У рамках чарады мерапрыемстваў да 35-годдзя з адкрыцця ў г.п. Лоеве Музея бітвы за Днепр, тады яшчэ філіяла Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, наш музей ладзіць чарговы дакументальны экспазіцыйны праект — “Лоеўскі ізкор”.
Назва выставы “Лоеўскі ізкор” (ізкор — габрэйская памінальная малітва) дапоўненая слоганам “Чалавечая годнасць, роўнасць і справядлівасць”, бо сам праект прымеркаваны да Міжнароднага дня памяці ахвяр Шаа (Халакосту), які штогод адзначаецца 27 студзеня па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый як даніна павагі трагедыі габрэйскага народа ў Другой сусветнай вайне. І нездарма было прынятае рашэнне ў нашым ваенным музеі — насамрэч, антываенным музеі з ваеннай экспазіцыяй, — правесці выставу, якае мае асвятліць старонкі колішняга мультыэтнічнага жыцця Лоева.
Габрэйскія старонкі гісторыі Лоева і яго трагедыя мае быць паказаная на выставе “Лоеўскі ізкор. Чалавечая годнасць, роўнасць і справядлівасць”. Для яе дээкспанавання былі сабраныя дакументы з фондаў музея — дакументы габрэяў-франтавікоў і партызанаў, якія мужна змагаліся за родную краіну і дакументы (лічбавыя копіі) Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Лоеўскага раёна, якія былі запісаныя і сабраныя ў некалькі тамоў адразу па вызваленні раёна ў 1944 годзе.
Таксама можна будзе паслухаць успаміны саміх лаяцоў пра ваеннае і даваеннае жыццё, пра адраджэнне роднага краю пасля вайны і пра габрэйскі Лоеў, запісаныя супрацоўнікамі музея ў экспедыцыях па Лоеве і Лоеўскім раёне.
На адкрыцці выставы можна будзе паглядзець фільм “Да світання. Штэфан Цвайг у Амерыцы” (2016). Кінастужка прысвечаная выбітнаму пісьменніку мінулага стагоддзя, які праз сваё габрэйскае паходжанне і прынцыповую паціфісцкую пазіцыю вымушаны быў эміграваць з роднай Аўстрыі, акупаванай у той час нацысцкай Нямеччынай.
Выстава экспануецца ў рамках рэалізацыі праекта Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны і працягне сваю работу да канца лютага.
Уваход на адкрыццё выставы з кінапраглядам — ВОЛЬНЫ.
Час экспанавання выставы: 26 студзеня – 1 сакавіка 2020.
Час адкрыцця выставы і дэманстрацыі кінастужкі: 26 студзеня 2020, 16/00.
Месца правядзення: Музей бітвы за Днепр.
Рэжым работы музея: аўт.–нд., 9/00–18/00.
Даведачная інфармацыя па тэл.: +375–2347–40673.
Больш інфармацыі пра работу музея і кантакты на нашым сайце http://loyev.museum.by/