The Unlimited Trio і Vuraj у Віцебску

05.11.2015 18:00 - 20:00 Цэнтр сучаснага мастацтва (вул. Белабародава, 5) Бясплатнае

5 лістапада з ВЯЛІКІМ восеньскім канцэртам у Віцебск завітаюць адразу два непаўторныя музычныя гурты! Для нас зайграюць касмічныя The Unlimited Trio (Прага-Мінск) і непараўнальны гурт Vuraj (Мінск)!

Дзве гадзіны якаснага гучання і адлёту ў прастору джазу, авангарду ды сапраўднага эксперыментальнага фольку нам гарантаваныя! Яны — сапраўдныя прафесіяналы, сапраўдныя беларусы і сапраўды ўнікальныя творцы.

The Unlimited Trio — гэта выпускнікі Беларускага рэспубліканскага музычнага каледжа, якія аселі ў Празе. Баян, гітара і альт, як высветлілася, ідэальна пасуюць адно аднаму па гучанні і эмоцыях, яскрава зліваюцца ў адным жыцці і мелодыі. Акустычны прагрэсіў-арт-рок з дамешкам джазу, фолку і класікі, магутны грув і пранікнёныя запамінальныя мелодыі — вось тое, чым The Unlimited Trio “чапляе” публіку за жывое, прымушаючы разам з музыкамі пражываць усю шкалу эмоцыяў: ад радасці і бясхмарнай весялосці да адчаю і дэпрэсіі. Усе ўдзельнікі трыа — лаўрэаты міжнародных конкурсаў на сваіх інструментах, вядуць актыўную канцэртную дзейнасць, выступаючы з уласнымі бэк-праектамі ў Чэхіі, Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Славакіі, Швецыі, Паўднёвай Карэі, Венгрыі, Францыі. Музыка The Unlimited Trio — еўрапейская па духу і па падачы: змена месца жыхарства, ігра на фэстах і вуліцах еўрапейскіх гарадоў не магла не паўплываць на вынік.

На дадзены момант The Unlimited Trio рыхтуе да запісу свой другі студыйны альбом.

3jnmbk7hYeI

Гурт VuRaj ( “Вурай”) выдатна знаёмы віцебскаму слухачу і заўсёды чаканы ў горадзе. “Вурай” — гэта моцны драйв, містычная атмасфера і багацце згукаў у абсалютна рознай афарбоўцы. “Вурай” эксперыментуе з аўтэнтычным спеўным матэрыялам, ствараючы новыя творы незвычайнага гучання. Чароўнае перапляценне вобразаў беларускай міфалогіі і аўтарскага бачання фальклору надаюць непаўторнае адценне і самабытнасць калектыву. Дудкі, флейта, баян, скрыпка, бубны, кантрабас — усё зліваецца ў адным гарманічным палёце выключна “вураеўскага” гучання.  Кожная кампазіцыя, хаця і абапіраецца карэннямі на аўтэнтычны спеўны матэрыял таго ці іншага рэгіёна Беларусі, цалкам самастойны твор. Vuraj насамрэч не займаецца “пераспяваннем” фальклору на сучасны манер, а вырошчвае свае адметныя кампазіцыі на глебе нашай даўніны. Гэтым разам Вурай з’явіцца перад намі ў новым складзе і з абсалютна новым гучаннем!

tFcdnl0d0Ck

Сотні начэй, думак і гукаў у адным канцэрце. Прыходзьце, каб халодны восеньскі вечар правесці ў адчуваннях эстэтычнай асалоды і гонару за сваю культуру! Гэта БУДЗЕ НЕЗАБЫЎНА!

Запрашальныя на падзею можна знайсці ў краме “28″ і  арт-цэнтры “Талстога 7″. Даведкі па тэлефонах: +375295480294; +375295657218; 8 0212 58 48 94.
Цана запрашальных — 70 000 (папярэдне), 90 000 (у дзень канцэрту). Суполка ў ВК: vk.com/trioandvuraj


Вам можа быць цікава

Беларускія танчыкі ў Кракаве

11.05.2025 (18:00 - 21:00) Прастора (Мікалайская 4/6)

Саша Філіпенка ў Кракаве

22.05.2025 (18:30 - 20:00) Gwarek (ul. Władysława Reymonta 17)

tochka K у Варшаве

22.05.2025 (20:30 - 22:00) галерэя «Septem of Swords» у бары «Карма» (Aleja 3 Maja 5)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ