Адкрыццё выставы “Знакі творчай волі”

19.12.2019 17:00 - 18:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20) Бясплатнае

19 снежня 2019 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё маштабнага выставачнага праекта Знакі творчай волі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Зоі Васільеўны Літвінавай (нар. 1938).

“Знакі творчай волі” ў Мастацкім – фінальны і, мабыць, самы важны акорд майстра ў выставачнай сюіце, што гучыць на працягу ўсяго года. Гледачы ўжо змаглі пазнаёміцца з некаторымі гранямі творчасці Зоі Літвінавай – яе акварэлі і малюнкі экспанаваліся на некалькіх арт-пляцоўках Мінска.

У чатырох залах Нацыянальнага мастацкага музея будзе прадстаўлена больш за сто жывапісных, графічных і акварэльных твораў з калекцыі музея і збору мастачкі, выкананых ёю пераважна за апошнія сорак гадоў. Экспазіцыю складуць як вядомыя хрэстаматыйныя палотны майстра, так і творы, якія ніколі раней не дэманстраваліся шырокай публіцы.

Зоя Літвінава прыйшла ў мастацтва ў перыяд росквіту “суровага стылю”. Яна прарабіла даволі доўгі, але неверагодна цікавы і насычаны шлях да той “Літвінавай”, якую сёння ведаюць і любяць не толькі ў Беларусі, але далёка за яе межамі. Спачатку яна акумуліравала ва ўласнай творчасці многія тэндэнцыі савецкага мастацтва 60-х–70-х гадоў. Пры гэтым ёй удавалася быць нібы па-за напрамкам афіцыйных запытаў. Невыпадкова ў канцы 80-х Літвінава ўвайшла ў склад знакамітага творчага аб’яднання “Няміга'17”. Вытокі асаблівасцей творчага метаду Зоі Літвінавай шмат у чым можна звязаць з атрыманай ёю акадэмічнай адукацыяй, а таксама з засваеннем і пераасэнсаваннем мастацкіх практык Еўропы і Расіі першай паловы і сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Галоўнае ў яе творах – гэта пошук сябе, пошук колеру і пластыкі, кампазіцыі і прасторы. І жывапіс, і малюнак для майстра абсалютна непадзельныя, паколькі ўяўляюць сабой адзіны працэс фарміравання мастацкага вобраза. Пры гэтым, вынаходзячы ўласны свет форм, сімвалаў і знакаў, Літвінава ніколі да канца не парывала з натурай. Яна не раз падкрэслівала, што ў яе работ няма літаратурнага сюжэту, кожны павінен разгадаць таямніцу самастойна, асабіста для сябе.

Неад’емным элементам жывапісу Зоі Літвінавай стала золата. Прыклады мастакоў, якія ўжывалі ў творчасці дадзены матэрыял, у гісторыі мастацтваў можна знайсці нямала. У гэтым сэнсе Літвінава не з’яўляецца першаадкрывальніцай. Але тое, як яна гэта робіць і якое значэнне надае золату ва ўласных творах, – заслугоўвае ўвагі. Па-майстэрску ўключанае ў жывапісную канву палатна золата надае аўтарскім выявам дзіўнае, асаблівае гучанне. Бо па словах самой Зоі Літвінавай, галоўнае ў мастацтве – выраз ідэі і духоўнасці.

З аднаго боку, праект “Знакі творчай волі” можна назваць своеасаблівым падвядзеннем вынікаў мастацкай дзейнасці Зоі Літвінавай. У ім яна дэманструе максімальную відавую, жанравую і тэматычную поліфанію – “зрэз” усяго таго, што было ёю знойдзена, адкрыта і створана за шмат гадоў працы ў галіне станковага мастацтва. Але ў той жа час Зоя Літвінава – мастачка, якая і сёння працягвае плённа працаваць і сцвярджаць уласныя знакі творчай волі ў мастацтве. Таму пра які-небудзь фінал дзейнасці гэтага чалавека рэдкай сілы духу казаць рана. Зою Літвінаву заўсёды адрознівала і працягвае вылучаць высокая ўнутраная культура – і ў творчасці, і ў чалавечых адносінах. Яе мастацтва нясе на сабе адбітак моцнай творчай волі, а лепшыя творы працягваюць станавіцца сапраўднай актуальнай класікай беларускай культуры.

Праект “Знакі творчай волі” Зоі Літвінавай будзе працаваць да 19 студзеня 2020 года.


Вам можа быць цікава

Выстава «Архіў. Прастора паміж...» ў Мінску

04.09.2025 18:00 - 23.11.2025 20:00 Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3)

NAVIBAND у Катавіцах

28.09.2025 (20:00 - 22:00) Piąty Dom (Jana Matejki 2)

NAVIBAND у Беластоку

17.10.2025 (20:00 - 22:00) 6-Ścian PUB (Warszawska 34)

«Петля Пристрастия» ў Рызе

26.10.2025 (20:00 - 22:00) Laska V21 (Vagonu iela 21)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ