Пра смерць вядомага беларускага скульптара Сяргея Логвіна паведамілі ягоныя сябры ў сацсетках, піша «Наша Ніва». Яму было 67 гадоў.
Сяргей Логвін. Фота: Wikimedia Commons
Сяргей Логвін нарадзіўся 28 мая 1959 года ў Мінску. У 1974–1978 гадах вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, а ў 1981–1987 гадах — у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
Сярод яго выкладчыкаў былі Аляксандр Арцімовіч, Генадзь Мурамцаў і Андрэй Анікейчык. Дыпломнай працай скульптара стаў манументальны твор, прысвечаны ваеннапалонным, расстраляным у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Пасля заканчэння інстытута Логвін працаваў выкладчыкам на кафедрах малюнка, жывапісу і скульптуры. Ён таксама ўзначальваў скульптурную секцыю Беларускага саюза мастакоў. У мастацкіх выставах удзельнічаў з 1985 года.
Логвін працаваў у жанрах манументальнай, станковай і мемарыяльнай скульптуры. Асноўныя матэрыялы, якія ён выкарыстоўваў, — граніт і бронза. Сярод яго вядомых работ — помнік падпольшчыкам, дэкаратыўныя дзверы Чырвонага касцёла ў Мінску, кампазіцыі «Еўропа», «Ева», «Партрэт сябра», «Песня», «Адам і Ева», «Страшны суд», а таксама рэльеф «Папараць-кветка» для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Скульптар стварыў таксама помнікі на брацкіх магілах у Ганцавічах і Аранчыцах Пружанскага раёна. У Слоніме Логвін разам з Іванам Міско і Уладзімірам Піпіным працаваў над помнікам вялікаму гетману ВКЛ Льву Сапегу.
Сяргей Логвін быў лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.