Выстава “Аркадзь Смоліч. Жыццё за Беларусь…”

04.10.2016 16:00 - 17:00 Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а) Уваход вольны

4 кастрычніка адбудзецца адкрыццё дакументальнай выставы “Аркадзь Смоліч. Жыццё за Беларусь…”, прымеркаванай да 125-годдзя з дня нараджэння знакамітага беларускага географа і грамадска-палітычнага дзеяча.

Аркадзь Антонавіч Смоліч (1891 – 1938) – адзін з заснавальнікаў беларускай сацыял-дэмакратыі, дзеяч беларускага нацыянальнага Адраджэння, старшыня Цэнтральнага бюро краязнаўства Беларусі, рэдактар газеты “Грамада”, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Максім Багдановіч і Аркадзь Смоліч пазнаёміліся восенню 1916 года, калі малады беларускі паэт вырашыў вярнуцца з Яраслаўля на радзіму, у Мінск. Равеснікі і аднадумцы, яны вельмі хутка сталі сябрамі, сустракаліся ў “Беларускай хатцы”, разам з Зоськай Верас рыхтавалі лемантар для маленькіх беларусаў, марылі аб будучым…

Сёння ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча беражліва захоўваецца архіў сям’і Смолічаў, які перадаваўся нашчадкамі вучонага цягам гадоў. Матэрыялы выставы “Аркадзь Смоліч. Жыццё за Беларусь…” упершыню прэзентуюць шырокай публіцы фотаздымкі і дакументы вучонага, яго лісты жонцы і дзецям, рукапісы, машынапісы і выданні яго навуковых прац.

Асаблівую цікавасць маюць фотаздымкі, зробленыя пад час экспедыцыі Беларускага навукова-даследчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі ў Мазырскім Палессі ў 1927 годзе, – краявіды, пабудовы, этнаграфічныя тыпы.

Адкрыццё выставы адбудзецца ў аўторак, 4 кастрычніка, а 16-й гадзіне.

 

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

тэл. 334 07 61, 334 42 69

maksimbagdanovich@gmail.com


Вам можа быць цікава

Восеньскі салон у Мінску

05.09.2025 18:00 - 19.10.2025 21:00 Палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

Спектакль «Экстрэмісты» ў Вільні (16+)

20.09.2025 (19:00 - 21:00) Дом польскай культуры ў Вільні (Naugarduko gatvė 76)

Ідрак Мірзалізадэ ў Рызе (18+)

26.09.2025 (21:00 - 22:30) kinoteātris K. Suns (Elizabetes iela 83/85)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ