Тэатралiзаваныя вандроўкi з Радзiвiламi у Нясвiжы

29.10.2013 - 03.11.2013 12:00 - 15:00 музей-запаведнік «Нясвіж» 20000 / 40000

У дні восеньскіх вакацый школьнікаў, іх педагогаў і бацькоў чакае музычна-тэатральня iмпрэза «Вандраваннi Радзiвiла «Сiроткi». Падзею ладзяць нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» і Музычны Дом «Класіка». Партнёр вандроўкi ў часе – кампанiя “Будзьма!”, на сайце якой Радзiвiлы i Цмокi утульна суiснуюць з сучаснымi дзеячамi культуры.


Драматычны акцёр Юрый Жыгамонт і артысты ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле» паўстаюць у вобразах прыдворных музыкантаў, кіраўніка і ўдзельнікаў знакамітай Нясвіжскай Капэлы ў iмпрэзе, якая створана ў незвычайнай інтэрактыўнай форме. Гледачы адчуваюць сябе ў ролi гасцей Радзiвiлаў, а само дзеянне спалучае ў сабе канцэртную частку і займальны тэатралізаваны аповяд пра дасягненні Мікалая “Сіроткі”, іх гістарычнае значэнне.

Гісторыя знакамітага магнацкага роду Радзівілаў напоўненая яркімі падзеямі і дасягненнямі, з глыбіні стагоддзяў і па гэты час прыцягвае ўвагу нашчадкаў. Сярод выдатных прадстаўнікоў роду — Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» (1549 – 1616), дзяржаўны дзеяч, падарожнік, літаратар, мецэнат, які прысвяціў сваё жыццё папулярызацыі навукі і мастацтва, барацьбе за самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ягоная постаць паўстае ў цэнтры творчага праекта «Вандраваннi Радзiвiла «Сiроткi».

Віртуознае майстэрства выканаўцаў, неардынарнасць формы, глыбокая распрацоўка сюжэту і гістарычных фактаў робяць гэты творчы і культурна-пазнавальны праект абсалютна унікальным. А атмасфера і антураж рэзідэнцыі Радзівілаў спрыяюць максімальна поўнаму ўключэнню гледачоў у гісторыка-культурны кантэкст, у якім жылі і тварылі прадстаўнікі легендарнага роду беларускіх магнатаў. «Вандраваннi Радзiвiла «Сiроткi» — гэта своеасаблівае падарожжа па часе, незвычайная экскурсія ў нашу гісторыю, адрасаваная ўсім, хто імкнецца пазнаваць новае, знаходзіць цікавыя факты з мінулага.

У iмпрэзе гучыць музыка XVI-XVII стагоддзяў: «Полацкі сшытак», Войцэх Длугарай, Вiнчэнца Галілей, Уiльям Брэйд, Джакома Пергалезі, Франчэска Джэмініані.
Iмпрэзы пройдуць з 29 кастрычніка па 3 лістапада ў Тэатральнай зале Нясвіжскага Палаца.

29/10 – 12.00 , 14.00
30/10 – 12.00 , 14.00
31/10 – 12.00
01 /11 – 12.00 , 14.00
02 /11 – 12.00 , 14.00 , 16.00
03 /11 – 12.00 , 14.00

Кошт квіткоў: 20 000 руб. (дзіцячы) і 40 000 руб. (дарослы)

Замова квiткоў i экскурсiй у Палац: 8(017)7020602,  8(029)5518051, 8(029)1903249


Вам можа быць цікава

Дзень Волі ў Лос-Анджэлесе

22.03.2026 (12:00 - 15:00) Crystal Springs picnic area (Griffith Park)

Квіз да Дня Волі ў Вільні

23.03.2026 (19:00 - 21:00) Замак (Naujoji Riovoniu, 10 (2 паверх))

Імпрэза да Дня Волі ва Уроцлаве

25.03.2026 (18:00 - 20:00) Sala Teatru Laboratorium Instytutu Grotowskiego (Rynek-Ratusz 27)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ