Пісьменніца і публіцыстка Ганна Златкоўская разважае пра тое, як дзяржава працягвае ціснуць на беларусаў, якія вымушана з’ехалі з краіны, ствараючы ім праблемы: зняць аўтамабіль з рэгістрацыі ў Беларусі немагчыма (нават, калі аўтамабіля ўжо даўно няма, як у выпадку Ганны), здаць у арэнду кватэру, калі ты экстрэміст, немагчыма, выпісацца з кватэры таксама немагчыма... «Але аднойчы і гэта скончыцца», — не губляе аптымізму Ганна.
Ганна Златкоўская
Рэжым выгнаў нас з краіны. Прапагандысты пастаянна ўлюлюкаюць услед, называючы беглымі, злараднічаюць з-за складанасцяў, з якімі даводзіцца сутыкацца ў эміграцыі. Здавалася б, што гэта канчатковы разрыў з Беларуссю, якая застанецца ў сэрцы толькі цёплымі ўспамінамі пра дзіцячы двор, дзе гулялі ў хованкі, пра першы пацалунак і шчаслівыя маршы на вуліцах Мінска. Але не.
У сістэмы свае правілы, і нават на адлегласці яна будзе душыць цябе сваімі сінімі лапамі. Ёй трэба, каб ты пакутаваў, быў вінаваты і працягваў плаціць падаткі.
Так, дзяржава патрабуе з нас плаціць падатак за машыну, якой даўно няма. Старэнькі «нісан» памёр яшчэ ў 2021-м, у двары на вуліцы Дзуку ў Вільні, куды муж прыехаў з рэчамі і коткамі, каб застацца са мной і сынам назаўжды. Містычнае супадзенне: аўтамабіль роўненька давёз па патрэбным адрасе і больш ужо не завёўся. Мы здалі яго на металалом. Ад машыны застаўся толькі нумар, на ўсялякі выпадак.
Спробы зняць аўто з уліку завялі ў тупік. Анлайн гэта зрабіць нельга, толькі асабіста, прыехаўшы ў ДАІ. Як вы разумееце, ехаць у ДАІ ў Беларусь само па сабе гучыць як блюзнерства, улічваючы ўсе палітычныя нюансы. Той факт, што машына выехала за мяжу і больш назад не вярталася, дзяржавай таксама не ўлічваецца. Плаці — і ўсё тут. Гэтыя плацяжы мы ігнаруем. З прынцыпу. Доўг гасяць бацькі мужа, але гэта выключна іх рашэнне, мы пра гэта не прасілі.
Мы змірыліся, што на радзіме будзе расці абсурдны доўг і з гэтым мы нічога зрабіць не можам. Хаця па сутнасці, калі не браць пад увагу нашую палітычную складаную сітуацыю, ну павінна ж быць у чалавека магчымасць зняць машыну з уліку на адлегласці. Але гэта штосьці пра дзяржаву здаровага чалавека.
Крыніца: svaboda.org
Ці вось мой сябар, таксама эмігрант. На радзіме ён стаў лічыцца дармаедам. Таму камунальныя плацяжы ў яго кватэры непамерна вялікія. А здаць кватэру кватарантам яму не даюць сілавікі — яны проста кашмараць тых, хто там жыве. Як аплачваць камуналку з-за мяжы — незразумела. Чаму чалавек, які не жыве ў краіне, лічыцца дармаедам — таксама.
Просто такі здзек рэжыму, які з аднаго боку і рад, што ты пакінуў яго пенаты, але з другога — працягвае трымаць на доўгім павадку, каб не расслабляўся.
Цяпер у нашай сям’і яшчэ адна праблема. Трэба выпісацца з мамінай кватэры, бо яна праз нас плаціць вялікія камунальныя плацяжы. Каб гэта зрабіць, прыйшлося звярнуцца ў суд. Зразумела, што ў кватэры прапісана дзіця і дзяржава (ха-ха) моцна непакоіцца пра тое, дзе ж беднаму дзіцяці жыць. Факт, што не жыве ў Мінску ўжо шэсць гадоў, што прапісаны ў іншай краіне, яшчэ трэба давесці. Тут можна апусціць дэталі, што, каб яго бацькі былі ў Беларусі, то яны былі б прапісаныя ў калоніях, а сын у інтэрнаце. Такое, на жаль, адбываецца, і пакуты дзяцей аніякія суддзі чамусьці не ўлічваюць. Іх не хвалююць разбураныя лёсы тысяч дарослых і дзяцей, але, калі гаворка ідзе пра маленькае бюракратычнае дзеянне — о, тут працуе цэлая машына, задача якой — ускладніць жыццё кожнаму яшчэ больш, кіруючыся нібыта клопатам і законам.
Мама, увогуле, вымушана даводзіць у судзе, што яе дачка і ўнук не супраць выпіскі, бо жывуць у Літве і вяртацца яны не плануюць. Нават калі плануюць, гэты дзень шчасця невядомы, а плаціць шалёныя грошы за паслугі ўсё ж такі складана ўжо цяпер.
Чым скончыцца суд, я пакуль не ведаю. Спадзяюся (насуперак), что суддзя пойдзе насустрач маёй маці, разумеючы, што яе пенсіі хапае фактычна толькі на прадукты. Але... Паглядзім. Бо да экстремістаў у іх асаблівае стаўленне.
Дзіўна назіраць гульні сістэмы з беларусамі, якіх яна выгнала з краіны, але ўсё адно жадае трымаць на прывязі, ствараючы велізарную колькасць праблем. Нібыта ім усё яшчэ страшна, што мы жывём добра і па рэжыме не сумуем. А трэба, ведаеце, нагадваць, што мы насамрэч страцілі. А страцілі мы толькі ланцугі, якімі нас усё яшчэ спрабуюць стрымліваць.
Ім так крыўдна, што беларусы хочуць і могуць жыць лепш. І ў нас гэта цудоўна атрымліваецца. Засталося толькі пазбавіцца ад дзяржавы, якая вельмі хоча, каб ты пакутаваў, але пры гэтым лічыўся здраднікам. Парадокс, які яны самі сабе стварылі, даказваючы кожны дзень, наколькі яны насамрэч слабыя і не здольныя ні на што, акрамя рэпрессій. Але аднойчы і гэта скончыцца. Яны ўжо прайгралі гэтую бітву, толькі пакуль самі не разумеюць асабістай страты.
Ганна Златкоўская, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org