Выстава “Век Антона Бархаткова”

09.02.2017 11:00 - 11:00 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20) па кошце квітка

Век Антона Бархаткова
1917–2001
Жывапіс

9 лютага – 12 сакавіка 2017 года

Працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь
вул. Леніна, 20
з 11.00 да 19.00 штодня

Даведкі па тэлефоне: 327-71-63

Выдатны беларускі мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Антон Стэфанавіч Бархаткоў на працягу ўсяго свайго доўгага творчага шляху звяртаўся да розных жанраў жывапісу: тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, але больш за ўсё праславіўся як майстар пейзажа. Большасць яго твораў напоўнена лірыка-паэтычным настроем.

Паводле афіцыйных звестак, А. Бархаткоў нарадзіўся 17 студзеня 1917 года ў вёсцы Шчаглоўка на Магілёўшчыне. Аднак, па словах самога мастака, ён з’явіўся на свет двума гадамі раней – у 1915-м.

У 1940 г. А. Бархаткоў скончыў Маскоўскае абласное мастацкае педагагічнае вучылішча выяўленчых мастацтваў памяці паўстання 1905 года (цяпер – Маскоўскае дзяржаўнае акадэмічнае мастацкае вучылішча памяці 1905 года). Яго настаўнікамі сталі таленавітыя савецкія мастакі і педагогі П.І. Пятровічаў (1874–1947) і М.П. Крымаў (1884–1958); яны выхоўвалі сваіх студэнтаў у лепшых традыцыях рускага лірычнага пейзажа, для якога характэрна жывое эмацыянальнае ўспрыманне прыроды.

Адразу ж пасля заканчэння вучылішча малады мастак быў прызваны ў Чырвоную Армію. Яму давялося прайсці праз усю Вялікую Айчынную вайну.

У 1944 г. Антон Бархаткоў пераехаў у Мінск, працаваў спачатку мастаком у Дзяржаўнай карціннай галерэі (цяпер – Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), затым у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны загадчыкам мастацкага аддзела. Праз некалькі гадоў маладому мастаку ўдалося ажыццявіць сваю колішнюю мару: ён паступіў у Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут (цяпер – Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны мастацкі інстытут імя В.І. Сурыкава пры Расійскай акадэміі мастацтваў). Сярод яго настаўнікаў –    В.В. Фаворская (1896–1977), І.І. Чакмазаў (1901–1961), С.В. Герасімаў (1885–1964), Д.К. Мачальскі (1908–1988), П.Д. Пакаржэўскі (1889–1968). Але сам Бархаткоў лічыў сябе, перш за ўсё, вучнем В.К. Бялыніцкага-Бірулі (1872–1957), ураджэнца Беларусі, выдатнага жывапісца, прадаўжальніка традыцый рэалізму, майстра лірычнага пейзажа.

Лірычныя пейзажы А. Бархаткова прыцягваюць увагу праўдзівасцю, непасрэднасцю бачання, натуральнасцю кампазіцыі. Ён умеў паказаць прыроду ў розныя часы года. Разнастайныя па настроі зімовыя пейзажы, паэтычна сумныя, ціхія, з хмарным небам, блакітнавата-шэрым каларытам, напоўнены таямнічасцю або больш інтэнсіўнымі фарбавымі спалучэннямі. Антон Стэфанавіч любіў пісаць раннюю вясну, калі снег яшчэ не зусім растаў, але прырода ўжо жыве ў чаканні перамен.

Летняя пара года таксама прадстаўлена ў творах пейзажыста пераканаўча і па-рознаму. Карціны, прысвечаныя гэтаму часу, разнастайныя па настрою: у іх перададзены радасць быцця, казачнае зачараванне, часам прысутнічае пачуццё насцярожанасці, трывожнага чакання або адчуванне асаблівай чысціні, свежасці.

Восень таксама натхняла мастака: ён па-майстроўску ўмеў перадаць то трывожную таямнічасць, то некалькі сумную прыгажосць залатой пары, то настрой насцярожанага чакання перамен, хуткага прыходу зімовых халадоў.

Творы А.С. Бархаткова знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, шэрагу іншых музеяў і прыватных збораў нашай краіны і замежжа, у тым ліку Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве.

Алена Дзмітрыеўна Шапашнікава,

вядучы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела,

захавальнік калекцыі рускага жывапісу і жывапісу Беларусі

 

 


Вам можа быць цікава

Выстава Цемры «Fragile» ў Познані

28.03.2025 17:30 - 14.06.2025 19:00 MAD Art Gallery (Mielżyńskiego 27/29)

Вясновы Вайцюшкевіч у Сопаце

30.05.2025 (19:00 - 21:00) Teatr Atelier (al. Mamuszki 2)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ