гаспадара, рукавіцы...
Мы б усё гэта ня ўбачылі, каб вязьняў выпускалі ў звычайным для гэтае дзяржавы рэжыме — гэта значыцца, што перад выхадам ты мусіш здаць усе свае турэмныя рэчы і за кожную расьпісацца, запоўніць «абыходны ліст» — вось я здаў рушнік, шапку, куфайку... Такім чынам, турэмныя рэчы застаюцца ў турме і пераходзяць да новага гаспадара. Але гэтым разам зьняволеных выпускалі ў аўральным рэжыме.
Фармальна іх везьлі ў КДБ для следчых дзеяньняў. Таму ехалі ў тым, у чым паднялі са шконкі, і хтосьці нават прыхапіў з сабою нешта з турэмнага «майна» — гэтыя «караблі» і кубкі з-пад «Ролтану», бо на новым мейсцы гэта ўсё магло б прыдацца.
Мужчынам закулі ў кайданкі рукі ззаду, за сьпінаю. Жанчынам — сьпераду. На твары нацягнулі балаклавы (адна зь іх ёсьць у экспазыцыі) ці мяхі, празь якія нічога ня бачна. Гэта, відаць, для таго, каб выключыць магчымасьць паўтору выпадку зь Міколам Статкевічам. Перад мяжою кайданкі зьнялі (бо гэта ж дзяржаўная маёмасьць, за іх, відаць, таксама расьпісваюцца — «здаў-прыняў») і закруцілі ўсім палонным рукі скотчам.
Для поўнага абсурду кожнаму вязьню далі пакунак з «сухпайком» у дарогу. Цікава, як аўтары гэтае гуманнае йдэі ўяўлялі сабе спажываньне прадуктаў з «сухпайка» са скаванымі за сьпінаю рукамі? Ды, хутчэй за ўсё, ніяк не ўяўлялі. Проста паклалі ў пакет мінімальны прадуктовы набор, бутэльку «Мінскай-4» і расьпісаліся ў рэестры «здаў-прыняў». Усё. Фармальна ўсё выканана. Няма да чаго дачапіцца.
Цяпер камусьці з палітычных вязьняў прыходзяць паведамленьні ад сьледчых, маўляў, ці зьбіраецеся вы вяртацца ў мейсцы адбыцьця пакараньняў? Вы ж, маўляў, уцяклі з-пад варты падчас следчых дзеяньняў, якія праводзіў КДБ? Так што нейкія там фармальнасьці не сышліся, пазл ня склаўся. І гэта дзіўна. З аднаго боку, маглі б ужо неяк дыхтоўней прапрацаваць схему дэпартацыі з радзімы. Але, зь іншага боку, якая розьніца? Наверсе магутныя асобы вырашылі: выкінуць іх з краіны! А ўжо пешкі камбінуюць — як гэта зрабіць так, каб было хоць крыху падобна да выкананьня нейкіх РБшных законаў?
І, я думаю, што гэта цалкам лішняе.
Навошта імітаваць, што ўсё «паводле закону»? Яно ўжо нікому ня трэба. Ня трэба нам, бо мы ведаем, якім чынам там насамрэч усё робіцца. Ня трэба Эўропе, яна стамілася ад калгасных хітрыкаў кіраўніцтва РБ. Ня трэба Злучаным Штатам, для іх галоўнае — вынік — каб выйшлі людзі, а ўсе прававыя мяйсцовыя нюансы, мякка кажучы, малацікавыя.
Малюнак Лявона Вольскага
Навошта ўся гэтая мітусьлівая імітацыя? Навошта непакоіць такую сур’ёзную ўстанову, як суд Лельчыцкага раёну, каб ён паміж іншымі важнымі і неадкладнымі справамі займаўся разглядам песьні «Крамбамбулі» «Я страляў у міліцыянта» — ці не экстрэмісцкая яна? Ясна, што гэтая сур’ёзная ўстанова прызнала несур’ёзную песьню экстрэмісцкай!
Але якая розьніца, калі ў РБ і бяз гэтых судоў Лельчыцкіх раёнаў — царства чорных сьпісаў, і любую песьню «Крамбамбулі» нельга выконваць ні ў якім выглядзе, у тым ліку, сьпяваць у караоке? Бо ў кожнае ўстановы, якая займаецца народнымі сьпевамі пад фанаграму, ёсьць спушчаны «зьверху» сьпіс гуртоў ды выканаўцаў, творы якіх ні ў якім выпадку ня мусяць гучаць. І ў гэтым сьпісе аж 160 выканаўцаў, улучна з Rammstein і Linkin Park, сярод якіх на пачэсным мейсцы фігуруе й «Крамбамбуля».
Таму гэтыя экстрэмісцкія прызнаньні ніяк сытуацыю не зьмянілі — яна ў РБ была і застаецца катастрафічнай.
А вось тое, што паседжаньне Лельчыцкага суду адбылося акурат пасьля майго каляднага канцэрту ў Варшаве, на якім я распавядаў пра гісторыю выкананьня песьні «Я страляў у міліцыянта» на адным з колішніх беларускіх фэстываляў, гэта ўжо іншае пытаньне.
Іншае пытаньне, іншая гісторыя і тэма для маіх наступных разважаньняў.
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org