У Радашковічах аднавілі два надмагіллі забытага паэта-паўстанца

Творца з роду візантыйскіх імператараў знайшоў свой апошні прытулак на Беларусі, побач з сябрам і паплечнікам Каліноўскага, піша «Наша Ніва».

Viartannie častak nadmahillia Juryja Liaskarysa na ich histaryčnaje miesca
Вяртанне частак надмагілля Юрыя Ляскарыса на іх гістарычнае месца. Фота: сацыяльныя сеткі

На магіле паэта і публіцыста Юрыя Ляскарыса доўгі час ляжаў паваленым помнік, перакуліць які можна было толькі прыклаўшы значную фізічную сілу. І нават гэтыя камяні не заўсёды былі бачныя, бо зарасталі бур’яном.

Нікому да яго не было справы: чалавек Ляскарыс нетутэйшы, паходжання заморскага.

Час збіраць надмагільныя камяні ў Радашковічах надышоў толькі цяпер. Група энтузіястаў пры актыўным удзеле групы мясцовых парафіян прывяла ў парадак старыя пахаванні на могілках.

Jak vyhliadala mahila Liaskarysaŭ raniej
Як выглядала магіла Ляскарысаў раней. Фота: yozas-gubka.livejournal.com

Pavalienaje nadmahillie Liaskarysaŭ
Паваленае надмагілле Ляскарысаў. Фота: суполка «Zapomniany Cmentarz»

Аднавіць магілу Ежы Ляскарыса хацелі даўно, але ўзнікалі цяжкасці з пад’ёмам помніка, які важыць каля 700 кг. Цяпер талакою, змайстраваўшы неабходныя прыстасаванні, фрагменты помніка пастаўленыя на сваё месца.

Але выявілася, што ў Ляскарысаў, Юрыя і ягонай жонкі Антаніны з Забелаў адразу два помнікі. Першы, больш сціплы, зроблены з паловы валуна з выразанай на ім эпітафіяй, відаць, старэйшы, яго паставілі неўзабаве пасля смерці сужэнцаў у 1888 годзе. Другі — высокі, архітэктурны, выкананы з немясцовага чорнага каменю, відаць, быў пастаўлены пазней, можа, у пачатку XX стагоддзя. Выраблены ён быў Мінску ў майстэрні Грудона, пра што сведчыць кляймо майстра на помніку. Надмагіллі працы Грудона сустракаюцца таксама на сталічных Кальварыйскіх і Вайсковых могілках.

Novaje i staroje nadmahilli Liaskarysaŭ u Radaškovičach
Новае і старое надмагіллі Ляскарысаў у Радашковічах. Фота: Фота: сацыяльныя сеткі

Хто такі Ляскарыс?

Юры, або Ежы, Ляскарыс нарадзіўся на Віленшчыне ў 1828 годзе. Ён паходзіў з роду, якія прыбыў на гэтыя землі з Італіі, а туды з самой Візантыі.

Род Ляскарысаў належаў да найбольш значных у позняй Візантыйскай імперыі, з яго выйшла некалькі імператараў Нікейскай імперыі, найбольш значнага аскепка Візантыі. Пасля падзення Канстанцінопаля некаторыя прадстаўнікі роду збеглі ў Італію. Цікава, што і бацька, і дзед Ежы, генерал войска літоўскага, насілі імя Тэадор, гэтак жа як і два нікейскія імператары з гэтага роду.

Partret Juryja Liaskarysa
Партрэт Юрыя Ляскарыса з «Tygodnik Ilustrowany», 1888 г.

Юры Ляскарыс вучыўся ў Віленскім шляхецкім інстытуце, дзе пасябраваў з Зыгмунтам Чаховічам, будучым паплечнікам Кастуся Каліноўскага. Пасля вучыўся літаратуры ў Пецярбургу.

Па вяртанні ў Вільню супрацоўнічаў з рознымі выданнямі, у тым ліку з папулярным часопісам «Tygodnik ilustrowany», і кантактаваў з Сыракомлем, Андрыёлі ды Манюшкам.

У час вызвольнага паўстання 1863 года далучыўся да Зыгмунта Серакоўскага ў ягоным паходзе ў Курляндыю. Пасля здушэння паўстання быў вымушаны бегчы ў Францыю. У Парыжы працягваў займацца літаратурнай дзейнасцю, напісаў нарыс «Паход Серакоўскага на Курляндыю ў 1863 годзе».

Яшчэ ў эміграцыі ажаніўся з Антанінай з Забелаў, з якой меў чацвёра дзяцей.

У 1872 годзе Ляскарыс перабраўся ў Варшаву, пасля — у Бабруйск. Нарэшце, відаць, па прапанове свайго сябра Зыгмунта Чаховіча, які ў 1870 годзе напаўлегальна вярнуўся ў Беларусь пасля катаргі на руднях, пасяліўся ў Даўбарове пад Радашковічамі.

Свайму сябру Ляскарыс прысвяціў верш:

«Люблю, Зыгмунце, твае ўсе шалы,
Бо й сам шалеў і шалею!
І ў маім сэрцы пачуцці гралі,
Свяцілі ясна надзеі.

Надзея, вера ўзнімалі дух мой
У вечным з цемрай змаганні,
Калі ноч навокал, і ўсё ў ёй глухне,
Я ў золаце бачыў ранне.

І калі іншыя ў кнізе лёсаў
Чыталі прысуд нядолі,
Я звычай продкаў над ім узносіў —
Грудзьмі падаў шчыра ў поле; ...»

Tytuĺny arkuš knihi «Pamiątki starego szlachcica»
Тытульны аркуш кнігі «Pamiątki starego szlachcica», напісанай Юр’ем Ляскарысам у 1883 годзе, у «радашковіцкі» перыяд творчасці. Фота: onebid.pl

«Бацян Віленскі», як сябе падпісваў Ляскарыс, і на новым месцы займаўся літаратурнай дзейнасцю, дасылаючы свае творы ў варшаўскія выданні.

Памёр паэт 21 чэрвеня 1888 года, трохі больш як праз месяц следам за ім пайшла і жонка Антаніна. На іх магіле на радашковіцкіх могілках паставілі супольны помнік, пасля — яшчэ адзін, больш грунтоўны.

Па смерці рукапісны архіў захоўваўся ў Бясядах Зыгмунта Чаховіча. Вядома, што ў Бясядах Іван Луцэвіч, будучы беларускі класік Янка Купала, карыстаўся багатай бібліятэкай Чаховіча і ўпершыню пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай, пераважна пра паўстанне 1863–1864 гадоў. Гэта знаёмства было штуршком для развіцця нацыянальнай самасвядомасці ў маладога чалавека, абудзіла яго цікавасць да мінулага Беларусі. Як знаць, можа, сярод тых твораў былі і творы Ляскарыса.

Сам Зыгмунт Чаховіч быў пахаваны на тых жа могілках. Прыгожы надмагільны помнік са скульптурай Дзевы Марыі, пастаўлены над магілай ягонай жонкі Анэлі, размешчаны адразу за магілай Ляскарысаў. Але надмагілле самога Зыгмунта дагэтуль адшукаць не ўдалося. Не выключана, што яно было знішчана.

Талакой ці паасобку

Энтузіясты, якія прывялі ў парадак пахаванні на могілках у Радашковічах, за апошні год таксама спрычыніліся да аднаўлення гістарычных пахаванняў у Грэбені, на Серафінавай гары, Узлянах, Дудзічах і іншых мясцінах.

Прывядзенне ў парадак старых пахаванняў можа прынесці яшчэ шмат цікавых адкрыццяў і вярнуць забытыя імёны. Гэта пасільная праца, з якой можа справіцца ў пэўнай ступені кожны: прыбраць смецце і бур’ян, ачысціць надмагілле ад зямлі і бруду, калі ёсць магчымасць, то таксама абвесці літары. З перасоўваннем цяжкіх камянёў больш складана, але талакою ўсё магчыма.