Выстава мастацкіх работ Генадзя Чыстага “Яблычны рай”

28.08.2018 18:00 - 18:00 Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а) Уваход вольны

Імгненна праскочыла лета… І вось ужо на двары жнівень, які гэтым разам прынёс беларусам багатыя дары. У Беларусі шануюць яблыні за іх уменне не згінацца пад ветрам, вытрымліваць вясновыя халады ў пару цвіцення і за вялікі, духмяны, сакавіты ўраджай. А мастак Генадзь Чысты лічыць, што “яблык – вечны, што з яго ўсё і пачалося на гэтым свеце”…

Генадзь Рыгоравіч Чысты – член Беларускага саюза мастакоў, вядучы мастак Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Ён нарадзіўся ў Мінску 5 красавіка 1947 года, скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1968 годзе. Г.Р.Чысты стварыў экспазіцыі Музея-сядзібы Францішка Багушэвіча “Кушляны”, Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, Дома-музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, музея-запаведніка Янкі Купалы “Вязынка”, ажыццявіў больш за сто выставачных праектаў.

З павагай ставіцца Генадзь Рыгоравіч да творчасці Максіма Багдановіча. Мастак ствараў экспазіцыі ў мемарыяльным Доме-музеі Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі, у музеі паэта “Фальварак Ракуцёўшчына”. У актыве Генадзя Рыгоравіча грунтоўныя выставачныя праекты Літаратурнага музея Максіма Багдановіча – “Максімаў сад”, да 100-годдзя казкі М.Багдановіча “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык”, “Дзень гімназіста”, “Застаецца Памяць…”, прысвечаная Н.Б.Ватацы.

У выставачным праекце “Яблычны рай” Генадзь Чысты раскрываецца, як таленавіты жывапісец. Ён працуе ў розных жанрах – партрэт, нацюрморт, пейзаж, у розных тэхніках – акварэль, пастэль. Ёсць у мастака любімы галоўны “герой” – гэта той самы яблык, на дрэве і ў кошыку, на стале і на траве, побач з кветкамі ці жбанкамі…

Яблык, з якога ўсё і пачалося…

 

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца

28 жніўня 2018 года а 18-й гадзіне

 

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

тэл.: (017) 334 07 61, (017) 334 42 69

maksimbagdanovich@gmail.com


Вам можа быць цікава

Выстава «Шчаслівы той, хто, як Уліс...» у Віцебску

03.06.2025 11:00 - 07.09.2025 18:00 арт-цэнтр Марка Шагала (вул. Савецкая, 25)

Фотавыстава Сяргея Тарасюка «Мая душа ў пейзажы» ў Гродне

20.06.2025 17:30 - 07.07.2025 19:00 КЦ «Фестывальны» (вул. Тэльмана, 4)

Свята «З народзінамі, Марк!» у Віцебску

07.07.2025 (17:00 - 19:00) дом-музей Марка Шагала (вул. Пакроўская, 11)

Спектакль «Па што ідзеш, воўча?» ў Авіньёне

15.07.2025 (20:30 - 22:00) Le Rouge Gorge (Place de la Mirande)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ