У Мінску прэзентавалі перавыданне «Колера Беларусі» Міхала Анемпадыстава

У сталічнай прасторы «Корпус» 12 ліпеня прайшла прэзентацыя другога перавыдання дызайнерскага альбома «Колер Беларусі».

Гэта кніга стала апошняй вялікай працай выбітнага дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава. Грошы на перавыданне сабралі на народныя грошы з дапамогай платформы Ulej.by.

З нагоды прэзентацыі прайшла вечарына «Чуць. Бачыць. Разумець» з удзелам актор Рамана Падаляка і музыкі Змітра Лук’янчыка.

«Беларусь — адна з нешматлікіх краін, у назве якой прысутнічае колер. Спроб нейкім чынам гэтую прысутнасць патлумачыць рабілася шмат і здаўна. Частка гэтых тлумачэнняў, нягледзячы на іх спрэчнасць, прыжылася ў нашай калектыўнай свядомасці, зрабілася складнікам нацыянальнага міфа», — пісаў Міхал Анемпадыстаў, а на прэзентацыі зачытваў Раман Падаляка. Актор закрануў усе часткі альбому: «Белы», «Чорны», «Чырвоны», «Сіні. Блакітны», «Шэры», «Залаты. Жоўты», «Зялёны». Кожны колер паўстае як прадукт культуры, для якога на пэўным этапе гісторыі з’яўляецца адпаведная назва.

Пасля атмасфернай прэзентацыі выступала адна з ініцыятарак кампаніі — каардынатарка Лятучага ўніверсітэту Таццяна Вадалажская.

Таццяна Вадалажская

«Я вельмі рада, што мы змаглі зноў пагартаць гэтую кнігу, паслухаць яе, паглядзець, пачуць, адчуць тое, што ў нас у саміх адгукаецца, калі мы глядзім на гэтыя вобразы, калі чуем гэтыя словы, калі мы думаем пра культуру, сваю краіну і Міхала Анемпадыстава», — распачала сваю прамову арганізатарка кампаніі па перавыданню альбома.Жанчына нагадала, што такая мажлівасць адбылася, дзякуючы краўдфандынгавай платформе Ulej. Да кампаніі далучылася 365 чалавек. У выніку атрымалася выдаць наклад у 1700 асобнікаў.

 Ева Ліпніцкая

Адзінаццацігадовая Ева Ліпніцкая выдатна прачытала верш Міхала «Сустрэліся мы на дарозе» і заспявала народную песню «На Граной нядзелі русалкі сядзелі».Паэт і мастак Павел Дарохін прачытаў некалькі вершаў Анемпадыстава.

Павел Дарохін

 «Колер Беларусі» — захапляльнае падарожжа ў Беларусь праз гісторыю і сучаснасць колераў. Гэта адна з першых спробаў прадставіць беларускую мінуўшчыну і сучаснасць праз яе колеры і адценні, прыродныя структуры, народжаныя пад уздзеяннямі трох стыхій. Альбом можна набыць у кнігарні «Логвінаў».

Павел Аксіновіч, Новы Час