17 верасня ў галерэі «Цэнтр» адкрываецца выстава «Драўляныя гісторыі».
Выстава «Драўляныя гісторыі» — расповед пра непарыўнасць нацыянальных традыцый мастацкай апрацоўкі дрэва. Масток паміж традыцыяй і сучаснасцю пабудаваны пры дапамозе сумеснага экспанавання драўляных скульптур вядомага інсітнага разьбяра з Івянца Апалінарыя Фларыянавіча Пупко (1893-1984) і твораў маладых аўтараў, якія атрымоўваюць прафесійную адукацыю, — навучэнцаў Мінскага мастацкага каледжа імя Глебава.
Глядач убачыць і інтэрпрэтацыю традыцый беларускага разьбярства і эксперыменты маладых творцаў: гэта рэльефы, круглая пластыка, цацкі з дрэва.
Акрамя гэтага на выставе можна будзе пабачыць унікальную калекцыю фотаздымкаў — плён фатаграфічнага «семінару» ў Івянцы 1984 года, які быў зладжаны ўдзельнікамі фотаклуба Мінскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.
На мастацкіх здымках аўтарства Сяргея Глоба можна пабачыць і Апалінарыя Пупко ў апошні год яго жыцця, і яшчэ аднаго івянецкага разьбяра Вітольда Паплаўскага (1916-1990), і саміх фатографаў.
Выстава працуе па 12 кастрычніка.
Квіткі — 3 рублі поўны, 1 рубель ільготны.