Прэзентацыя кнігі перакладаў Станіслава Ежы Леца «Цынік на прагулцы»

18.05.2021 18:00 - 18:00 ------------ Бясплатнае

Чарговая сустрэча з цыкла «Санаторый пад клепсідрай» адбудзецца ў форме анлайн-прэзентацыі кнігі Станіслава Ежы Леца «Цынік на прагулцы», якая зусім нядаўна выйшла пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута кнігі (Кракаў) у выдавецтве Логвінаў.


Станіслаў Ежы Лец (1909–1966) — знакаміты польскі лірык, сатырык, празаік і аўтар афарызмаў. Чытачам усяго свету добра вядомыя яго «Непрычасаныя думкі» (Myśli nieuczesane). А ў кнігу «Цынік на прагулцы» ўвайшлі найлепшыя творы з дванаццаці зборнікаў паэта ў беларускіх перакладах Андрэя Хадановіча.

Чытачы кнігі, а таксама гледачы і слухачы «Санаторыя» змогуць ацаніць паэтычныя эксперыменты авангарднага і правакатыўнага Леца перыяду яго дэбютнага зборніка «Колеры» (Barwy, 1933).

Ваенны досвед партызана і вязня канцлагера адлюстраваны ў кнігах «Палявы нататнік» (Notatnik polowy, 1946) і «Новыя вершы» (Nowe wiersze, 1950), творы з якіх таксама прадстаўленыя па-беларуску.

Спроба эміграцыі, расчараванне ў ёй і няпростае рашэнне паэта вярнуцца на радзіму адбіліся ў вершах з «Ерусалімскага рукапісу» (Rękopis jerozolimski, 1957). Найболей у беларускім выбраным Леца прадстаўленыя вершы з яго «галоўных» паэтычных кніг «Дражню і пытаю дарогі» (Kpię i pytam o drogę, 1959), «Авелю і Каіну» (Do Abla i Kaina, 1961), «Аб’ява аб вышуку» (List gończy, 1963) і «Паэмы, гатовыя да скачка» (Poema gotowe do skoku, 1964).

Акрамя рыфмаванай і верлібрычнай паэзіі, значнае месца ў кнізе займаюць сатырычныя і гумарыстычныя творы Леца са зборнікаў «Цынік на прагулцы» (Spacer cynika, 1946), «З тысяча і адной фрашкі» (Z tysiąca i jednej fraszki, 1959) і «Фрашказбор» (Fraszkobranie, 1966).

Лецаўскія фрашкі някепска дапаўняюць творчы партрэт Леца-паэта. Яны ўжо наўпрост набліжаюць чытача да мастацкіх адкрыццяў Леца-афарыста, які таксама будзе прадстаўлены, дзякуючы ўдзелу ў сустрэчы спецыяльнага госця, перакладчыка «Непрычасаных думак», пісьменніка Уладзіміра Арлова.

Вядзе прэзентацыю перакладчык кнігі Андрэй Хадановіч.

Запрашаем да ўдзелу ў анлайн-прэзентацыі 18 траўня а 18-ай гадзіне на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку.


Вам можа быць цікава

Фотавыстава Уладзіміра Цвіркі «Сілуэты спадчыны» ў Заслаўі

18.04.2025 13:30 - 18.05.2025 18:00 музей беларускай маляванкі (вул. Дачная, 13)

Сустрэча «Глыбокія чытанні: сяброўства» ў Вене

13.05.2025 (17:00 - 20:00) Венскі фальклорны музей, Otto Wagner Areal, павільён 1 (Baumgartner Höhe 1)

Саша Філіпенка ў Берліне

26.05.2025 (19:00 - 21:00) Das Werkhaus (Oranienburger Str. 32)

«Крамбамбуля» ў Вільні

31.05.2025 (19:00 - 21:00) Vakaris (A. Stulginskio g.8)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ