«Юльян Тувім у беларускіх акулярах». Лекцыя ад Андрэя Хадановіча

30.09.2024 16:00 - 19:00 Прастора польскай культуры Бясплатнае

У Сусветны дзень перакладчыка ў межах цыклу «Санаторый пад клепсідрай» паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч прачытае лекцыю «Юльян Тувім у беларускіх акулярах».


Дата: 30 верасня

Час: 16:00BY/15:00PL

Месца: Прастора польскай культуры 

13 верасня 2024 г. споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння геніяльнага польскага аўтара — добрая нагода паразмаўляць пра яго паэтычныя адкрыцці і літаратурныя іпастасі, а таксама пра беларускія версіі яго твораў. Вось некаторыя з пытанняў, пра якія пойдзе размова.

  • Амплітуда геніяльнасці: ад хуліганскіх правакацый да глыбокай лірыкі.

  • «Адгадваць рыфмы строга забаронена»: скамандрыт-скандаліст і кавярня «Пад пікадорам».
    Паэт у жанрах масавай культуры: скетчы для кабарэ, гумарэскі, эстрадныя шлягеры.

  • «ПрадСТАФіць профіль чалавека»: літаратурны радавод і паэтычнае наватарства Тувіма. Стылістычныя і лінгвістычныя адкрыцці творцы.

  • «Катора гадзіна, пане гаўнавозе?»: палітычная сатыра і паэтычны гратэск у «Балі ў оперы».
    «Акуляры на ўласным носе»: паэтыка дзіцячых вершаў Тувіма.

  • «Мы, польскія габрэі»: пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці. «Грамадзянін польскай мовы».

  • «Праз Атлантыку ўспамінаў»: эмігрант часоў другой сусветнай і паэма «Польскія кветкі».

  • Тувім-тэарэтык і практык паэтычнага перакладу. «Чатырохрадкоўе ў працы» як іранічны маніфест перакладчыка.

  • Польскі класік па-беларуску. Васіль Сёмуха як перастваральнік і інтэрпрэтатар Тувіма.

***

Юльян Тувім (1894-1953) — знакаміты польскі паэт і перакладчык. Нарадзіўся ў Лодзі ў польскай габрэйскай сям’і. Вывучаў права і філасофію ў Варшаўскім універсітэце, але курсу не скончыў, цалкам аддаўшыся творчасці. У 1918 годзе выйшаў першы зборнік паэзіі «Czyhanie na Boga», праз два гады «Sokrates tańczący» і яшчэ праз два — «Siódma jesień». Актыўна выкарыстоўваў у сваёй паэзіі гутарковую мову. Для ранніх вершаў уласцівы аптымізм, што паступова замяняецца горкім светабачаннем. Паэма «Баль у оперы», якая сатырычна выяўляла рэжым часоў санацыі, была забароненая цэнзурай. Ю.Тувім — адзін з заснавальнікаў эксперыментальнай літаратурнай групы «Скамандр» (1919). З 1924 вёў штодзённую калонку ў газеце «Wiadomości Literackie». У перадваенныя і ваенныя гады рэзка крытыкаваў фашызм. У эміграцыі, у Бразіліі і ЗША, працаваў над паэмай «Польскія кветкі», што засталася няскончанай. Пасля другой сусветнай вярнуўся на радзіму. Выпусціў анталогію польскай паэзіі, зборнік сатырычных твораў «Piórem i piórkiem», шмат перакладаў. Шырока вядомы сваімі дзіцячымі вершамі.


Вам можа быць цікава

Выстава Юдэля Пэна «Віцебскі альбом» у Магілёве

31.01.2025 16:00 - 30.03.2025 18:00 выставачная зала музея гісторыі Магілёва (вул. Болдзіна, 1)

Выстава Міхаіла Ляўковіча «Зачараванне плюс» у Віцебску

12.02.2025 17:00 - 30.03.2025 18:00 мастацкі музей (вул. Леніна, 32)

Рэтраспектыва фільмаў-лаўрэатаў прэміі «Оскар» у Мінску

22.02.2025 19:30 - 29.03.2025 21:30 Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3)

Выстава «Ніна Бохан. Уратаваныя краскі» ў Заслаўі

06.03.2025 15:00 - 30.03.2025 18:00 Музейна-выставачны комплекс (вул. Рынкавая, д. 4)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ