У аўторак, 8 красавіка, у Быдгашчы адбудзецца творчая сустрэча з фатографам Аляксандрам Катом-Зайцавым.
Аляксандр Кот-Зайцаў — беларускі фатограф, які працуе над доўгатэрміновымі праектамі на стыку дакументальнай і мастацкай фатаграфіі.
Першым яго мастацкім праектам была фатаграфічная кніга, а потым выставачны праект «DOM.», раней прадстаўлены ў Варшаве, Уроцлаве і Брусэлі. Праект закранае пытанне метафарычнага і эмацыйнага значэння дому для чалавека з вопытам эміграцыі.
Пасля падаўлення пратэстаў у Беларусі дзякуючы падтрымцы стыпендыі Gaude Polonia спадар Аляксандр пачаў працаваць над новым мастацкім праектам Borderline.
Праект накіраваны на візуальную інтэрпрэтацыю душэўных і эмацыйных станаў людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі. Працы з праекта дэманстраваліся на калектыўных выставах у Балонні і Фларэнцыі.
Падчас сустрэчы ён раскажа пра свае праекты, розныя падыходы да фатаграфіі і сумяшчэнне працы над мастацкімі праектамі з працай у камерцыйнай фатаграфіі.
Гаворка пойдзе пра аналагавую фатаграфію, пошук натхнення і падрыхтоўку да фотасесій, працу на выставах і пошук магчымасцей рэалізацыі сваіх ідэй.
Уваход вольны.