Дарога цішыні: 40 кіламетраў праз лес, Іслач і забытыя вёскі

Калі хочацца з’ехаць з гораду і адпачыць ад мітусні, знікнуць на некалькі дзён — у Беларусі ёсць адмысловы маршрут. Ён называецца «Дарога цішыні» і праходзіць прыкладна за 50 кіламетраў ад Мінска — паміж Івянцом і Ракавам.

01-krajavid.jpg
Краявід на Дарозе падчас шпацыру. Фота: silent-way.by

Маршрут быў створаны ў 2020 годзе і прамаркіраваны, але яго стваральнікі падкрэсліваюць, што ён працягвае развівацца. Дарога цішыні — не адзін суцэльны маршрут, а дзве сцежкі — Паўночная і Паўднёвая. Паўднёвая ідзе пераважна праз вёскі і адкрытыя краявіды, а Паўночная — амаль увесь час праз лес і ўздоўж Іслачы.
Па ўсёй «Дарозе» ўсталяваныя дзесяць адмысловых домікаў са штампамі — пяць на Паўночнай сцежцы і пяць на Паўднёвай.

02-sylda.jpgІнфармацыйная шыльда. Фота: tvorenie.by

Паўночная сцежка, падаецца, найбольш адпавядае назве маршруту. Яна мае працягласць каля 40 кіламетраў. Прайсці яе можна за два-тры дні — у залежнасці ад тэмпу і таго, дзе вы захочаце спыняцца.

Сцежка пачынаецца ў Івянцы, каля сабора Святой Ефрасінні. Гэта мураваны праваслаўны храм 1996 года пабудовы, які знаходзіцца ў цэнтры мястэчка. Ад царквы мы пакідаем мястэчка і рухаемся ў бок лесу.

03-sabor.jpgСабор Святой Ефрасінні. Фота: bel.wikipedia.org

Першыя кіламетры праходзяць праз лясныя масівы, дзе можна пабачыць курганы XI–XIII стагоддзяў і мемарыял ахвярам габрэйскага гета.

04-hieta.jpgМемарыял ахвярам гета пад Івянцом. Фота: ecoidea.me

Адразу пасля гэтага пачынаецца тое, дзеля чаго сюды, бадай, і варта прыходзіць: доўгія лясныя ўчасткі, дзе чалавечая прысутнасць адчуваецца ўсё менш. Праз нейкі час гарадскі шум ужо немагчыма ўявіць: спевы птушак, вецер у дрэвах і лясны цень. Гэта выдатны маршрут, які дае магчымасць адпачыць і пабыць сам-насам з прыродай.

Краявіды падчас шпацыру. Фота: silent-way.by, ecoidea.me

Першы вялікі адрэзак вядзе ад Івянца праз лес у бок Падневічаў — маляўнічай вёскі з прыгожай капліцай роду Жаброўскіх і магілай беларускага класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча на могілках колішняга фальварку Тупальшчына.

 08-kaplica.jpg

09-pomnik.jpg
Капліца Жаброўскіх і магіла Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Фота: bel.wikipedia.org

Па дарозе сустракаюцца месцы для адпачынку, у тым ліку абсталяваныя вогнішчы, а каля ракі Івенчык можна спыніцца з намётам.

10-iviencyk.jpg
 Рака Івенчык. Фота: komoot.com

Пасля Падневічаў маршрут працягваецца ў бок Галімцаў. Тут пачынаецца яшчэ больш адасоблены адрэзак, які вядзе да Іслачы.

Іслач увогуле становіцца адным з галоўных герояў Паўночнай сцежкі. Рака ўвесь час то набліжаецца да маршруту, то аддаляецца. Яе берагі месцамі стромкія, пакручастыя і вельмі лясістыя. У нейкі момант можа ўзнікнуць адчуванне, што ты ўжо не ў цэнтральнай Беларусі, а дзесьці значна далей ад цывілізацыі.

11- islac.JPG Іслач. Фота: bel.wikipedia.org

«Дарога цішыні» задумвалася не толькі як спартовы маршрут. На Паўночнай сцежцы ўсталяваныя інфармацыйныя стэнды, якія расказваюць пра мясцовую прыроду. Там можна даведацца пра лішайнікі, насякомых, птушак, расліны і іншых насельнікаў лесу. Ёсьць нават аўдыягід маршруту, дзе асобныя выпускі прысвечаныя, напрыклад, вялікаму стракатаму дзятлу, крыжадзюбу-яловіку, ландышу, лішайнікам, рудому лясному мурашу і іншым відам.

12-stend.jpg12. Інфармацыйны стэнд. Фота: ecoidea.me

Дарога даслоўна вымушае не толькі назіраць, але і пільна слухаць. Можна ісці некалькі кіламетраў і знянацку заўважыць, што пачынаеш адрозніваць гукі лесу.

Паўночная сцежка не ёсць цалкам дзікім маршрутам. Раз-пораз лес расступаецца, і турыст выходзіць да невялікіх вёсак.

Адна з іх — Пярэжары. У вёсцы вельмі вузкая галоўная вуліца, дзе хаты стаяць амаль ушчыльную адна да адной. Людзям, якія прызвычаіліся да гарадской прасторы, яна можа здацца своеасаблівым калідорам з драўляных пабудоваў. На ўзбочыне вёскі на грунтовай дарозе стаіць каплічка, якой больш за 100 гадоў. Яна усталявана ў памяць пра бітву расейскага войска з часткамі напалеоўнаўскай арміі пры яе адступленні. Хоць пафарбаваны помнік у чырвоны колер, у Пярэжарах яго называюць Белым слупом.

13-kaplica.jpgКапліца ў Пярэжарах. Фота: bel.wikipedia.org

Далей — Вірлавічы, а адтуль маршрут паступова выводзіць вандроўніка да Ракава. Фінал падарожжа атрымліваецца амаль сімвалічным: пасля некалькіх дзён лесу і невялікіх вёсак зноў трапляеш у населены пункт, дзе ёсць крамы, дарогі, аўтамабілі і людзі.

Нягледзячы на працягласць у 40 кіламетраў, стваральнікі маршруту называюць Паўночную сцежку лёгкай паводле ўзроўню складанасці. Перапад вышыняў — ад 0 да 100 метраў. Сцежку можа адолець чалавек без нейкай адмысловай фізічнай падрыхтоўкі, але варта мець на ўвазе, што гэта ўсё ж не гарадскі шпацыр. Трэба быць гатовым некалькі гадзін ісці па лесе, мець з сабой ваду і ежу, адпаведны абутак, а пры планаванні начлегу — намёт і ўсё неабходнае для аўтаномнага падарожжа.

Асобная ўвага — навігацыі. Дасведчаныя ўдзельнікі маршруту адзначалі, што разметка месцамі можа быць няпоўнай і не заўсёды бачная, асабліва калі ісці ў адваротным кірунку. Таму трэк маршруту лепш загадзя загрузіць у навігатар. Афіцыйны сайт «Дарогі цішыні»  прапануе GPX і KMZ-файлы для Паўночнай і Паўднёвай сцежак.

14-daroha.jpg Лясная дарога на маршруце. Фота: ecoidea.me

Часта, плануючы падарожжы па Беларусі, шукаеш замкі, палацы, старадаўнія цэрквы ці іншыя помнікі. На «Дарозе цішыні» ўсё крыху інакш: тут няма адной вялікай славутасці, дзеля якой варта праехаць 50 кіламетраў ад Мінска. Затое ёсць 40 кіламетраў самой дарогі, красуня Іслач, лес, курганы, старыя вёскі і сцежкі, па якіх можна некалькі гадзінаў ісці, амаль нікога не сустрэўшы. І нават ёсць шанец забыцца на смартфон!

Так што гэтае падарожжа можна ўспрымаць і як невялікі паход, і як своеасаблівую гульню: знайсці ўсе штампы, прайсці маршрут цалкам, паставіць намёт ў лесе, а праз два-тры дні выйсці ў Ракаве.

18_3.jpgКраявід на маршруце. Фота: Аляксандр Бевз, Зялёны партал

Як прайсці Паўночную сцежку?

Найпрасцейшы варыянт — разбіць маршрут на два дні:

Івянец — Галімцы — каля 21 км у першы дзень.

Галімцы — Ракаў — каля 17 км у другі.

З Мінска да Івянца можна даехаць аўтамабілем або маршруткай. А з Ракава вярнуцца ў Мінск грамадскім транспартам. Перад паходам варта таксама праверыць абмежаванні на наведванне лясоў: у пажаранебяспечны перыяд доступ у некаторыя лясныя масівы можа быць забаронены.

Ю. К., Budzma.org