Падвядзенне вынікаў конкурсу вучнёўскіх работ “Віншую мой музей!”, прысвечанага 60-годдзю Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа
Багатая творчая спадчына народнага паэта Беларусі Якуба Коласа па-ранейшаму прываблівае, хвалюе, натхняе людзей усіх пакаленняў: дзяцей і падлеткаў, юнакоў і дарослых. Сучасныя школьнікі не проста з цікавасцю чытаюць творы Песняра, але яшчэ і аналізуюць іх, разважаюць над радкамі, пішуць сачыненні, творчыя і навукова-даследчыя працы.
У конкурсе вучнёўскіх работ “Віншую мой музей!”, прымеркаваным да 60-годдзя Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, прынялі ўдзел 150 таленавітых падлеткаў. Яны працавалі над ілюстраванымі сачыненнямі па тэмах “Музейная казка”, “Музей Якуба Коласа праз 60 гадоў”, “Экспанат пад незвычайным ракурсам”, “У Коласавым Доме”, “Якуб Колас і мая малая радзіма”, а таксама “Падарожжа ў свет Коласавых твораў”. Сярод таленавіта напісаных вершаў і паэм, апавяданняў і казак, аздобленых малюнкамі і фотаздымкамі, прафесійнае журы вызначыла 12 лепшых работ у намінацыях “Маё знаёмства з музеем” і “Маё знаёмства з Якубам Коласам”.
Сярод пераможцаў – вучні 6-х-11-х класаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Усе лаўрэаты запрошаны на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджвання, якая адбудзецца 28 снежня 2019 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Пачатак у 13.00.
САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!
Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
Тэл. для даведак: 8 017 284 17 02
Афіцыйны сайт музея: www.yakubkolas.by