У пятніцу і суботу, 26 і 27 чэрвеня, у Вільні ў межах Тыдня супраць катаванняў адбудзецца выстава «Кошт нязгоды: дакументальнае сведчанне наступстваў палітычных рэпрэсій у Беларусі».
У аснове праекта — фотаздымкі беларускіх палітычных зняволеных да арышту і пасля вызвалення.
Паміж фатаграфіямі хаваюцца доўгія месяцы турмы, этапы, СІЗА, ізаляцыя, ціск, страта здароўя і частка жыцця, якую немагчыма вярнуць.
Выстава дэманструе наступствы палітычных рэпрэсій не праз сухія лічбы статыстыкі, а праз досвед рэальных людзей.
Усе героі былі асуджаныя па палітычных матывах — за ўдзел у пратэстах, грамадзянскую пазіцыю, журналісцкую працу, падтрымку дэмакратычных пераменаў або публічную нязгоду з дзеяннямі ўлады.
Для многіх зняволенне стала не толькі стратай свабоды, але і разбурэннем звыклага жыцця, а многія з іх спраўляюцца з наступствамі перажытага да гэтага часу.
Выстава праходзіць у рамках агульнай праграмы Музея акупацый і барацьбы за свабоду. Для наведвання неабходна набыць уваходны квіток у музей. Апроч выставы, наведвальнікі змогуць азнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй музея.